Новаабраны прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі верыць у вызваленьне Крыму ад расейскай акупацыі.
Пра гэта кіраўнік Украіны заявіў у Facebook з нагоды 75-й гадавіны дэпартацыі крымскататарскага народу.
«Сёньня 75-я гадавіна пачатку дэпартацыі крымскіх татараў. Гэты дзень нагадвае нам, што можна зьнішчыць людзей, але дух цэлага народу — ніколі. Крымскія татары вярнуліся на гістарычную радзіму. Але цяпер яны зноў сталі ахвярамі рэпрэсій — як і тыя, хто застаўся адданым Украіне ў акупаваным Крыме. Наша падтрымка, нашы намаганьні, нашы думкі зь імі кожны дзень», — напісаў Зяленскі.
Ён выказаў перакананьне, што «мы вызвалім радзіму крымскіх татараў ад акупацыі».
«І якім бы доўгім ня быў шлях да вяртаньня Крыму, мы пройдзем яго разам з кырымлы. Мы зробім гэта разам. Не забывайце, што нават самая цёмная ноч заканчваецца сьвітанкам!», — падкрэсьліў Зяленскі.
Паводле дадзеных Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці, у траўні-чэрвені 1944 году з Крыму ў спэцпасяленьні і лягеры дэпартавалі 200 тысяч крымскіх татараў. На працягу году ад голаду, хваробаў і зьнясіленьня загінулі больш за 30 тысяч крымскіх татараў.