Як у Менску: у Екацярынбургу жыхары пратэстуюць супраць забудовы зялёнай зоны

Сутычкі ў Екацерынбургу

Жыхары расейскага Екацярынбургу другі дзень запар пратэстуюць супраць будаўніцтва храму Сьвятой Кацярыны ў сквэры. Спачатку гэта быў мірны пратэст: гараджане гулялі і гралі на музычных інструмэнтах у сквэры. Пазьней пачаліся сутычкі і затрыманьні. Выданьне «Знак» паведамляе, што паліцыя затрымала мінімум пяцёх пратэстоўцаў.

Людзі расхіствалі і ламалі плот, якім абнесеная будаўнічая пляцоўка. Адну сэкцыю яны выкінулі ў раку.

Месца будоўлі абараняюць нарады паліцыі і АМАП.

Сутыкненьні ў Екацярынбургу пачаліся ўвечары 13 траўня. На Кастрычніцкай плошчы ля абласнога Тэатра драмы пачалося ўзьвядзеньне плота, агароджвалі тэрыторыю будаўніцтва 70-мэтровага храма св. Кацярыны, якую праваслаўныя лічаць заступніцай гораду. На акцыю ў абарону сквэра прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Яны выступаюць супраць забудовы адной зь нешматлікіх зялёных зон у цэнтры забруджанага прамысловага гораду. Пратэст скончыўся сутычкамі. Жыхары Екацярынбургу зламалі плот, якім быў абгароджаны сквэр. Увечары мірны пратэст перарос у сутыкненьні зь людзьмі ў спартовай форме.

Улады Екацярынбургу 14 траўня правялі экстраную нараду, спрабуючы ўрэгуляваць канфлікт вакол будаўніцтва храму Сьвятой Кацярыны ў сквэры ў цэнтры гораду. Але па яго выніках заявілі, што падставаў для таго, каб спыніць будаўніцтва, няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія сэрбскіх знаёмцаў Лукашэнкі стаіць за высечкай менскага сквэру