Баскетбольныя судзьдзі абвінавацілі кіраўніцтва фэдэрацыі ў перадузятасьці і некампэтэнтнасьці

Судзьдзі, якія пратэстуюць супраць Беларускай фэдэрацыі баскетболу

Беларускія судзьдзі, якія маюць катэгорыю рэфэры Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу (FIBA), заяўляюць пра змову з боку Беларускай фэдэрацыі баскетболу (БФБ) і просяць абароны ў кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК).

Адхіленьне ад Эўрагульняў

Дзьмітры Юганюк — адзіны прадстаўнік Беларусі, які мусіў быць арбітрам на баскетбольным турніры ў фармаце 3 на 3 на Эўрапейскіх гульнях у Менску. Паводле яго, прызначэньне ён атрымаў непасрэдна ад FIBA як найлепшы ліцэнзаваны міжнародны судзьдзя 3×3 у краіне.

«Такая магчымасьць выпадае раз у жыцьці, гэта найвялікшы гонар для любога арбітра, — адзначае ён. — Я прыклаў вялізныя намаганьні, каб апынуцца на такім узроўні, і быў гатовы годна прадставіць краіну на Эўрагульнях. З майго боку былі сабраныя ўсе неабходныя дакумэнты для акрэдытацыі, і я працягваў падрыхтоўку, каб паказаць найлепшы вынік».

Ліст, у якім Дзьмітры Юганюк атрымаў прызначэньне ён атрымаў непасрэдна ад FIBA

Аднак зусім нечакана ён атрымаў ліст са штаб-кватэры FIBA, у якім паведамлялася: прызначэньне скасаванае ў сувязі з тым, што яго не пацьвердзіла нацыянальная баскетбольная фэдэрацыя.

Ліст, у якім гаворыцца аб скасаваньні прызначэньня

На перакананьне Юганюка, гэта наступствы перасьледу, распачатага кіраўніцтвам БФБ: на паседжаньні камісіі НАК па супрацы з фэдэрацыямі шэраг арбітраў раскрытыкавалі сытуацыю ў баскетбольнай галіне. Апроч таго, яны прасілі падняць аплату за судзейства, паколькі цяперашнія сумы не пакрывалі выдаткаў на пераезды, пражываньне і харчаваньне.

Відэазварот рэфэры Дзьмітрыя Юганюка:

У гэтым зьвязку Дзьмітры Юганюк накіраваў зварот на імя першага віцэ-прэзыдэнта НАК Беларусі Віктара Лукашэнкі. Ён падкрэсьлівае, што перагляд ужо прынятага рашэньня адбываецца ўпершыню ў міжнароднай практыцы.

«Ставіць уласныя амбіцыі і асабістую непрыязнасьць вышэй за інтарэсы дзяржавы і спорту не да твару кіраўнікам фэдэрацыі, — адзначае ён. — А яшчэ страшней мець магчымасьць беспакарана злоўжываць уладай і службовымі паўнамоцтвамі. Паводле наяўнай інфармацыі, FIBA ўжо афіцыйна скасавала маё прызначэньне і замяніла на арбітра зь іншай краіны, што пацягне шэраг нэгатыўных наступстваў — іміджавых і матэрыяльных».

Як пералічвае Дзьмітры Юганюк, гэта і дадатковыя бюджэтныя выдаткі на выправу замежнага арбітра, і аслабленьне пэрспэктываў разьвіцьця судзейскага корпусу новага алімпійскага віду, і недаатрыманьне сур’ёзнага міжнароднага досьведу, і страта аўтарытэту БФБ з боку FIBA за прыняцьце неабгрунтаваных рашэньняў.

Флэшмобам па фэдэрацыі

Канфліктную сытуацыю судзьдзя зьвязвае з прыходам у фэдэрацыю на пасаду выканаўчага дырэктара Настасьсі Марынінай. Ён сьцьвярджае, што тая публічна пагражала пазбавіць яго любых прызначэньняў за крытычныя выказваньні пра нездаровую атмасфэру ў спартовай арганізацыі.

Дзьмітры Юганюк

«Ніхто з нас не адмаўляецца ад судзейства, аднак пазыцыя фэдэрацыі трансьлюецца толькі выканаўчым дырэктарам, — канстатуе ён. — Старшыня камісіі НАК Валянцін Баравок запэўніў, што неўзабаве мы сядзем за стол перамоваў, аднак замест гэтага з нас проста пасьмяяліся і паказальна не дапусьцілі да ўдзелу ў міжсэзонным сэмінары. Калі мы выпадкова даведаліся пра падзею, нанятая служба аховы нас спыніла, давялося выклікаць нарад міліцыі, каб зафіксаваць факт незаконных дзеяньняў».

