За апошнія гады ў Беларусі распрацавалі каля 30 мадэляў уласнай стралковай зброі. Аўтаматы, вінтоўкі і пісталеты вырабляюць на прадпрыемстве «Белспэцзьнештэхніка» ў Станькаве пад Дзяржынскам. Большасьць зброі — гэта мадэрнізаваныя аўтаматы Калашнікава. Але ня толькі. Якую стралковую зброю выпускаюць у Беларусі і ці ідзе яна на ўзбраеньне беларускай арміі, Свабода даведалася на выставе MILEX.
«Два гады таму тут пара аўтаматаў вісела, а цяпер вось 30 сваіх распрацовак», — кажуць прадстаўнікі прадпрыемства каля выставачнага стэнду.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў учора, што ў Беларусі ствараецца вытворчасьць уласнай стралковай зброі. Сапраўды, на прадпрыемстве «Белспэцзьнештэхніка — новыя тэхналёгіі» (БСЗТ) выпускаюць каля 30 мадэляў баявой тэхнікі. Збольшага гэта мадэрнізацыя аўтамата Калашнікава і снайпэрскай вінтоўкі Драгунова. Пра гэта расказалі каля стэнду прадпрыемства на выставе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заявіла аб стварэньні вытворчасьці стралковай зброі«Гэта правераная зброя, але мы яе мадэрнізуем пад розныя патрэбы. Шмат падказваюць былыя вайскоўцы, якія самі працавалі з аўтаматамі і ведаюць, што трэба зьмяніць», — сказаў прадстаўнік БСЗТ каля стэнду кампаніі на выставе.
Спаміж 30 мадэляў зброі 11 прайшлі сэртыфікацыю — значыць, іх ужо можна прадаваць. Частка беларускай зброі — цывільныя аўтаматы і вінтоўкі, прызначаныя для спартовай стральбы ці паляваньня.
Ня толькі мадэрнізаваныя ўзоры
На выставе прадстаўленыя і ўласныя распрацоўкі, якія не зьяўляюцца мадэрнізаванымі савецкімі ці расейскімі ўзорамі. Два пісталеты схаванага нашэньня распрацаваў канструктар Ігар Васільеў. Іх сэртыфікацыя чакаецца ў верасьні, пасьля чаго пісталеты паступяць у продаж і на ўзбраеньне. Найбольш зацікаўленымі ў такім пісталеце, кажуць на прадпрыемстве, могуць быць апэратыўнікі, бо ён звышмалы па памерах і не заўважны пад вопраткай.
«Некаторыя лічаць яго генэральскім пісталетам, але гэта зусім іншая распрацоўка», — распавядае прадстаўнік БСЗТ каля стэнду.
Таксама тут прадстаўленыя дзьве вінтоўкі ўласнай вытворчасьці. Адна — цывільная, а другая — баявая.
А вось анансаваны гранатамёт — гэта пакуль макет. Ствараць яго толькі пачынаюць. Фактычна гэта адноўлены савецкі гранатамёт АГС-17. Ён быў распрацаваны напярэдадні развалу СССР як экспэрымэнтальны, але так і не паступіў у вытворчасьць. Беларускія збройнікі зьвярнуліся да той мадэлі і маюць цяпер уласны гранатамёт. Абяцаюць, што ён будзе гатовы праз два гады.
Вытворчасьць на месцы савецкай вайсковай базы
Як кажуць прадстаўнікі БСЗТ, усю стралковую зброю ў нас зьбіраюць на заводзе ў Станькаве пад Дзяржынскам. Ад былой вайсковай базы там засталося шмат пустых памяшканьняў.
Таксама ў Беларусі арганізаваная вытворчасьць патронаў у Воршы. Пазьней там яшчэ будуць вырабляць порах.
Завод скіраваны ў асноўным на экспарт, бо ў беларускай арміі дагэтуль засталося шмат савецкай зброі, і пераўзбраеньне будзе каштаваць дорага.
«Вось у гэтых аўтаматах зацікаўленыя арабы, а ў гэтых — афрыканцы», — кажуць пра розныя беларускія распрацоўкі прадстаўнікі прадпрыемства.
Па падліках Вайскова-прамысловага камітэту, летась Беларусь зарабіла на пастаўках вайсковай тэхнікі 1 мільярд 49 мільёнаў даляраў. Чатыры гады таму гадавы экспарт вайсковай прадукцыі складаў 827 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дроны, рамонт тэхнікі. Як і колькі Беларусь зарабляе на зброі