З Нотр-Даму прапануюць зрабіць цяпліцу. ФОТА

Архітэктар з Бэльгіі Вэнсан Кальбо запрапанаваў вельмі сьмелы праект рэканструкцыі Нотр-Даму. З пашкоджанага даху гатычнага сабору ён хоча зрабіць цяпліцу. Новы дах мае быць цалкам шкляным, а пад ім павінны быць абсталяваныя сады для вырошчваньня гародніны і садавіны.

​Як паведамляюць СМІ, большасьць французаў сустрэлі прапанову зь вялікімі сумневамі. Паводле апытаньняў, больш за палову французаў хоча, каб сабор выглядаў дакладна так, як перад пажарам.

Паводле Кальбо, асноўная мэта праекту — даць сабору новы шкляны дах, які б генэраваў энэргію, а таксама стварыць асяродзьдзе, у якім можна было б вырошчваць прадукты харчаваньня. Адмысловец у экалягічнай архітэктуры, 42-гадовы Кальбо прапануе, каб рэканструяваны сабор вырабляў больш энэргіі, чым спажывае, і штогод пастаўляў да 21 тон садавіны і агародніны для ўсяго Парыжу.

Пажар у саборы Парыскай Божай Маці пачаўся ўвечары 15 красавіка і працягваўся 9 гадзінаў. Паводле папярэдніх зьвестак, прычынай пажару сталі рамонтныя работы. У выніку пажару абрынуліся шпіль і дах сабору. Пажарнікам удалося выратаваць каркас гістарычнага будынку.