Сёньня, 15 траўня, у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя найноўшых кніжных выданьняў Надзеі Артымовіч і Міхала Андрасюка, беларускіх пісьменьнікаў з Падляшша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чароўная безнадзейнасьць правінцыіСтаршыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, Міхал Андрасюк ды выдавец і галоўны рэдактар беластоцкага тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа прадставяць кнігу прозы «Поўня» Міхала Андрасюка і дзьвюхмоўны (беларускія арыгіналы і польскія пераклады) зборнік вершаў Надзеі Артымовіч «Краявід зь невідочнай памылкай».
Міхал Андрасюк нарадзіўся 2 сьнежня 1959 году ў Гайнаўцы на Падляшшы. Дзяцінства і маладосьць правёў у вёсцы Войнаўка ў гміне Дубічы-Царкоўныя, дзе цяпер пражывае. Скончыў беларускі ліцэй у Гайнаўцы (1978), працаваў настаўнікам і каменячосам, цяпер супрацоўнічае зь беларускамоўнымі СМІ ў Беластоку. Піша па-беларуску і па-польску. Аўтар кнігаў прозы «Фірма» (Беласток, 2000), «Мясцовая гравітацыя» (Беласток, 2004), «Белы конь» (Беласток, 2006, перакладзены і выдадзены на польскай мове ў 2011), «Вуліца Добрай Надзеі» (Менск, 2010), «Wagon drugiej klasy» (Беласток, 2010), «Krzyżyk» (Беласток, 2015), «Поўня» (2018). Міхал Андрасюк узнагароджаны «Залатым апострафам» часопіса «Дзеяслоў» за сваю прозу, якая друкавалася на яго старонках у 2009 годзе. Атрымаў літаратурную прэмію прэзыдэнта Беластоку імя Веслава Казанэцкага за 2011 год за кнігу «Белы конь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхась Андрасюк — беларускі пісьменьнік з польскім акцэнтам
Надзея Артымовіч нарадзілася 18 лютага 1946 году ў вёсцы Ягуштова каля Бельску на Падляшшы. Дзяцінства паэткі прайшло ў Бельску, тут яна хадзіла ў пачатковую школу і ў Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча. У 1965–67 вывучала рускую філялёгію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, а ў наступныя гады — беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце, які закончыла ў 1972. Сябра Саюзу польскіх пісьменьнікаў з 1986. Жыве ў Бельску. Аўтарка паэтычных кніг «We śnie w bólu słowa» (1979), «Роздумы» (1981), «Сэзон у белых пэйзажах» (1990), «Зь неспакойных дарог» (1993), «Дзьверы» (1994, разам з Алесем Разанавым), «Лагодны час» (1998), «Адплывае спакойнае неба» (1999), «Жоўтая музыка» (2005), «Краявід зь невідочнай памылкай» (2018).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ян Максімюк пра ўлюбёную паэзію з ПадляшшаПрапануем вам паглядзець відэаблог нашага рэдакцыйнага калегі Яна Максімюка, прысьвечаны «Поўні» Міхала Андрасюка. Гэта першы, сыгнальны відэаблог з цыклу «Толькі пра літаратуру», які Свабода мяркуе зрабіць рэгулярным пунктам сваёй праграмы сёлетняй восеньню.
Your browser doesn’t support HTML5
Пачатак прэзэнтацыі кнігаў Андрасюка і Артымовіч у Музэі імя Максіма Багдановіча ў 18:30.