Дзярждэпартамэнт ЗША накіраваў кіраўніку ведамства Майку Пампэо і прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу другі пакет санкцый у справе аб атручэньні ў Вялікай Брытаніі былога афіцэра ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.
Пра гэта на слуханьнях у Сэнаце заявіла намесьніца дзяржсакратара Андрэа Томпсан. Паводле яе, новыя абмежаваньні — частка пашыранай стратэгіі ў дачыненьні Расеі.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаныя ў Солсбэры 4 сакавіка 2018 году з дапамогаю нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Лёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося, асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Масква абвінавачваньні абвяргае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здароўе былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля пагоршыласяПершы пакет амэрыканскіх санкцый па справе аб атручваньні Скрыпалёў набыў моц 27 жніўня 2018 году. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на продаж Расеі зброі, а таксама тавараў і тэхналёгій двайнога прызначэньня.
Другі пакет санкцый можа ўключаць, у прыватнасьці, поўную забарону на экспарт у Расею амэрыканскіх тавараў, абмежаваньне імпарту расейскіх тавараў у ЗША, паніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў, забарону на авіяперавозкі дзяржаўнымі кампаніямі.