Каля мікрараёну «Маяк Менску» абгарадзілі пляцоўку і высеклі значную частку дрэваў пад будаўніцтва паркінгу. 10 траўня там так і не зьявіўся пашпарт аб’екта, але і будаўнікоў не было.
У адміністрацыі Першамайскага раёну і ў Менгарвыканкаме карэспандэнту Свабоды сытуацыю не пракамэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля менскага Дому міласэрнасьці высякаюць дрэвы. ФОТА«Зелянбуд»: мы там валкай не займаемся»
Вядучы інжынэр «Зелянбуду» Першамайскага раёну Людміла Казлова сказала карэспандэнту Свабоды, што на гэтым месцы зьбіраецца будаваць паркінг кампанія «Зомэкс Інвэстмэнт», якая ўваходзіць у склад буйнога інвэстара Dana Holdings.
«У нас забіраюць тэрыторыі бяз нашага ведама. Землі выдзяляе горад пад забудову, а мы ўжо даведваемся, калі нам прыходзіць рашэньне з выканкаму. Але мы там валкай не займаемся. Наколькі я ведаю, там працуе прыватнік па зносе дрэваў.
Наогул, паводле правілаў, там павінна быць абгароджаная тэрыторыя і на агароджы павінен вісець пашпарт аб’екта».
Cьвятар: «Пайшла хваля пратэсту і абурэньня наверх»
Паводле архімандрыта Аляксея з Дома міласэрнасьці, да якога ўшчыльную прылягае пляцоўка, дрэвы высякалі цягам мінулых выходных, прычым не зьвярталі ўвагі ні на заўвагі сьвятароў, ні мясцовых жыхароў. Але сёньня працу спынілі, «бо пайшла хваля пратэсту і абурэньня наверх».
«Я падтрымаў і падтрымліваю тых, хто хоча, каб у Менску былі прыгажосьць і парадак. Любы жыхар гэтага мікрараёну супраць будаўніцтва гэтага паркінгу. Тут побач дзьве бальніцы, наш сацыяльны цэнтар «Дом міласэрнасьці».
Архімандрыт Аляксей сказаў, што незадаволеныя жыхары мікрараёну скардзяцца сьвятарам на забудоўшчыкаў.
«Гэта страшненькі сам па сабе мікрараён. Ён неяк пужае людзей. Усе, хто прыходзіць сюды, зьдзіўляюцца, як можна столькі дамоў зьмясьціць на адным месцы. І людзям цяжка жыць, бо ні дрэваў, ні пляцовак, ні прасторы для адпачынку, каб чалавек сябе адчуваў свабодна. Я кажу, што людзі павінны зьвяртацца да дзяржаўных уладаў».
Паводле архімандрыта Аляксея, людзі «незадаволеныя падманам».
«Тут жа быў зусім іншы праект. І цэны, і ўнутраны стан кватэр. Няма ніякіх зялёных насаджэньняў, няма таго, што яны абяцалі. Прыгожая назва „Маяк Менску“, а ў чым тут маяк? Густанаселенасьць. А чалавек павінен дыхаць сьвежым паветрам, нешта павінна радаваць ягонае вока. А апроч дамоў нічога няма. І тут вось яшчэ зьнішчылі гай».
«Забудоўшчыкі ж тут не жывуць»
Забудоўшчыкі пакуль не пасьпелі зьнішчыць частку дрэваў з боку Дома міласэрнасьці.
«Цягам 9 траўня яны ўжо выраўноўвалі тэрыторыю. Усе ў жаху, усе абураюцца. Калі мы яшчэ набывалі гэтыя кватэры ў 2015 годзе, наш забудоўшчык „Зомэкс Інвэстмэнт“ паказваў нам плян, што тут будзе дзіцячы садок у межах гэтага гаю. Дзіцячы садок яшчэ сюды-туды. Паркінг павінен быў быць на іншым баку, паміж маім домам на Мсьціслаўца, 3 і домам, які цяпер будуецца. Але сёлета перайгралі плян, і паркінг вырашылі сьпіхнуць у гэты гай. Усё адбылося вельмі нечакана і хутка, у сьвяты. Хутка загарадзілі плот і ўсё высеклі пад корань», — кажа мясцовая жыхарка Ірына.
Калі Ірына ўбачыла, што адбываецца фактычна пад яе вокнамі, яна патэлефанавала ў міліцыю.
«Але ў міліцыі сказалі, што мой выклік ужо ня першы за гэтыя дні і яны выяжджалі на гэты аб’ект. І нібыта ім рабочыя прадставілі дакумэнты, што яны маюць права высякаць дрэвы. Я ў гэта ня веру».
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле Ірыны, забудоўшчык не прыслухоўваецца да пратэстаў жыхароў.
«Будаўніцтва паркінгу прынясе немалы прыбытак нашаму забудоўшчыку. І таму меркаваньне жыхароў, што яны хочуць слухаць сьпевы птушак і любавацца на дрэвы, забудоўшчыкаў абсалютна не цікавіць. Яны ж тут не жывуць».
«Пакуль частку гаю пакінулі і тэхніку адтуль прыбралі»
Жыхарка Юлія Машчонак кажа, што мясцовыя жыхары спахапіліся позна, калі ўжо амаль усё было павысякана.
«Калі мы другі раз выклікалі міліцыю, мы зьвярнулі ўвагу на пастанову Савету Міністраў, паводле якой забаронена высякаць дрэвы ў пэрыяд гнездаваньня птушак. І павінен быць дакумэнт аб абсьледаваньні насаджэньняў арнітолягамі на наяўнасьць гнёздаў. Як мы высьветлілі, такога дакумэнта не было. І ў нас былі падставы напісаць заяву ў міліцыю. Мы яе ўчора напісалі. Як нам сказалі работнікі, ім было загадана прыпыніць працу. Пакуль частку гаю пакінулі і тэхніку адтуль прыбралі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры мільёны даляраў стратаў для інвэстара. У Менску зносяць аб’ект, які ўлады палічылі незаконнымЗамежнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Зомэкс Інвэстмэнт» створана кампаніяй Dana Holdings.
Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч — дэпутат сэрбскага парлямэнту, дзе ўзначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю.
Падчас парлямэнцкіх выбараў 2016 году ў Беларусі ён у якасьці назіральніка хваліў на дзяржаўных тэлеканалах высокую яўку. Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гаагскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве.
Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных Аляксандрам Лукашэнкам.