Госьць «Інтэрвію тыдня» — літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс. Ён адказвае на пытаньні, пра якія тэндэнцыі ў літоўскім грамадзтве сьведчаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, тлумачыць палітычны фэномэн Далі Грыбаўскайце і адказвае на пытаньне, як гучала беларуская тэма падчас выбарчай кампаніі.
Сьцісла
- На выбарах у Літве перамаглі даволі памяркоўныя, не папулісцкія кандыдаты.
- Грыбаўскайце зразумела, што з Пуціным і Лукашэнкам наўрад ці магчыма ісьці на дыялёг.
- Адносіны Літвы і Беларусі ў некаторых сфэрах актыўна разьвіваюцца, але добрасуседзкага падыходу зь Менску, на жаль, не хапае.
Выбары паказалі, што, у прынцыпе, у Літве даволі здаровая дэмакратыя
— Якія тэндэнцыі ў сучасным літоўскім грамадзтве засьведчыў першы тут прэзыдэнцкіх выбараў, што прайшоў 12 траўня? У Эўропе пэўныя тэндэнцыі ў масавых настроях даволі відавочныя. Ці абмінулі яны Літву?
— У Літве казаць пра нейкія глыбокія зьмены не выпадае. Выйгралі даволі памяркоўныя кандыдаты, кандыдаты-папулісты не набралі шмат галасоў, ня больш за 5 працэнтаў. Так што, у прынцыпе, у Літве даволі здаровая дэмакратыя. Можна парадавацца, што другі тур адбудзецца безь вялікай турбулентнасьці. Абодва кандыдаты былі даволі памяркоўныя. Прафэсійныя. З добрымі эканамічнымі ведамі і бяз гучных папулісцкіх лёзунгаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў Літве: у другім туры Шыманіце і Наўседа— У чым кардынальная розьніца паміж кандыдатамі, калі яна ёсьць? Калі пераможа Шыманіце альбо Наўседа — якую палітыку яны будуць праводзіць?
— Да Наўседы ў гэтым сэнсе больш пытаньняў, і наконт каманды, і наконт зьместу. Ён апэляваў да ўсіх выбаршчыкаў, за яго галасавалі людзі з розных партыяў.
Шыманіце, нягледзячы на тое, што фармальна яна не ўваходзіць у партыю кансэрватараў — усё ж яна прадстаўніца гэтай партыі, яны яе вылучылі. Таму зь ёй пэўнасьці значна больш, яна парлямэнтарый, была міністрам фінансаў, так што досьвед працы ва ўладзе ў яе ёсьць, і больш-менш зразумела, што яна сабой уяўляе.
У Наўседы трэба глядзець, хто будзе ў складзе ягонай каманды. Ягоны бэкграўнд у значнай меры зьвязаны з банкамі, профіль моцна зьвязаны з эканомікай. Як ён будзе сабе паводзіць у сацыяльных пытаньнях, у замежнай палітыцы, нацыянальнай бясьпецы — дакладна казаць пакуль складана.
Грыбаўскайце зразумела, што з Пуціным і Лукашэнкам наўрад ці магчыма ісьці на дыялёг
— Пэўным літоўскім фэномэнам можна назваць папулярнасьць прэзыдэнта, які адыходзіць, — Далі Грыбаўскайце. Яна два разы выбіралася з даволі вялікім працэнтам і адрывам ад іншых палітыкаў — што даволі нетыпова для сучаснай Эўропы. Чым гэта можна патлумачыць і як можна ацаніць палітычную спадчыну Грыбаўскайце?
— Можна ўзгадаць і папулярнасьць Валдаса Адамкуса, і гэта паказвае, што інстытут прэзыдэнцтва ў Літве вельмі паважаны. Грамадзкасьць успрымае прэзыдэнцтва як інстытут, які найперш займаецца замежнай палітыкай і прэзэнтацыяй Літвы на замежнай арэне.
Грыбаўскайце ня раз паказвала мышцы і ва ўнутранай палітыцы, што ня ўсім падабалася ў палітычных элітах. Але людзі яе падтрымлівалі практычна ўвесь час.
У замежнай палітыцы яны часта ўспрымалася як чалавек, які мае вельмі жорсткую пазыцыю адносна Крамля. І гэта сапраўды так, але спачатку яна падтрымлівала ідэю «перазагрузкі» з Расеяй, сустракалася з Пуціным, казала, што трэба ісьці на дыялёг з Лукашэнкам. Але як з Пуціным, так і з Лукашэнкам яна вывучыла свае ўрокі і зразумела, што з гэтымі людзьмі наўрад ці магчыма ісьці на паважлівы дыялёг. Бо ані Крэмль, ані Менск не былі схільныя ісьці на добрасуседзкія адносіны.
Добрасуседзкага падыходу зь Менску, на жаль, не хапае
— Як гучала беларуская тэма падчас гэтых выбараў? Як кандыдаты выказвалі сваё стаўленьне да Беларускай АЭС?
— Тэма Беларусі асабліва не гучала, хіба эпізадычна. Самы яркі момант — гэта калі цяперашні прэм’ер-міністар Саўлюс Сквярняліс агучыў так званы «плян-хуліган» наконт Астравецкай АЭС. Але гэта эпізод, які не мяняе замежнапалітычнага курсу Літвы. І гэты курс ня будзе мяняцца ў залежнасьці ад таго, хто будзе абраны прэзыдэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грыбаўскайце: «Літва ня можа супрацоўнічаць зь Беларусьсю праз будаўніцтва Астравецкай АЭС».Калі прэзыдэнтам стане Шыманіце, то гэты курс будзе даволі прадказальны. З Наўседам будзе нейкі прамежак, калі ягоныя кансультанты і памочнікі будуць вызначаць, якія пазыцыі найбольш рэзануюць у грамадзтве.
Але, у прынцыпе, ніхто не адмаўляе, што патрэбныя добрыя адносіны з суседзямі. Проста калі мы гаворым пра Беларусь — хочаш ня хочаш, выскоквае пытаньне Астравецкай АЭС. Другое — эканамічнае супрацоўніцтва, якое разьвіваецца: ёсьць і клайпедзкі порт, і транзыт, і «Беларуськалій».
— Я чытаў, што Наўседа выказаўся ў тым сэнсе, што пакуль Беларусь не адмовіцца ад АЭС, то Літва ня дасьць Менску збліжацца з Эўразьвязам. І калі ў Беларусі не складаюцца нейкія адносіны з Эўразьвязам, то беларускія аглядальнікі пачынаюць гадаць, якая краіна выказваецца супраць — і часам пальцам указваюць менавіта на Літву.
— Так, гэта вельмі проста — указваць пальцам на Літву. Пытаньне Астравецкай АЭС прынцыпова важнае для Літвы, і Літва гэта пасьлядоўна тлумачыць сваім саюзьнікам па Эўразьвязе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін зь лідэраў прэзыдэнцкіх выбараў у Літве гатовы да супрацы з кіраўніцтвам БеларусіАле магу даць прыклад з Нацбанкам, калі адзін з самых буйных эўрапейскіх праектаў у Беларусі вядзе Нямеччына ў партнэрстве зь Літвой і Польшчай. То бок у двухбаковых адносінах абмяркоўваецца далёка ня толькі Астравец. Эканамічныя адносіны павялічваюцца, турызм у абодва бакі расьце, цяпер зьявілася агульная тэма ў пляне гістарычнай памяці — перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага.
Двухбаковыя адносіны даволі інтэнсіўныя, але ёсьць некаторыя пытаньні. якія не вырашаюцца. Добрасуседзкага падыходу зь Менску, на жаль, не хапае.