Грамадзкага актывіста з Інгушэціі Ізмаіла Нальгіева, якога затрымалі 8 траўня ў аэрапорце «Менск-2» за гадзіну да вылету ў Эўропу, вырашылі выслаць зь Беларусі. Паводле праваабаронцаў, на радзіме Нальгіеву могуць пагражаць катаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельніка пратэстаў у Інгушэтыі Ісмаіла Нальгіева высылаюць зь БеларусіСвабода паглядзела, каго яшчэ, за што, куды і як высылаюць зь Беларусі?
Тры суіцыды з пачатку году
З пачатку 2019 году СМІ даведаліся ўжо пра тры выпадкі самагубства грамадзян Расеі праз пагрозу высылкі зь Беларусі. 35-гадовы Сяргей Барысаў з Лоева, які пражыў у Беларусі 17 гадоў і атрымаў рашэньне аб высылцы на 4 гады, пакінуў запіску: «Я ня ведаю, куды ехаць. Для іх гэта проста, а для мяне — у нікуды».
У Барысава засталіся брат-інвалід, маці-пэнсіянэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лоеве грамадзянін Расеі ўчыніў самагубства, бо яго высылалі зь БеларусіУ Буда-Кашалёве ў бацькі шасьцярых дзяцей Віталя анулявалі від на жыхарства і пагражалі выслаць на 10 гадоў. Сяргея звольнілі зь мясакамбінату, ён ня меў 100 рублёў, каб аплаціць афармленьне часовага дазволу на пражываньне. Ад безвыходнасьці Віталь учыніў самагубства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец учыніў самагубства праз пагрозу дэпартацыі зь Беларусі. У яго засталося шасьцёра дзяцей31 сьнежня 2018 году добраахвотна скончыў жыцьцё 68-гадовы жыхар Брагінскага раёну Мікалай Дземідзенка.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Вуглы Брагінскага раёну, потым пераехаў жыць у Карэлію, каля дванаццаці гадоў таму вярнуўся на радзіму — у вёску Старыя Хракавічы. Тут жыў старэйшы брат. Мікалай меў яшчэ савецкі пашпарт, новы ніяк ня мог зрабіць, бо меў праблемы з алькаголем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо трэці грамадзянін Расеі ўчыніў самагубства праз пагрозу высылкі зь БеларусіФармальныя падставы для высылкі ўсіх траіх — адміністрацыйныя правапарушэньні: ад адсутнасьці флікера да знаходжаньня ў стане алькагольнага ап’яненьня і дробнага крадзяжу ў краме.
А 3 траўня Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы на пяць гадоў 38-гадовага грамадзяніна Расеі Ўладзімера Траўтэра. Ён жыве ў Беларусі 26 гадоў. Мае сталую працу, сям’ю, дом, вялікую гаспадарку і крэдыт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговага расейца высылаюць зь Беларусі за правапарушэньнеВысылаюць ня толькі выпівох
У лістападзе 2018 году праваахоўныя органы спрабавалі пазбавіць віду на жыхарства і выслаць на 1 год прэсавую сакратарку АГП Ганну Красуліну, якая таксама стала жыве ў Беларусі, мае тут сям’ю, дзяцей, пажылых бацькоў, але зьяўляецца грамадзянкай РФ.
Ёй інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце (хоць штраф быў выплачаны на месцы). Аднак Красулінай рашэньне Маскоўскага раённага АГіМ удалося аспрэчыць у судзе дзякуючы грамадзкаму рэзанансу, розгаласу ў СМІ. Пазьней ёй прадоўжылі від на жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Красуліна атрымала від на жыхарства. У справе з высылкай яе ў Расею пастаўленая кропкаА вось праваабаронцу Алену Танкачову, якая зьяўляецца грамадзянкай Расеі, больш за 20 гадоў пражыла ў Беларусі, мае тут кватэру, лецішча, дачку, у 2014 годзе выслалі на 3 гады. Фармальна за перавышэньне хуткасьці, хоць Танкачова таксама аспрэчвала рашэньне аб высылцы ў судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду падаваць дакумэнты на грамадзянства», — Алена Танкачова вярнулася ў Беларусь пасьля высылкіУ студзені 2019 году Зь Віцебску выслалі ксяндза Паўла Кнурэка, грамадзяніна Польшчы, які праслужыў на Віцебшчыне амаль 18 гадоў, але не атрымаў дазволу на далейшае служэньне ў Беларусі і быў вымушаны пакінуць краіну. У студзені 2019 году таксама забаранілі служыць у Беларусі пробашчу салігорскага касьцёла ў гонар сьвятога Францішка Сабеславу Тамалу. Сьвятар служыў у Салігорску 20 гадоў, удзельнічаў у будаўніцтве касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады адмовілі віцебскім вернікам у просьбе вярнуць ксяндза-паляка. Без тлумачэньняўУпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка ў чэрвені 2018 году тлумачыў забароны на служэньні замежным сьвятарам «адміністрацыйнымі парушэньнямі» і скаргамі прыхаджан.
