17 траўня кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас наведаў Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, паведамляе БелТА. Па словах прэм’ера, завод беленай цэлюлёзы, які цяпер будуецца, мусіць запрацаваць на поўную магутнасьць да канца году. Цяпер ён працуе ў тэставым рэжыме.
Румас сказаў, што «прадпрыемства працуе ў рэжыме доследна-прамысловай эксплюатацыі» і паскардзіўся, што не атрымоўваецца дамовіцца з кітайскім генэральным падрадчыкам, «каб ён адпаведна сваім кантрактным абавязкам уводзіў гэты завод у эксплюатацыю, і мы робім гэта сваімі сіламі», — адзначыў Сяргей Румас.
«З улікам адсутнасьці генпадрадчыка і здараюцца такія непрыемныя інцыдэнты, як выпадак з частковым абвальваньнем даху. Гэта непрыемны, але, на жаль, непазьбежны момант, калі аб’ект ўводзіцца не зусім у адпаведнасьці з інструкцыямі, якія прадугледжваюць увод менавіта генпадрадчыкам», — сказаў ён.
Раней, калі мясцовыя жыхары казалі, што нядаўна ў адным з памяшканьняў заводу абрынуўся кавалак даху, кіраўніцтва заводу гэта абвяргала, але сваім падначаленым забараніла рабіць здымкі на працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар не панюхаў у бутэльцы сьцёкі ад «сьмярдзючага» заводуУ лістападзе 2017 году на заводзе пад Сьветлагорскам, побач зь вёскай Якімава Слабада, пачаліся пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 сьнежня тут адбыўся стыхійны мітынг супраць заводу. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, сьветлагорцы сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).