Швайцарцы выказаліся за больш жорсткія правілы валоданьня зброяй

Бэрн

У Швайцарыі ў нядзелю, 19 траўня, адбыўся рэфэрэндум аб узмацненьні жорсткасьці законаў, якія рэгулююць валоданьне зброяй.

Каля двух трацін удзельнікаў рэфэрэндуму выказалася за новыя правілы, якія ўскладняюць працэдуру куплі паўаўтаматычнай зброі. Будуць удасканальвацца і мэтады праверкі паходжаньня кожнай адзінкі зброі. Такія зьвесткі апублікаваў швайцарскі інстытут вывучэньня грамадзкай думкі gfs.bern

Праціўнікі ўзмацненьня жорсткасьці правіл асьцерагаюцца, што ў Швайцарыі, магчыма, набірае сілу рух у бок поўнага раззбраеньня насельніцтва. Агнястрэльная зброя ў гэтай краіне распаўсюджана больш, чым у большасьці іншых краін Эўропы. Вайскоўцы швайцарскай арміі трымаюць свае вінтоўкі і пісталеты дома і павінны рэгулярна праводзіць трэніроўкі.

Калі б удзельнікі рэфэрэндуму выказаліся супраць узмацненьня кантролю за валоданьнем зброі, гэта магло б перашкодзіць далейшаму знаходжаньню Швайцарыі ў Шэнгенскай зоне. Швайцарыя не зьяўляецца чальцом Эўрапейскага зьвязу. Аднаўленьне пагранічных праверак на межах магло б неспрыяльна адбіцца на турызьме.