У Казахстане пратэстуюць жанчыны, патрабуючы сацыяльнай дапамогі

Да ўдзельніц пратэсту выйшлі міністар сацыяльнай прэцы і мэр Нур-Султану

Некалькі дзясяткаў мацярок пратэстуюць ля будынка мясцовага ўраду ў Нур-Султане. Яны патрабуюць павялічыць ім выплаты, забясьпечыць тых, хто мае патрэбу ў жытле, ці даць ім кватэры пад льготную іпатэку.

Спачатку жанчыны пратэставалі ля мясцовага акімату (мэрыі). Пасьля таго, як да іх ня выйшлі чыноўнікі, жанчыны накіраваліся да Кангрэс-цэнтру, дзе сёньня стартуе Астанінскі эканамічны форум. На ім павінны выступіць былы прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў і цяперашні — Касым-Жамарт Такаеў. Адтуль жанчын прапанавалі адвезьці назад да акімату, дзе іх паабяцалі выслухаць.

Казаская служба Радыё Свабода вядзе жывую трансьляцыю зь месца падзей.

Маці патрабуюць, каб ім давалі іпатэку пад 2% гадавых без першапачатковага ўзносу і плацілі дапамогу кожнаму дзіцяці ў памеры $ 116 на месяц. Але ўлады да гэтага не гатовыя. Яны прапануюць дапамогу маламаёмасным, зыходзячы зь лічбы ў $ 55 на месяц, калі агульны даход хатняй гаспадаркі ня будзе перавышаць 70% ад пражыткавага мінімуму — у Казахстане ён складае $ 79. І толькі пасьля «абсьледаваньня», якое правядуць чыноўнікі.

Шматдзетных маці гэтая працэдура не задавальняе: яны сьцьвярджаюць, што для таго, каб прызначыць ім дапамогу, чыноўнікі спачатку патрабуюць ад іх мноства непатрэбных дакумэнтаў, якія яны ня ў стане сабраць. А сама працэдура на самой справе не такая простая, як апісваюць улады.

Ад пачатку года ў Казахстане праходзяць масавыя пратэсты шматдзетных маці. Пратэсты ў Астане, Алматы і іншых гарадах пачаліся пасьля таго, як у пажары ў доме загінулі пяць малалетніх дзяўчынак: іх бацькі ў гэты час былі на працы, каб пракарміць сям’ю.