Што прынёс беларускай мове і нацыянальным сымбалям рэфэрэндум 1995 году? Ці сапраўды цяпер адбываецца мяккая беларусізацыя і хто яе праціўнікі і прыхільнікі? Якая будучыня чакае беларускую мову пасьля зьмены ўлады?
Гісторык, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Наша гісторыя» Алесь Пашкевіч і дырэктар беларускага патрыятычнага супэрмаркету symbal.by Павал Белавус.
Рэфэрэндум для мяне стаў асабістай трагедыяй
Цыганкоў: 14 траўня прайшоў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндум, у выніку якога беларуская мова перастала быць адзінай дзяржаўнай (расейская мова атрымала такі самы статус), а дзяржаўныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня — былі замененыя на падкарэктаваныя савецкія. Алесь, што вы памятаеце пра той рэфэрэндум, якое ўражаньне тады ён на вас зрабіў?
Пашкевіч: Мне тады было 16 гадоў, я жыў на вёсцы, вучыўся ў 11-й клясе, сам галасаваць тады яшчэ ня мог. Але гэтая падзея зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражаньне. Бо ў пачатку 90-х гадоў мова для мяне стала важнай каштоўнасьцю, на вёсцы яна шырока гучала, не была для мяне экзатычнай, я на ёй размаўляў — магчыма, не зусім на чыста літаратурным варыянце.
Таму рэфэрэндум для мяне стаў асабістай трагедыяй. Я разумеў, як прагаласуе большасьць, бо для большасьці мова каштоўнасьцю не зьяўляецца, я разумеў, што ніякага рэальнага двухмоўя ня будзе, што гэта будзе для беларускай мовы цяжкі ўдар. Менавіта ў той час у мяне ўзьнікла рашучасьць, што калі я буду паступаць у горадзе ва ўнівэрсытэт, я адмаўляцца ад беларускай мовы ня буду, — прынцыпова, у знак пратэсту.
Цыганкоў: Тады ініцыятары рэфэрэндуму заяўлялі, што пасьля ўсталяваньня дзьвюхмоўя будзе роўнасьць расейскай і беларускай, будуць гучаць абедзьве мовы. Дык, па-вашаму, людзі былі падманутыя гэтымі аргумэнтамі? Ці яны ўсё разумелі і галасавалі за расейскую мову ў якасьці дзяржаўнай, бо не былі гатовыя да адзінай дзяржаўнай беларускай мовы?
Пашкевіч: Хутчэй за ўсё, для большасьці людзей беларуская мова не была такой каштоўнасьцю, за якую варта змагацца і нечым ахвяраваць. Ім было ўсё роўна. Калі б не было рэфэрэндуму, то, я думаю, не было б ніякіх значных пратэстаў супраць адной дзяржаўнай беларускай мовы. Дый беларусізацыя не была такой жорсткай, як пра гэта часам ходзяць легенды. Так што галасаваньне на рэфэрэндуме — гэта была не варожасьць да беларускай мовы, а хутчэй абыякавасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 1995 году і канец беларускага парлямэнтарызму. АРХІЎНАЕ ВІДЭАБелавус: На час рэфэрэндуму мне было 8 гадоў, але я дакладна яго памятаю. Беларуская мова і бел-чырвона-белы сьцяг ужо былі закладзеныя ў мяне як важныя веды і каштоўнасьці. Мы памятаем цудоўную легенду пра ваяра, які быў паранены, белай тканінай абматаў сабе галаву, у выніку атрымаўся бел-чырвона-белы сьцяг, ён узьняў яго і сказаў: «Рушым далей, у бой». І гэтая яскравая гісторыя, легенда, у дзіцячай галаве заклала павагу да гэтых сымбаляў.
Калі казаць пра сёньняшняе стаўленьне да мовы і сымболікі, то калі мераць ахопам аўдыторыі і рэакцыяй на пасты, дык гэтая тэматыка цяпер заўсёды зьбірае шмат пазытыўных рэакцыяў. За апошнія гады зьявілася традыцыя прыносіць і ўздымаць на канцэртах бел-чырвона-белыя сьцягі. На маратонах бягуць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Ужо ня кажучы пра людзей, якія за межамі Беларусі прыходзяць на спартовыя мерапрыемствы з гэтымі сьцягамі.
Цыганкоў: Стаўленьне да Пагоні і сьцяга — гэта нейкі першы крок да беларушчыны, гэта прасьцей зрабіць, чым авалодаць беларускай мовай ці гаварыць на ёй. Часам людзі і заканчваюць сваю беларускасьць на любові да сымбаляў — ці яны ідуць і далей, да актыўнага ўжываньня беларускай мовы?
Белавус: Цяжка зрабіць нейкі агульны аналіз. Дакладна тыя людзі, якія паважаюць сьцяг і Пагоню — як мінімум паважаюць беларускую мову і ня будуць казаць: «Перейди со мной на русский язык». Калі браць краму Symbal.by — то ў нас уся камунікацыя з пакупнікамі ідзе па-беларуску, і за 5 гадоў было толькі некалькі канфліктных сытуацыяў, калі людзі нэгатыўна ставіліся да гэтага.
Зьверху ніякіх рухаў у бок беларушчыны не ідзе, таму нізавая грамадзкая ініцыятыва — гэта адзінае, на што мы можам разьлічваць на дадзены момант.
