У нядзелю, 12 траўня, у Тэль-Авіве афіцыйна адкрываюцца мерапрыемствы тыдня «Эўравізіі». Мерапрыемствы будуць праходзіць пад узмоцненай аховай больш чым 20.000 супрацоўнікаў ізраільскай паліцыі і службаў бясьпекі.
У 19:00 (паводле мясцовага часу, які супадае зь менскім) на плошчы каля тэатру «Габіма» адбудзецца цырымонія «Аранжавы дыван». Гэтая цырымонія стане афіцыйным адкрыцьцём мерапрыемстваў. У цырымоніі возьмуць удзел усе дэлегацыі, якія прыбылі для ўдзелу ў конкурсе.
У панядзелак адбудуцца рэпэтыцыі, за якімі змогуць назіраць гледачы, якія маюць білеты.
У аўторак адбудзецца дадатковая рэпэтыцыя, а з 22:00 да 0:10 будзе праходзіць першы паўфінал. У ім пад № 8 выступіць прадстаўніца Беларусі Zena зь песьняй Like It.
У сераду і ў чацьвер пройдуць дадатковыя рэпэтыцыі, а з 22:00 да 0:10 у чацьвер адбудзецца другі паўфінал.
У пятніцу ўдзень у комплексе адбудзецца першая рэпэтыцыя перад фіналам, а з 22:30 да 1:00 будзе праходзіць рэпэтыцыя з удзелам гледачоў, якія маюць білеты.
Аналягічная рэпэтыцыя пройдзе ў суботу, а ў 22:00 адкрыецца фінал конкурсу «Эўравізіі», які завершыцца ў 01:30.