«Містычныя гісторыі», «Экскурсіі па закулісьсі», «Гульня тронаў», «Фантастычная ноч пана Завальні» і іншыя праграмы ў традыцыйнай акцыі «Ноч музэяў». Афіша Свабоды.
Штогод 18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. Гэтая дата зьявілася ў календары ў 1977 годзе, калі на пасяджэньні Міжнароднай рады музэяў была ўхваленая прапанова аб заснаваньні прафэсійнага сьвята. Цяпер яно адзначаецца больш як у 150 краінах.
Яшчэ праз 20 гадоў сьвяткаваньне набыло новы фармат — Ноч музэяў. Упершыню музэі расчынілі свае дзьверы пасьля заканчэньня працоўнага дня ў Бэрліне. Неўзабаве ініцыятыву падтрымалі ў іншых месцах.
Беларусь далучылася да акцыі ў 2000-х гадах, і ад таго часу сьпіс удзельнікаў акцыі пашыраецца. Праўда, адрозна ад бальшыні замежных калегаў, якія дазваляюць у гэтую ноч вольны ўваход, беларускія музэйнікі не прапускаюць нагоды зарабіць.
Чым беларускія музэі завабліваюць наведнікаў увечары 17 і 18 траўня?
Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі: «Шостае пачуцьцё»
Зьмест праграмы, падрыхтаваны галоўнай музэйнай установай краіны, мае ня толькі настроіць на паглыбленьне ў мастацтва, але і ўвесьці ў кантэкст музэйнай прасторы. Арганізатары абяцаюць сустрэчу з пачуцьцямі, на якія часам не зьвяртаеш увагі. «Якім будзе тваё шостае пачуццё?» — інтрыгуюць яны будучых гасьцей.
Наведнікам таксама прапануюць стаць экспэртамі і разгадаць таямніцы сымбаляў на палотнах з музэйнай калекцыі, прайсьці квэст і паўдзельнічаць у розыгрышы карты госьця.
Фантастычныя істоты, магічны лес — проста ў музэйнай прасторы ўнікальнае шоў пакажа экспэрымэнтальны тэатар, а ў чароўны сьвет казак будзе суправаджаць Алег Хаменка з гуртом «Палац».
Таксама супрацоўнікі абяцаюць паказаць рэдкія кніжныя ілюстрацыі ад беларускіх майстроў, якія ніколі не пакідалі фондаў Нацыянальнага мастацкага музэю.
Папярэдні продаж квіткоў — 12 рублёў, у дзень акцыі — 15 рублёў. Пачатак а 19 гадзіне 18 траўня.
Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі: «Мод найт»
Стрыжнявой тэмай акцыі ў Нацыянальным гістарычным музэі ў Менску — сярэднявечная мода на беларускіх землях. Будуць арганізаваныя гістарычныя квэсты па экспазыцыях «Старажытная Беларусь», «Беларусь у партрэтах і геральдыцы XVI–XVIII стагодзьдзяў», «Запрашэньне на баль».
У музэйным дворыку модную эстафэту падхопяць сучасныя дызайнэры — выпускнікі катэдры дызайну БДУ. Акрамя паказу калекцый адзеньня, будуць бясплатныя стрыжкі ад барбэршопу F.S.H., татуіроўкі ад тату-майстэрні Lumos tattoo, кірмаш упрыгожаньняў «Гарошак-маркет».
Забаўляць гасьцей будуць тэатральная майстэрня для дзяцей і падлеткаў Soffit, акторы францускага міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Тэатро», гурты Nite Nite Nite і BarRokka, выканаўца Сяргей Пукст і «жывая статуя» ад артыста арыгінальнага жанру Марціна Марта.
За гастранамічную частку адказвае фуд-корт ад рэстарацыі музэй-тэатру «Камуналка».
Кошт уваходнага квітка: 10 рублёў для дарослых і 5 рублёў для школьнікаў і пэнсіянэраў. Пачатак а 19 гадзіне 18 траўня.
Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры: «Падарожжа ў часе»
Найперш прапануецца накіравацца ў эпоху стваральніка беларускай і польскай нацыянальнай опэры Станіслава Манюшкі, якому 5 траўня споўнілася 200 гадоў.
А 19-й імпрэза распачнецца Сьпеўным сходам зь Сержуком Доўгушавым, у рэпэртуары — рамансы і песьні Манюшкі. Аматараў творчасьці славутага кампазытара запрашаюць наведаць выставу «Падарожжа ў ХІХ стагодзьдзе», каб далучыцца да прагляду запісу спэктакля «Ідылія» тэатру імя Янкі Купалы паводле п’есы «Сялянка» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Хто мае настальгію па гітах «Песьняроў», «Верасоў», «Сяброў» ды падобных гуртоў, атрымае магчымасьць паказаць свае вакальныя здольнасьці ў караоке-праграме «Беларуская эстрада».
