У нядзелю, 12 траўня, жыхары Нямеччыны сьвяткуюць 70-годзьдзе зьняцьця савецкай блякады Заходняга Бэрліну, аднаго зь першых крызісаў «халоднай вайны». Канцэрты і дэманстрацыя архіўных кінаматэрыялаў праходзяць у парку Тэмпэльгоф на месцы былога аэрадрому.
Амаль год Савецкі Саюз спрабаваў узяць Заходні Бэрлін зморам, каб прымусіць заходніх саюзьнікаў сысьці з сэктару. У чэрвені 1948 году былі перакрытыя ўсе аўтамабільныя дарогі і чыгункі, што вялі ў заходнюю частку гораду, была забароненая пастаўка вугалю, на якім працавалі электрастанцыі, і пастаўка мэдыкаментаў у шпіталі. Усе гэтыя месяцы забесьпячэньне гораду цалкам ажыцьцяўлялася праз паветра.
Аўтарам праекту «Паветраны мост» быў генэрал-лейтэнант амэрыканскай транспартнай авіяцыі Ўільям Танэр. У Бэрлін з заходніх зон акупацыі вялі тры паветраныя калідоры: самалёты ўляталі ў Бэрлін праз паўднёвы і паўночны калідоры і выляталі празь сярэдні зь перапынкам тры хвіліны. Так на працягу году ўдалося арганізаваць забесьпячэньне праз паветра ўсім неабходным двух з паловай мільёнаў чалавек. Урэшце Сталін вымушаны быў саступіць. У ноч на 12 траўня 1949 году блякада Заходняга Бэрліну была зьнятая.
Паветраны мост працягваў дзейнічаць да верасьня 1949 году, каб стварыць у горадзе неабходныя запасы. Галоўным палітычным вынікам бэрлінскай блякады стала аб’яднаньне заходніх земляў і стварэньне Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны, а таксама наданьне Заходняй Бэрліну аўтаномнага статусу. Акрамя таго, пад знакам бэрлінскай блякады і «паветранага моста» 4 красавіка 1949 году было прынятае рашэньне аб стварэньні Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO).