Магілёўскае дарожна-маставое прадпрыемства ня зьвязвае сьмерць 66-гадовага раварыста Аляксандра Сомава з кепскай якасьцю дарог. Як даведалася Свабода, праезную частку вуліцы, на якой адбылося здарэньне, павінны былі адрамантаваць цягам траўня.
Трагедыя зь вядомым у Магілёве фатографам, падпалкоўнікам у адстаўцы Аляксандрам Сомавым здарылася 12 траўня на вуліцы Каралёва, што за 10 хвілін язды ад цэнтру гораду. Кола ягонага ровара трапіла ў яміну, схаваную пад вадой. Раварыст упаў. Паводле сьведак, хуткая дапамога змагалася за яго жыцьцё на месцы, але марна.
Дакладная прычына сьмерці пакуль невядомая. Вынікі экспэртызы будуць гатовыя праз колькі дзён.
Паводле Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці, Аляксандар Сомаў памёр у бальніцы. Па факце ягонай сьмерці праводзіцца праверка. Папярэдне кажуць, што сьмерць наступіла ад сардэчнага захворваньня.
Яміну на праезнай частцы ў раёне вуліцы Каралёва дарожнікі зарабілі 13 траўня. На месцы здарэньня застаецца драўляная агароджа і кветкі.
Дарогу рамантавалі, але ня скончылі
Дарожнае палатно вуліцы Каралёва рамантавалі на працягу некалькіх дзён да здарэньня, але пашкоджаньні засталіся. Кіраўнік дарожна-маставога прадпрыемства Андрэй Клімаў адзначае, што скончыць плянуюць цягам траўня.
«У сувязі з дажджамі мы зараўноўваем тыя яміны, якія можна зараўнаваць паводле тэхналёгіі. Тым, што ў вадзе, даём час высахнуць», — кажа ён.
Андрэй Клімаў ня стаў камэнтаваць здарэньне і, у прыватнасьці, зьвязваць яго з кепскім станам дарог. «Наколькі я разумею, — сказаў ён, — адпаведныя органы гэтым пытаньнем займаюцца».
Паводле суразмоўцы, даваць ацэнку якасьці дарог у Магілёве — не ягоная прэрагатыва. Ён настойвае, што працы вядуцца згодна з плянам, фінансаваньне выдзяляецца, «людзі працуюць без выходных, калі дазваляе надвор’е».
Аляксандра Сомава пахавалі 14 траўня. Фатаграфіяй у розных жанрах ён займаўся некалькі дзясяткаў гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ў царкву схадзілі да прычасьця». Жыхары Ружанаў — пра сьмяротнае здарэньне зь лесавозам