Заяву ў праваахоўныя органы падпісалі 10 асноўных судзьдзяў БФБ, палова зь іх зьяўляюцца арбітрамі FIBA. Была спроба падаць у суд на выканаўчага дырэктара фэдэрацыі, але позву ад рэфэры не прынялі.

Пасьля гэтага ў сацсетках стартаваў флэшмоб: судзьдзі сфатаграфаваліся ў майках з надпісам «Марыніна» і хэштэгам па-ангельску: «Нас нельга забіць».

Дзьмітры Юганюк просіць Віктара Лукашэнку ініцыяваць праверку выкладзеных фактаў, адрэагаваць на выяўленыя парушэньні рэглямэнту FIBA і зрабіць захады для абароны ягоных законных інтарэсаў.

«Мы не выключаем, што за гэтым стаяць і больш высокія асобы, напрыклад першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі і кіраўнік БФБ Максім Рыжанкоў (экс-памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях спорту і былы першы віцэ-прэзыдэнт НАК — РС), — сказаў Свабодзе Дзьмітры Юганюк. — Уласна кажучы, і хочам праверыць: ці гэта рашэньне аднаго чалавека, ці ўсіх разам. Калі нам з НАК адкажуць — хлопцы, вазьміцеся за ручкі і ідзіце ў бок могілак — тады гаворка пра сплянаваную акцыю, трэба выкарыстоўваць іншыя мэтады. Акурат і думаем высьветліць».

БФБ супраць «безадказнасьці»

Настасься Марыніна ў камэнтары для Свабоды выклала афіцыйную пазыцыю Беларускай фэдэрацыі баскетболу.

«Выканкам Рэспубліканскай калегіі судзьдзяў (РКС) прыняў рашэньне аб вывадзе Юганюка са свайго складу і адхіленьні ад судзейства любых спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі. А як інакш, калі чалавек не прымае прызначэньні на абслугоўваньне дзіцячай лігі, адмовіўся ад здачы тэстаў? Міжнародная фэдэрацыя баскетболу, прымаючы рашэньне аб прызначэньні, павінна пераканацца, што кандыдат судзіць матчы ў сваёй краіне. Робіцца адпаведны запыт. Натуральна, БФБ ня можа рэкамэндаваць безадказнага чалавека для судзейства на Эўрапейскіх гульнях».

Ілюстрацыйнае фота. Інструктаж перад матчам

Дзьмітры Юганюк, у сваю чаргу, сказаў, што ні ён, ні ягоныя калегі ня маюць ніякай дакумэнтальна пацьверджанай інфармацыі пра адхіленьне ад судзейства. Але прызначэньняў на матчы сапраўды няма: 12 судзьдзяў, якія ў мінулым сэзоне мелі найбольшы аб’ём працы, сёлета не выклікаліся ні разу. На здачу тэстаў, ягонымі словамі, іх проста не дапусьцілі, адсюль і астатні ланцужок наступстваў.

Настасься Марыніна таксама патлумачыла, чаму патрабаваньне аб падвышэньні аплаты за судзейства на гэты момант немагчымае.

«Гэтыя судзьдзі запатрабавалі, каб аплата судзейства за матч складала 165 рублёў. Беларускія клюбы адмовіліся, для іх гэта досыць высокі кошт — за адну гульню столькі не атрымліваюць ні трэнэры, ні спартоўцы. Таму чалавек выбірае: ці ён хоча займацца спортам, ці зарабляць. Высокі заробак — жаданьне добрае, але мы зыходзім з таго, што маем. Чэмпіянат складаецца з унёскаў клюбаў на сэзон. З гэтага выходзіць каштарыс і сума за арэнду заляў, трансьляцыі, ганарар. Дык вось на сёньня хатняя гульня ў месцы пражываньня судзьдзі складае 60 рублёў, выязная — 100 рублёў».

Дзьмітры Юганюк прызнаў, што на гэты момант ніякага кантакту з баскетбольнай фэдэрацыяй не атрымліваецца. Таму і даводзіцца весьці дыялёг празь ліставаньні з вышэйшымі інстанцыямі, ролікі ў сацсетках і публікацыі ў мэдыя.