Закон вызначае афіцыйны статус украінскай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці дзяржавы.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон аб функцыянаваньні ўкраінскай мовы як дзяржаўнай. Цырымонія з удзелам прадстаўнікоў Вярхоўнай Рады і грамадзкасьці доўжылася больш за паўгадзіны і трансьлявалася ў жывым эфіры.
«Гэты закон — у інтарэсах украінскага грамадзтва, украінскай дзяржавы, украінскага народу. Закон аб’ядноўвае нацыю, а не раскольвае яе. Не падтрымала гэты закон толькі палітычная сілы, арыентаваныя на Маскву. Але гэта яшчэ больш пацьвярджае, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Спадзяюся, што і новая ўлада будзе выконваць гэта закон», — сказаў Пятро Парашэнка перад падпісаньнем закону.
Падпісаньне закону стала магчымым пасьля таго, як Вярхоўная Рада на пасяджэньні 14 траўня адхіліла чатыры праекты пастановы, якія мелі на мэце скасаваць вынікі галасаваньня за новы закон.
Адразу пасьля гэтага сьпікер парлямэнту Андрэй Парубій падпісаў закон пад выгукі ў залі «Слава Ўкраіне» і даручыў апарату Вярхоўнай Рады тэрмінова перадаць яго на подпіс кіраўніку дзяржавы.
Закон, які вызначае функцыянаваньне ўкраінскай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці дзяржавы (у дзяржаўнай службе, сфэры абслугоўваньня, у правасудзьдзі, ахове здароўя, навуцы, культуры), набудзе юрыдычную моц праз два месяцы пасьля яго афіцыйнай публікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзіная дзяржаўная. Хто і чаму выступіў супраць закону аб выключным статусе ўкраінскай мовыЗакон не абавязвае размаўляць па-ўкраінску ў побыце, не вызначае мову рэлігійных абрадаў і не забараняе расейскую мову. Патэнцыйна канфліктныя нормы закону набудуць юрыдычную моц праз 1–2,5 года.
Ва ўсіх грамадзян і юрыдычных асобаў ёсьць дастаткова часу, каб падрыхтавацца да новых моўных варункаў жыцьця ў краіне. За іх невыкананьне прадугледжаны штраф у памеры ад 3400 да 5100 грыўняў (ад 125 да 188 даляраў у эквіваленце).
Вярхоўная Рада Ўкраіны 25 красавіка 2019 году ўхваліла закон аб выключным выкарыстаньні ўкраінскай мовы ва ўсіх сфэрах дзяржаўнага жыцьця. Каб яго ўхваліць, дэпутатам спатрэбілася два месяцы, і ўвесь гэты час парлямэнт не разглядаў ніводнага іншага законапраекту. У першым чытаньні праект закону быў ухвалены летась 4 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За абразу ўкраінскай мовы будуць караць. Што ў моўным законе, які ўхваліў парлямэнт Украіны