У Менску паставілі памятны знак нямецкай слабадзе

Памятны знак нямецкай слабадзе ў Менску

У Лютэранскім сквэры ў Менску адкрылі памятны знак нямецкай слабадзе. На адкрыцьці прысутнічаў амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар.

Ідэя стварыць памятны знак належыць Вользе Штокман, заснавальніцы лютэранскай грамады «Выратаваньне» і грамадзкага аб’яднаньня нямецкай культуры «Масты» ў Менску.

Памятны знак створаны пры фінансавай падтрымцы лютэранскай царквы Нямеччыны.

«Гэта памятны знак, прысьвечаны гісторыі Менску. Ён усталяваны ў Лютэранскім сквэры. У гэтым раёне калісьці была нямецкая слабада. І са старых часоў тут жылі людзі нямецкай нацыянальнасьці. Вуліцы мелі назвы — Нямецкая, Лютэранская і Малая Лютэранская. Тут жа былі нямецкія могілкі, закрытыя ў 1978 годзе. Там знаходзілі надмагільныя помнікі на нямецкай мове. Пра гэта сёньня згадвалі жыхары навакольных дамоў, якія падыходзілі да памятнага знака», - сказала карэспандэнту Свабоды Вольга Штокман.

На пачатку 20 стагодзьдзя ў Менску жылі больш за 2 тысячы немцаў.

«І ў мяне зьявілася ідэя згадаць гэтую гісторыю Менску. Гэта быў талерантны горад, дзе жылі людзі розных нацыянальнасьцяў, сярод якіх і немцы. Гістарычная памяць павінна жыць. Безь мінулага няма будучыні. Гэта трэба для сёньняшняга і будучага пакаленьняў», — кажа Вольга Штокман.

Вольга Штокман плянуе ўсталяваць інфармацыйныя стэнды каля памятнага знака. Падчас адкрыцьця таксама выказвалася ідэя зрабіць тут лютэранскую каплічку.