Пасьля міжнароднага скандалу ўзначаліць АДКБ можа прадстаўнік Беларусі

Станіслаў Зась, архіўнае фота

Пасаду генэральнага сакратара АДКБ з 1 студзеня 2020 году можа заняць прадстаўнік Беларусі — цяперашні дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась. Пра гэта 15 сакавіка на выставе Milex у Менску паведаміў выканаўца абавязкаў генсакратара АДКБ Валер Семерыкоў, піша Interfax.by.

Канчатковае рашэньне міністры замежных спраў краін АДКБ прымуць 22 траўня.

Што за канфлікт?

Больш за 10 гадоў генэральным сакратаром АДКБ працаваў прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі Мікалай Бардзюжа. Пасьля таго, як ён пайшоў у адстаўку, было вырашана, што ў далейшым на пасаду генсака будуць прэтэндаваць прадстаўнікі ня толькі Расеі, але і іншых краін гэтага вайскова-палітычнага блёку. І першым на пасаду генсака пасьля Бардзюжы быў прызначаны прадстаўнік Армэніі Юры Хачатураў (Армэнія першая ў альфабэтным парадку).

Аднак пасьля таго, як у Армэніі адбыліся масавыя пратэсты і краіна перайшла ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы праўленьня, армянскі бок адклікаў кандыдатуру Хачатурава, абвінавачваючы яго ў супрацьпраўных дзеяньнях падчас працы на іншай пасадзе непасрэдна ў Ерэване.

Менск настойваў на тым, што генэральным сакратаром АДКБ павінен стаць Зась. Беларускую кандыдатуру ўзгаднілі Кіргізстан, Казахстан, Таджыкістан і Расея. Супраць кандыдатуры Зася выступала Армэнія, якая лічыла, што генсакратаром па-ранейшаму мусіць стаць іх прадстаўнік.