Віцэ-канцлер Аўстрыі Хайнц-Крысьціян Штрахе абвясьціў у суботу пра сыход у адстаўку на фоне публікацыі нямецкімі СМІ скандальных відэазапісаў зь яго удзелам, на якіх ідзе гаворка пра магчымыя таемныя фінансавыя зьдзелкі ў абыход аўстрыйскай падліковай палаты перад парлямэнцкімі выбарамі ў 2017 годзе.
Паводле Reuters, пра гэта заявіў у суботу сам віцэ-канцлер Аўстрыі і лідэр Аўстрыйскай партыі свабоды Хайнц-Крысьціян Штрахе на прэс-канфэрэнцыі ў Вене.
«Мая пэрсона не павінна стаць прычынай для зачэпкі ў падрыве працы гэтага ўраду, таму што менавіта гэта было мэтай гэтай бруднай кампаніі. Я сёньня правёў гутарку з канцлерам Сэбасьцьянам Курцам і прапанаваў сваю адстаўку з пазыцыі віцэ-канцлера Аўстрыйскай Рэспублікі. Ён прыме гэтае прашэньне», — сказаў Штрахе.
Хайнц-Крысьціян Штрахе таксама пакіне ўрадавы пост старшыні кіруючай Аўстрыйскай партыі свабоды.
У пятніцу нямецкія выданьні Der Spiegel і Süddeutsche Zeitung апублікавалі відэазапіс, на якім лідэр Аўстрыйскай партыі свабоды Хайнц-Крысьціян Штрахе нібыта абяцаў меркаванай багатай расіянцы спрасьціць доступ да дзяржкантракту ў Аўстрыі ў абмен на фінансаваньне выбарчай кампаніі сваёй партыі перад парлямэнцкімі выбарамі ў 2017 годзе.
Гэты відэазапіс выклікаў палітычны скандал у Аўстрыі. Падліковая палата рэспублікі запатрабавала ад Аўстрыйскай партыі свабоды патлумачыць заявы яе старшыні. Вярхоўная пракуратура Аўстрыі таксама занялася праверкай зьвестак аб таемным фінансаваньні Аўстрыйскай партыі свабоды.