У Менску каля Ігуменскага тракту і вуліцы Гашкевіча (у двух прыпынках ад Лошыцкага парку) высеклі сквэр з рэдкімі дрэвамі. Тут зьявяцца шматпавярховыя дамы.
Паводле Telegram-каналу «Тропинки Беларуси», дзеля будаўніцтва новага мікрараёну Лошыца-8 зьнішчаны «помнік прыроды міжнароднага значэньня».
Гэты сквэр, памерам у 4 футбольныя палі, заклалі супрацоўнікі Акадэміі навук амаль 40 гадоў таму. Тут была 200-мэтровая алея маньчжурскага арэха, расьлі 250 відаў бэзу, 20 рэдкіх відаў рабіны, рэдкія віды фундуку, а таксама дзясяткі велізарных чарэшняў.
У сацсетках зьявіліся фатаздымкі высечаных дрэваў, а таксама заклікі зьвяртацца ў гэтай справе ў дзяржаўныя структуры.
Што кажа «Зелянбуд»?
Дырэктар УП «Зелянбуд Ленінскага раёну Менску» Міхаіл Папоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэтая тэрыторыя перададзеная Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму дзеля будоўлі мікрараёну Лошыца-8.
Паводле Міхаіла Папова, няма падставаў сьцьвярджаць, што гэта быў менавіта «помнік прыроды».
Працы, да якіх «Зелянбуд» ня мае дачыненьня, выконваліся «згодна з праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй». Прадугледжаныя кампэнсацыйныя пасадкі.
Паводле Міхаіла Папова, «фактаў разбурэньня гнёздаў птушак не ўстаноўлена».
Ва УКБ Менгарвыканкаму камэнтаваць сытуацыю па тэлефоне адмовіліся, папрасілі даслаць пісьмовы запыт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія сэрбскіх знаёмцаў Лукашэнкі стаіць за высечкай менскага сквэру«Праблема ў тым, што зялёную зону ў Менску зьмяншаюць»
На травеньскія сьвяты быў высечаны гай і каля Дома міласэрнасьці пад будаўніцтва паркінгу. Старшыня «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі сказаў, што пры высяканьні дрэваў і ў Лошыцы, і каля Дому міласэрнасьці не абышлося без разбурэньня гнёздаў птушак.
«Праблема ў тым, што зялёную зону ў Менску зьмяншаюць. Лясы і паркі высякаюцца. Людзям прадаюць кватэры каля паркаў, а потым іх высякаюць. І забудоўваюць каменныя джунглі», — кажа Вінчэўскі.
У кастрычніку 2017 году Аляксандар Лукашэнка абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненьнем забудовы і высяканьнем дрэваў, загадаў «спыніць разбой».
У красавіку 2019-га ён загадваў зрабіць Беларусь прыгожай, «каб яна была ўся ў кветках і зеляніне», «каб на кожным пятачку былі высаджаныя дрэвы».
Тым часам паркаў і сквэраў у Менску на 38% менш за норму. І дасягаць нормы не зьбіраюцца: трэба 21 м² зялёных зонаў на чалавека, цяперашні паказчык — 13 м², а ў плянах толькі давесьці яго да 17,8 м².
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія сэрбскіх знаёмцаў Лукашэнкі стаіць за высечкай менскага сквэру