Таксама гасьцей чакаюць знаёмства са школай акторскага майстэрства Letta і квэст па экспазыцыі. Самыя кемлівыя атрымаюць падарункі ад музэю.
Квіткі для дарослых — 5 рублёў, для студэнтаў — 2,5 рубля. Пачатак а 19 гадзіне 18 траўня.
Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў: «Гульня тронаў»
Імпрэза пройдзе пад дэвізам: «У кожным стагодзьдзі ёсьць сваё сярэднявечча». У праграме: выстава «Рыцарскі раман», на якой будуць паказаныя сьвецкія строі магнатаў і шляхты; жывапіс, графіка і скульптура «цёмных стагодзьдзяў».
Таксама заплянаваныя майстар-клясы па сярэднявечных танцах і тэматычныя гульні. Кожны ахвотны зможа сфатаграфавацца на троне з аднайменнага культавага сэрыялу.
У гэты вечар адчыняць дзьверы экспазыцыі «Вобраз Рыцара і Прыўкраснай дамы ў сучасным беларускім мастацтве» і выстава графікі «Жахі сярэднявечча». Будзе працаваць майстар-кляс арт-студыі «Зебрык» і творчая пляцоўка для дзяцей «Малюем замак разам». Сярэднявечныя танцы і гульні будуць праходзіць пад акампанэмэнт гурту «Першасьвет».
Для наведнікаў у гістарычных строях уваход бясплатны. Для астатніх — за грошы: дарослыя — 8 рублёў, дзеці, студэнты, пэнсіянэры — 4 рублі. Пачатак а 17 гадзіне 18 траўня.
Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры: «Фантастычная ноч пана Завальні»
Адміністрацыя музэю абяцае таямнічую сустрэчу з гаспадаром маёнтка і гісторыямі яго гасьцей. У прыватнасьці, наведнікаў чакае займальнае падарожжа па пакоях дому пана Завальні.
Толькі ў гэтую ноч зьявіцца магчымасьць пабачыць кніжку Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях», выдадзеную ў 1844 годзе.
Пра беларускую міталёгію раскажа Антаніна Хатэнка, а Вадзім Зелянкоў пакажа фільм пра Яна Баршчэўскага. Маленькіх шляхцюкоў чакаюць размалёўкі і мультфільмы па матывах народных і аўтарскіх казак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курсіў чарнакніжнікаЗаплянаваныя майстар-клясы Вольгі Маркітантавай — па паэзіі і Алены Масла — па складаньні казак, арт-лябараторыя Вольгі Лунёвай для дзяцей і бацькоў. Сярод гасьцей пана Завальні — тэатральная майстэрня «Студыёзы», гурты MorkvoЦвет і BY CRY, скрыпічны квартэт Magento Quatro.
Кошт: 3 рублі (дзецям да 7 гадоў уваход вольны). Набыўшы агульны квіток за 5 рублёў, можна дадаткова наведаць Літаратурны музэй Петруся Броўкі і Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Пачатак а 17 гадзіне 18 траўня.
Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы: «Экскурсія па закулісьсі»
Да глябальнай музэйнай акцыі далучаюцца і няпрофільныя ўстановы. Так, Купалаўскі тэатар абвясьціў, што 18 траўня таксама спаць не плянуе.
Старэйшы тэатар Беларусі — сам па сабе музэй, які захоўвае скарбы тэатральнага мастацтва. Таму кіраўніцтва падрыхтавала для наведнікаў асаблівую праграму.
Спачатку адбудзецца экскурсія па закулісьсі, а потым — унікальная выстава строяў з касьцюмернага цэху і макетаў дэкарацый да спэктакляў з фондаў Музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.
Каб трапіць на «Ноч у Купалаўскім», трэба зарэгістравацца ў адну з групаў, атрымаць пацьверджаньне па электроннай пошце і выкупіць квіток на экскурсію.
Інфармацыю пра месца збору і экіпіроўку дашлюць у асобным лісьце. Колькасьць месцаў абмежаваная.
Кошт квіткоў: 10 рублёў для дарослых, 5 рублёў для школьнікаў. Пачатак а 21 гадзіне 15 хвілін 18 траўня.
Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй: «1000 гадоў у адну ноч»
Да Ночы музэяў-2019 далучаюцца музэйныя ўстановы па ўсёй Беларусі.
18 траўня на пляцоўцы перад абласным краязнаўчым музэем адбудзецца адкрыцьцё дзеі «1000 гадоў Берасьця ў адну музэйную ноч». Пасьля гэтага імпрэза працягнецца ў будынку.
Там чакаюць сустрэчы з гістарычнымі пэрсанажамі, конкурсы, віктарыны, розыгрышы. Дарослыя змогуць сваімі ведамі зарабіць падарунак ад музэю, узяўшы ўдзел у інтэлектуальнай гульні «Берасьце: што і калі?» Каманды фармуюцца па папярэдніх заяўках (зьвесткі на сайце ўстановы).
