У Менску стала на адзін манумэнтальны росьпіс меней. У Палацы чыгуначнікаў падчас рамонту сьцяну з росьпісам «Мая радзіма» цалкам закрылі гіпсакардонам. У 1978 годзе гэты росьпіс стварылі Зоя Літвінава і Сьвятлана Каткова.
Росьпісы «Мая Радзіма» і «Вільнюс» — знакавыя манумэнтальныя працы, створаня за савецкім часам у Беларусі. Як яны ствараліся і чаму іх нельга лічыць савецкай прапагандай, Свабодзе распавяла адна з аўтарак — Зоя Літвінава.
— Ці ведаеце вы, што вашу працу ў Палацы чыгуначнікаў закрылі гіпсакардонам?
— Пацярпела наша чарговая праца. Практычна ўсе нашыя росьпісы са Сьвятланай Катковай зьнішчаныя. Бо дзяржава не абараняе манумэнтальныя працы. Не было такіх арганізацый, якія б сачылі і забаранялі гэтым гаспадарнікам зьнішчаць працы падчас рамонтаў. Гэта ж твор мастацтва.
Адна справа, калі гэта праца-аднадзёнка. А калі гэта сур’ёзная праца, яна павінна абараняцца дзяржавай, павінны быць адмысловыя законы. Але не было нічога зроблена.
І многія працы так зьніклі. Ня толькі нашыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта барбарства». У Палацы чыгуначнікаў пад гіпсакардон хаваюць манумэнтальны росьпіс канца 1970-х— У тым ліку вашая праца ў былым кінатэатры «Вільнюс».
— Гэтая праца ўвогуле павінна была быць занесеная ў сьпіс аховы помнікаў архітэктуры. Яна павінна была ахоўвацца як твор мастацтва. Але, нягледзячы ні на што, гэты твор зьнішчылі.
Таксама ў Інстытуце кібэрнэтыкі зьнішчылі нашую працу падчас рамонту. Мы працавалі ў вельмі складанай тэхніцы — энкаўстыцы (жывапіс расплаўленымі фарбамі. — РС). І ніхто на гэта не зьвярнуў увагі. Прыйшлі, зьбілі тынк і зрабілі сьценку гладкай.
Потым быў росьпіс па плітках у адной кавярні — унікальная праца ў 100 квадратных мэтраў. Таксама зьнішчылі. Дзяржава ў нас да гэтага ставіцца абыякава.
У Крыме ў санаторыі «Беларусь» мы рабілі працу на некалькі сьцен. Але ці там што засталося, я ня ведаю. А ў Палацы чыгуначнікаў была наша апошняя манумэнтальная праца ў Беларусі.
— А як стваралася праца ў Палацы чыгуначнікаў?
— Гэта цяжкая праца. Недзе год сыходзіць на адзін росьпіс. Праца цікавая, але вельмі складаная. Чаму мы звычайна працавалі ўдваіх? Калі сьцяна на 6 мэтраў, а ты на лясах стаіш адзін, гэта небясьпечна аднаму.
Былі прэтэнзіі ў Міхаіла Савіцкага да гэтай працы. Ён быў старшынёй творчай рады і вельмі нэгатыўна адгукаўся. Парэкамэндаваў заказчыку не плаціць нам.
Савіцкаму ўвогуле не падабалася, што мы робім. Яму не падабалася нашая пазыцыя ў мастацтве. Ён быў такі чалавек сацыяльнай скіраванасьці. А нас у мастацтве цікавілі іншыя задачы.
Мы тады зьвярнуліся ў Саюз мастакоў СССР, і прыехала камісія з Масквы. Ім вельмі спадабалася праца. Яна аптымістычная, жыцьцярадасная. Гэта нашая аповесьць пра Беларусь. Яна нестандартная. Вялікі дуб на сьцяне адной, які абвалоквае яшчэ дзьве сьцяны. Гэта аповед пра прыгажосьць і пра моц краіны. І гэта зроблена сродкамі мастацтва, а ня сродкамі прапаганды. Нам за гэтую працу ня сорамна.
— Цяпер да ўсяго савецкага часта грэбліва ставяцца, бо ўспрымаюць тое ж савецкае мастацтва праз ідэалёгію.
— Нашая творчасьць ніяк ня ўпісвалася ў сыстэму савецкіх прэтэнзій. У нас няма літаратуршчыны, у нас няма аднадзённасьці, няма ілюстрацыі жыцьця. Манумэнтальныя працы нясуць у сабе абагульненьні, сур’ёзныя тэмы. Гэта аповед не пра падзеі, а пра стаўленьне мастакоў да вялікіх чалавечых праблем у мастацтве.
— Вас ня дзівіць, чаму ў савецкія часы да вашых прац ставіліся крытычна, але іх дазвалялі? А цяпер, калі быццам бы няма цэнзуры, яны зьнікаюць.
— Цяпер нікому няма ніякай справы да мастацтва. Калі раней неяк баяліся людзей зь вялікімі ўрадавымі ўзнагародамі, як той жа Савіцкі, то цяпер нікому няма справы да культуры. Саюз мастакоў не адсочвае працы, якія маюць вялікі рэзананс і інтарэс.
— Ці вас калі папярэджвалі, што вось праводзіцца рамонт і вашая праца можа пацярпець?
— Мы самі гэта выяўлялі. Пабачылі, што разьбілі шкло ў «Вільнюсе». Праца ў цяжкім стане. Стэлефанаваліся з Саюзам мастакоў і Міністэрствам культуры. Пытаемся: ці яны ў курсе, што адбываецца? Але на той час гэта была страчаная праца. Палова сьцяны ў «Вільнюсе» была мокрая, у такіх умовах праца не магла знаходзіцца. І рэстаўраваць яе было немагчыма.
Дзьве гэтыя працы прагучалі па ўсім Савецкім Саюзе. Нас ведалі па іх. А «Вільнюс» — гэта быў добры твар Беларусі. Я не разумею, у каго паднялася рука.
Праўда, яны хацелі перанесьці яе ў іншае месца. Але як манумэнтальную працу, якая пішацца ў пэўных архітэктурных умовах, пераносіць?
— А працу ў Палацы чыгуначнікаў яшчэ можна захаваць?
— Яе можна рэстаўраваць, можна зрабіць так, што яна будзе жыць. Але гэта павінна прынцыпова вырашацца на ўзроўні Саюзу мастакоў і Міністэрства культуры. Пакуль жывыя, мы маглі б гэта зрабіць і захаваць працу.
— Мы размаўлялі з дырэктарам Палаца чыгуначнікаў. Ён кажа, што прасьцей будзе нешта новае зрабіць, чым рэканструяваць вашую працу.
— Гэта ад малой культуры. Ня так шмат грошай трэба на аднаўленьне. Варта паглядзець, у якім стане сьцяна. Рэстаўраваць гэта можна. Але наколькі зацікаўленыя бакі?
Вядома, што цяпер усё можна па-іншаму зрабіць. Але гэта этап мастацтва 1970-х гадоў. Калі сур’ёзна на гэта глядзець, нельга так разважаць, як разважае дырэктар.
Нельга так ставіцца да нашай гісторыі. Мы павінны захоўваць знакавыя рэчы. Іначай мы застанемся бяз памяці.