Ініцыятары рэфэрэндуму наўрад ці думалі, што застануцца асяродкі, людзі, якія размаўляюць на беларускай мове
Цыганкоў: Ці бачыце вы нейкія праявы «мяккай беларусізацыі»? Ці дзяржава нешта робіць, ці яна проста перастала стрымліваць ініцыятыву грамадзтва?
Пашкевіч: Я думаю, што мяккай беларусізацыі як сьвядомай палітыкі, якая кіруецца і плянуецца зьверху, — на сёньняшні дзень няма. І ня факт, што яна пры гэтай уладзе калі-небудзь зьявіцца — пра што сьведчаць апошнія выказваньні Лукашэнкі пра «хуткасны рэжым». І ўлічваючы, наколькі вялікая ў нас роля афіцыйнага лідэра, можна не сумнявацца, што ягоная пазыцыя мае шырэйшы плён.
Іншая справа, што ўсе чыноўнікі ня могуць быць «волас у волас, голас у голас». Нехта са сваёй ініцыятывы сымпатызуе беларускай мове, можа спрыяць ці не замінаць рабіць іншым. Але стратэгічнага пералому ў гэтым пляне няма, дзяржава не праводзіць беларусізацыю.
З часу рэфэрэндуму прайшло 25 гадоў. Беларуская мова, пастаўленая ў рэжым не разьвіцьця, а выжываньня, — паказала даволі вялікія посьпехі. Ініцыятары рэфэрэндуму наўрад ці думалі, што застануцца асяродкі, людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, сымболіку не загналі ў маргінальны стан. Гэта даказвае, што мова і сымболіка — гэта ня штучныя рэчы, якія безь дзяржаўнай падтрымкі ня выжывуць. Гэта жывое, гэта патрэбнае людзям. І калі сытуацыя зьменіцца да лепшага, разьвіцьцё будзе.
Цыганкоў: Калі пачытаць шавіністычную расейскую прэсу ці сайты, то ў іхнім разуменьні гэта гучыць так, што беларуская дзяржава ледзь ня ў змове з нацыяналістамі праводзіць тут беларусізацыю. Павал, як насамрэч да вас ставяцца дзяржаўныя структуры?
Белавус: За апошнія гады ў нас было даволі шмат замоваў ад дзяржаўных структураў, пачынаючы ад райвыканкамаў, МНС, сканчаючы школамі і адукацыйнымі ўстановамі. Усе яны ведаюць, што мы «бел-чырвона-белыя» — але, нягледзячы на гэта, зьвяртаюцца.
Я нядаўна быў у кіно, і перад сэансам былі тры рэклямныя ролікі — усе яны былі на беларускай мове, рэкляма вялікіх карпарацыяў. І я размаўляў зь некаторымі з прадстаўнікоў кампаніяў, якія ў сваёй працы пераходзяць на беларускую мову — і яны кажуць, што гэта не пра грошы, а гэта пазыцыя. Тое самае з чыноўнікамі. Але сур’ёзных крокаў ад дзяржавы мы пакуль ня бачым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік «Арт Сядзібы» і Symbal.by расказаў, як вяртаньне Пазьняка дапаможа беларускаму бізнэсуБеларуская мова перажыла важны выклік, калі аддзяліла свой лёс ад лёсу беларускай вёскі
Цыганкоў: Як можа разьвівацца сытуацыя пасьля зьмены ўлады ў Беларусі?
Пашкевіч: У мяне аптымізм зьвязаны з тым, што беларуская мова перажыла такі важны выклік, калі аддзяліла свой лёс ад лёсу беларускай вёскі. Гэта моцны выклік для моваў, які знаходзяцца пад пагрозай. Калі памірае традыцыйнае грамадзтва, калі сыходзяць пакаленьні, якія размаўляюць на гэтай мове, а падтрымкі дзяржаўнай няма — то вельмі вялікая пагроза маргіналізацыі. Беларуская мова гэты этап прайшла, галоўныя носьбіты мовы зараз — гэта гарадзкая моладзь. Людзі прыходзяць да мовы, хоць бабулі і дзядулі іх не вучылі.
Што да дзяржаўнай палітыкі, то мне найбольш імпанаваў бы ўкраінскі варыянт, каб дзяржава прыкладала пэўныя намаганьні, уводзіла нацыянальную мову ў пэўныя сфэры. Ірляндзкага варыянту — калі мова існуе як сымбаль, але практычна не выкарыстоўваецца — мне б не хацелася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяз роднай мовы ў Ірляндыі палітычнай кар’еры ня зробіш». Праўда і міты пра адраджэньне ірляндзкай мовыТаму, я думаю, хутчэй будзе ў пэўнай ступені ўкраінскі варыянт. Гэта ня будзе надта проста, будзе шмат адкатаў і праблемаў. Але любое новае кіраўніцтва, якое ня мае комплексаў цяперашняга кіраўніцтва, да нейкай формы актыўнай падтрымкі беларускай мовы так ці іначай прыйдзе, бо гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам.
Белавус: Пакуль кіраўнік дзяржавы не загаворыць па-беларуску ў нейкай ступені — нічога ня зьменіцца. Я думаю, што выхад усё ж такі ў тым, каб не прымушаць, а матываваць. Першае — стварэньнем якаснага кантэнту на беларускай мове. Другое — матывацыя грашыма: узнагароджваць тых людзей, якія гэта робяць. Такім шляхам гэта пойдзе значна лепш, чым шляхам: «абразаем», «забараняем» і гэтак далей.