У расейскім Сочы прайшлі перамовы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. Пасьля іх завяршэньня Лаўроў і Пампэо далі сумесную прэс-канфэрэнцыю.
Абодва заявілі, што сустрэча можа стаць крокам да паляпшэньня адносін паміж краінамі, аднак паміж імі застаюцца вялікія рознагалосьсі па шэрагу пытаньняў.
Паводле Пампэо, абмяркоўваліся кантроль над узбраеньнямі, Сырыя, Іран і яго ядзерная праграма, канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Дзяржсакратар ЗША таксама сказаў, што ўзьняў перад Лаўровым пытаньне расейскага ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ў 2016 годзе і арыштаваных у Расеі амэрыканскіх грамадзян.
- Лаўроў заявіў, што дамовіўся з Пампэо пра шэраг канкрэтных крокаў па паляпшэньню адносін Расtі і ЗША, але не сказаў, што гэта за крокі. Ён таксама пацьвердзіў, што Ўладзімір Пуцін будзе гатовы сустрэцца з Дональдам Трампам ў Японіі ў чэрвені.
- Кажучы пра Ўкраіну, Пампэо заявіў аб неабходнасьці вызваленьня Расеяй захопленых украінскіх маракоў. Ён таксама заклікаў Расею наладжваць адносіны з абраным прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
- Адносна Вэнэсуэлы Лаўроў і Пампэо на прэс-канфэрэнцыі не сышліся ў меркаваньнях: дзяржсакратар заявіў пра неабходнасьць сыходу Нікаласа Мадура ад улады, а Лаўроў засьцерагаў ад умяшальніцтва ў справы Вэнэсуэлы звонку.
- Пампэо сказаў, што ЗША не імкнуцца да вайны з Іранам, але хочуць, каб ён зьмяніў палітыку, і заклікаў Расею паўплываць на Тэгеран.
Чакаецца, што сёньня ўвечары Пампэо сустрэнецца ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Гэта першы візыт дзяржсакратара зь цяперашняй адміністрацыі ЗША ў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп зьбіраецца ў чэрвені сустрэцца з Пуціным