Бітву пад Монтэ-Касына называюць самай крывавай паміж заходнімі хаўрусьнікамі зь нямецкім Вэрмахтам. Яе часта параўноўваюць з Вэрдэнскай бітвай часоў І сусьветнай вайны. А самі немцы крывавасьцю параўноўвалі яе са Сталінградам. Яна завершылася 75 гадоў таму.
У 1987 годзе могілкі ў Монтэ-Касына наведаў лідэр Польскай Народнай Рэспублікі генэрал Войцех Ярузэльскі. Там спачывае амаль тысяча жаўнераў, якія бралі ўдзел у адной з самых вядомых бітваў ІІ сусьветнай вайны. На відэахроніцы, якая захавалася з таго візыту, бачна, як генэрал спыняецца каля двух пахаваньняў жаўнераў з сучаснай тэрыторыі Польшчы.
Паводле адной зь легендаў, польская дэлегацыя наўмысна хацела пазьбегнуць зьяўленьня ў кадры помнікаў жаўнерам з усходніх міжваенных польскіх земляў - Заходняй Беларусі і Ўкраіны, якіх у Монтэ-Касына вельмі шмат. Генэрал Ярузэльскі не хацеў, нібыта, нэрваваць Маскву. У СССР герояў бітвы пад Монтэ-Касына, якія ўнесла вялізны ўклад у перамогу над нацыстамі, высылалі ў лягеры і сьціралі ў памяці.
Што такое Монтэ-Касына:
- Монтэ-Касына — гэта мястэчка паміж Рымам і Нэапалем, за 120 км ад італьянскай сталіцы, побач зь якім на скалістай гары знаходзіцца адзін з найстарэйшых у Эўропе кляштараў.
- У 1940 годзе Італія далучылася да вайны на баку гітлераўскай кааліцыі, але ў 1943 годзе фашыстоўскі лідэр Італіі Бэніта Мусаліні быў арыштаваны. Новы ўрад уступіў у вайну на баку антыгітлераўскай кааліцыі.
- Немцы пачалі адступаць з поўдня Італіі, ствараючы ў той жа час абаронную «лінію Густава», каб затрымаць сілы антыгітлераўскай кааліцыі. Цэнтральным пунктам умацаванай лініі, якая бараніла подступы да Рыма з поўдня, стаў кляштар Монтэ-Касына.
Пры чым тут беларусы:
- У 1939 годзе дзясяткі тысяч беларусаў, якія служылі ў Войску польскім, трапілі ў савецкі палон.
- Разам зь іншымі рэпрэсаванымі беларусамі яны былі накіраваныя ў лягеры і спэцыяльнае пасяленьне ў Сібір, Урал і Сярэднюю Азію.
- Напрыканцы лета 1941 года савецкая ўлада дамовілася з польскім урадам у выгнаньні пра стварэньне на тэрыторыі СССР польскай арміі і амніставала з гэтай мэтай рэпрэсаваных.
- У армію, якую ўзначаліў польскі генэрал Уладыслаў Андэрс, запісваліся і тысячы беларусаў. Усяго каля 120 тысяч жаўнераў арміі былі перакінутыя ў Іран, каб абараняць нафтавыя аб’екты. Летам зь іх быў утвораны II Польскі корпус Брытанскай арміі. 11 траўня 1944 году ён уступіў у баі за Монтэ-Касына.
Чаму бітва пад Монтэ-Касына важная для выніку ІІ сусьветнай вайны:
- Дзякуючы перамозе ў гэтай бітве жаўнерам антыгітлераўскай кааліцыі была адкрытая дарога на Рым. Яны ўвайшлі ў горад праз два тыдні, а цягам году дайшлі да італьянска-аўстрыйскай мяжы.
Што сталася з удзельнікамі бітвы:
- 924 чалавекі былі забітыя, 4199 параненыя.
- Як сьцьвярджаў беларускі эмігранцкі гісторык Віктар Сянкевіч, які таксама быў былым жаўнерам польскіх Узброеных сілаў на Захадзе, у бітве пад Монтэ-Касына загінула 264 жаўнеры-беларусы. Гэта ягоныя зьвесткі, пабудаваныя на матэрыялах польскага эмігранцкага архіву Ўладзіслава Сікорскага ў Лёндане.
- Пасьля вайны жаўнеры ІІ Польскага корпусу засталіся на Захадзе. Часткова беларускія вайскоўцы вярталіся ў Беларусь у спадзяваньні на тое, што іх там спаткаюць як змагароў зь гітлерызмам.
- Але ў красавіку 1951 года звыш 5 тысячаў былых жаўнераў польскіх Узброеных Сілаў, якія змагаліся на заходніх франтах, гэтак званых «андэрсаўцаў» разам зь сем’ямі выслалі ў Казахстан, Сібір ды іншыя аддаленыя месцы Савецкага Саюзу.
- У 1992 годзе «асобы, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях супраць фашысцкай Нямеччыны і яе хаўрусьнікаў у складзе партызанскіх атрадаў, падпольных груп у гады другой сусветнай вайны на тэрыторыі іншых дзяржаў» былі прызнаныя вэтэранамі Вялікай айчыннай вайны.