Улетку на Менскім моры зьявіцца першы інклюзіўны пляж. У рамках праекту «ПляжИК» 9-ы пляж Заслаўскага вадасховішча стане даступным для людзей з інваліднасьцю, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
Да ліпеня 2019 году там пракладуць драўляныя дарожкі, паставяць кабінкі для пераадзяваньня з пандусамі; зьявяцца пірс і адкрытая пляцоўка для заняткаў кросфітам. Месца выбралі невыпадкова: на пляжы спадзістая мясцовасьць, зручны ўваход у ваду, а непадалёк — паркоўка.
«Ідэя стварэньня такога месца нарадзілася даўно. Знаходзячыся ў службовых выправах у Расеі, Украіне, я назіраў, наколькі папулярныя інклюзіўныя пляжы там. Зразумеў, што было б ня лішнім арганізаваць падобнае месца і ў нас, бо ні на адным вадаёме Менскага раёну няма інклюзіўнага пляжу», — расказаў аўтар праекту, інструктар актыўнай рэабілітацыі грамадзкага аб’яднаньня «РАІК» Дзяніс Васілевіч.
Паводле яго, пляж будзе карысным для людзей з інваліднасьцю, якія «з прычыны сваіх асаблівасьцяў і адсутнасьці спрыяльных умоваў адмаўляюцца выйсьці з зоны камфорту і цікава правесьці час», а таксама для маці з маленькімі дзецьмі, пажылых людзей, тых, хто нядаўна перажыў інсульт, часова траўмаваных.
«Мы праводзілі аналіз і высьветлілі, што ўлетку зь пятніцы па нядзелю гэта месца наведваюць каля 500 чалавек. Пабываўшы на адаптыўным пляжы і зірнуўшы на банэр, які інфармуе аб праблемах інклюзіі, суайчыньнікі стануць з разуменьнем ставіцца да людзей з інваліднасьцю», — адзначыў Васілевіч.
Таксама на інклюзіўным пляжы будуць праводзіць турыстычныя зьлёты. Людзі, якія страцілі магчымасьці перасоўвацца, змогуць паўдзельнічаць у кулінарных паядынках, пракаціцца на байдарках, SUP-дошках, гідрацыклах, водных цюбінгах, паспаборнічаюць у спартовым арыентаваньні, дартсе і інш. Першы турзьлёт адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня.
Праект «ПляжИК» — фінал конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Першы ў Беларусі інклюзіўны пляж пачаў працаваць у Лідзе 11 чэрвеня 2017 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бо хочацца жыць у добрай краіне». Як адно тэлешоў зьмяніла 10 гарадоў Беларусі за адзін год