Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня будзе адпраўляць віншаваньня ні тэлефанаваць Ўладзіміру Зяленскаму пасьля яго інаўгурацыі 20 траўня на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны.
«Прэзыдэнт Пуцін будзе віншаваць прэзыдэнта Зяленскага зь першымі посьпехамі ў справе ўрэгуляваньня канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, а таксама з першымі посьпехамі ў справе нармалізацыі расейска-ўкраінскіх адносін», — заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў у гутарцы з журналістамі.
Пяскоў не адказаў канкрэтна на пытаньне, калі гэта можа адбыцца. «Я не павінен гэта раскрываць. Першыя посьпехі будуць відавочныя, калі яны будуць, мы з вамі іх ўбачым няўзброеным вокам», — адзначыў ён.