Гэта вынікае з адказу Міністэрства ўнутраных спраў на зварот Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў. Адказ падпісаў асабіста міністар Ігар Шуневіч, паведамляе catholic.by.
20 траўня Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў атрымала адказ ад МУС наконт аплаты паслуг па ахове рэлігійных мерапрыемстваў. З адказу вынікае, што плаціць міліцыі за гэта ня будзе патрэбы.
У лісьце ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, прадстаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэньні выканаўчых і распарадчых органаў улады.
24 студзеня Савет міністраў прыняў пастанову № 49, паводле яе за ахову масавых мерапрыемстваў міліцыяй трэба плаціць грошы. Калі ў мерапрыемстве ўдзельнічае 10 чалавек, гэта цяпер каштуе 76,5 рубля (тры базавыя), да 100 чалавек — 637,5 рубля (25 базавых), да тысячы — 3825 рублёў (150 базавых), тысяча і болей — 6375 рублёў (250 базавых).
З прычыны такой высокай платы ў Менску адмовіліся праводзіць традыцыйнае шэсьце — Чарнобыльскі шлях, яго не было ўпершыню за 30 гадоў. Арганізатары канцэрту на Дзень Волі каля Кіеўскага сквэру таксама адмовіліся плаціць міліцыі за ахову гэтага мерапрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А мітынгі будуць? Палітыкі адказалі, што будзе з вулічнымі акцыямі пасьля адмовы ад «Чарнобыльскага шляху»