Самы малым дадуць майстар-кляс па пісьму на бяросьце, а гіганцкая размалёўка «Мая вуліца» дазволіць юным мастакам паказаць горад такім, якім яны яго ўяўляюць.
А 23-й пачнецца канцэрт, на якім выступіць любімы гараджанамі мясцовы калектыў Muzzart Band.
Уваходны квіток для дарослых — 6 рублёў, для дзяцей — 4 рублі. Прадугледжаная 50-працэнтная зьніжка для тых, хто падорыць музэю фатаграфію зь відамі старога Берасьця. Пачатак а 19 гадзіне 18 траўня.
Віцебскі абласны краязнаўчы музэй: «Музэі як цэнтры культуры»
Сьвята ў Віцебску пачнецца перад ратушай з танцавальнай праграмы, якая распавядзе пра гісторыю і культурныя традыцыі гораду ад Вялікага Княства Літоўскага да нашых дзён.
Далей імпрэзы будуць адбывацца ў сьценах самой Ратушы. У рамках выставы «100 рарытэтаў да 100-годзьдзя музэю» захавальнікі фондаў раскажуць пра гісторыю стварэньня і лёс унікальных прадметаў даўніны.
Заплянаваныя майстар-клясы па вырабе ўпрыгожаньняў і падарункаў, брэйн-рынгі, кінавіктарыны, квэсты. Для тых, хто захоча згадаць дзяцінства, у музэйным дворыку пройдуць «Гульні нашага двара».
Нарэшце, толькі ў музэйную ноч можна скарыстацца ўнікальным шанцам, які выпадае толькі раз на год — узьняцца на вежу Ратушы і палюбавацца начным Віцебскам.
Кошт квітка — 5 рублёў, прадугледжаныя зьніжкі і бонусы. Пачатак а 19 гадзіне 17 траўня.
Горадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалягічны музэй: «Містычныя гісторыі»
Супрацоўнікі горадзенскай установы падрыхтавалі музэйны дывэртысмэнт «Містычныя гісторыі: ноч, калі яны ажываюць». Дзея адбудзецца ў Сэнатарскай залі Новага замку.
Паралельна будуць адбывацца некалькі імпрэзаў. Сярод іх выстава Адама Смаляны «Малюнак. Скульптура», інтэрактыўны вэрнісаж «У містычных лябірынтах зь ліхтарыкам у руках», фотавыстава Натальлі Саламы «Лясная містэрыя», міні-выставы «Істоты зь беларускіх мітаў і легендаў», «Легенды і паданьні Беларусі ў жывапісе», «Містыкі. Алхімікі. Чарнакніжнікі».
Будуць працаваць этнакрама «Цудоўня», кірмаш сувэніраў, карчма «Я» з традыцыйнымі пачастункамі і напоямі.
У другой частцы праграмы чакаецца выступ нэа-фольк-рок-праекту «Вочы» Юрыя Дубовіка з музычна-паэтычнай праграмай «Не зачыняй дзьверы».
Кошт квітка: 8 рублёў — уся праграма (ад 21.00), 4 рублі — інтэрактыўны вэрнісаж (ад 23.00). Колькасьць квіткоў на ўсю праграму абмежаваная. Пачатак а 21 гадзіне 17 траўня.
Музэй гісторыі Магілёва: праграма «Ноч музаў»
Ад 17-й гадзіны і да поўначы музэй запускае інтэрактыўную праграму «Ноч музэяў у Ратушы — Ноч музаў». Выбар тэмы зьвязаны з тым, што ўсе сучасныя музэі паходзяць ад старажытнагрэцкага «мусэйона» — у перакладзе «Дом музаў». Так грэкі называлі храмы, прысьвечаныя музам — рэлігійныя, культурныя, навуковыя.
Магілёўскі інтэрактыў аб’ядноўвае квэст-гульню «Арфэй і Эўрыдыка», астранамічны арт-ф’южн, тэатральную праграму «Пародыя на Іліяду»; выставу аднаго дакумэнта (толькі для дарослых) ды іншыя цікавосткі. Кожную гадзіну па музэі будуць ладзіцца касьцюмаваныя экскурсіі.
На ўсе імпрэзы ў рамках Ночы музэяў у Магілёве будзе дзейнічаць адзіны квіток, які ўключае ў сябе вольны ўваход, экскурсійнае абслугоўваньне, а таксама дазволіць узысьці на вежу Ратушы, выйсьці на аглядную пляцоўку і падняцца да вежавага гадзіньніка. Таямніцы апошняга раскрые яго стваральнік, гадзіньнікавы майстар Генадзь Галоўчык.
Кошт уваходнага квітка на інтэрактыўную праграму — 5 рублёў для дарослых, 2,5 рубля для студэнтаў і дзяцей ад 7 гадоў. Пачатак а 17 гадзіне 17 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў наш апошні росьпіс у Беларусі». Інтэрвію з мастачкай, чыю манумэнтальную працу закрылі гіпсакардонам