«Спрыяе крымінагеннай абстаноўцы ў Беларусі»
Цягам месяца ў студзені загадалі пакінуць Беларусь азэрбайджанцу Сеймуру Мамедгусейнаву, які 29 гадоў жыве ў Лідзе — прычым міліцыя вынесла пастанову, што ён «спрыяе крымінагеннай абстаноўцы ў Беларусі». Але чым канкрэтна ён пагражае, ня кажуць нават самому Сеймуру Мамедгусейнаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго схілялі да супрацоўніцтва». Пасьля 29 гадоў жыцьця ў Беларусі азэрбайджанцу загадалі зьехаць з краіныПраблема ў тым, што Сеймур — чалавек без грамадзянства. У 1996 годзе ён стаў грамадзянінам Беларусі, але ў 2006 годзе ў яго забралі беларускі пашпарт, і пачаліся праблемы.
Вялікі рэзананс набыла справа аб высылцы іранца Мэхрдада Джамшыдыяна, якога з чэрвеня 2018 году трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Менскай раённай міліцыі, што на вуліцы Скарыны. Там ён перажыў інфаркт. Іран настойваў на выдачы Джамшыдыяна, якога падазраюць у датычнасьці да забойства. Таксама на радзіме Мэхрдату Джамшыдыяну пагражае суд за вераадступніцтва, што ў ісламскай рэспубліцы Іран караецца сьмерцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранец правёў месяц у менскім ізалятары. У яго здарыўся інфаркт, і ён трапіў у рэанімацыю7 сакавіка 2019 году аддзел грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС прыняў рашэньне аб выдачы Мэрхдата Дажамшыдыяна ў Іран. На сайце Petitions.by двойчы зьбіралі подпісы пад зваротам з просьбай не высылаць іранца зь Беларусі, у падтрымку іранца выступіла Міжнародная Амністыя, таксама экстрадыцыю іранца аспрэчылі ў судзе. У выніку 4 траўня суд адмяніў рашэньне аб дэпартацыі.
Летась зь Беларусі дэпартавалі каля 300 і выслалі 1110 грамадзянаў РФ
Радыё Свабода не ўдалося атрымаць сьвежую інфармацыю дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, колькі наагул іншаземцаў у 2018 годзе было дэпартавана, пазбаўлена віду на жыхарства, выслана з краіны.
Раней начальнік дэпартамэнту грамадзянству і міграцыі Аляксей Бягун называў такую лічбу: штогод каля 2 тысяч іншаземцаў пазбаўляюць віду на жыхарства.
Часьцей за ўсё высылаюць зь Беларусі грамадзянаў суседняй Расейскай Фэдэрацыі (магчыма, таму, што іх у краіне болей за іншых іншаземцаў). У 2018 годзе зь Беларусі дэпартавалі блізу 300 расейцаў, а выслалі больш за 1 тысячу. (Пры гэтым вядома, што ў 2018-м зь Беларусі выслана прыкладна на 100 грамадзянаў Расеі менш, чым у 2017 годзе.)
Тэрміны высылкі — ад 1 да 10 гадоў.
І хоць ні беларускія міграцыйныя службы, ні амбасада Расеі ў Беларусі не паведамляюць больш разгорнутай інфармацыі, за якія канкрэтна правапарушэньні часьцей за ўсё высылаюць, Свабодзе стала вядома, што 160 чалавек выслалі за кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня.
Дэпартацыя і высылка — паняцьці розныя
Дэпартаваць, паводле закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства», артыкул 64, могуць за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы, за парушэньне заканадаўства.
Пытаньні дэпартацыі ўрэгуляваныя адмысловым палажэньнем Савету Міністраў ад 15 сакавіка 2007 году «Аб парадку дэпартацыі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства». Дэпартуюць часьцей за ўсё прымусова.
Акрамя дэпартацыі, ёсьць яшчэ высылка. Паводле артыкулу 65 таго ж закону, «іншаземец можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзянаў Беларусі і іншых асобаў, калі ён ня можа быць дэпартаваны». Рашэньне аб высылцы прымае аддзел грамадзянства і міграцыі РУУС ці КДБ.
А вось больш канкрэтнай расшыфроўкі, што ёсьць інтарэсы нацыянальнай бясьпекі, у чым праяўляецца пагроза грамадзкаму парадку, у законе дакладна не прапісана.
Працэдура высылкі звычайна такая: іншаземца пазбаўляюць віду на жыхарства і даюць месячны тэрмін, за які ён павінен пакінуць Беларусь. Высылка можа быць добраахвотнай і прымусовай.
«Іншаземцы ня зло для Беларусі»
На думку праваабаронцаў, трэба мяняць стаўленьне дзяржавы да замежных грамадзянаў, бо і так Беларусь ня вельмі прывабная краіна для іншаземцаў.
«Беларусь страчвае працоўную сілу — наша моладзь усё часьцей зьяжджае на заробкі ўжо не ў Расею, а на Захад. Мы маглі б выкарыстоўваць іншаземцаў як працоўную сілу. Іншаземцы ня зло для Беларусі. Трэба думаць, як нармальна рэгуляваць дачыненьні зь імі.
Але тут не затрымліваюцца нават грамадзяне Сырыі, дзе ідзе вайна. Калі яны спрабуюць легальна знайсьці працу, то, сутыкнуўшыся з нашай бюракратыяй, едуць на Захад», — разважае Эніра Браніцкая, каардынатарка напрамку абароны замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства праваабарончай арганізацыі Human Cоnstanta.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі расказалі, якія іншаземцы самыя законапаслухмяныяНа думку праваабаронцы Андрэя Стрыжака, дзяржава павінна стратэгічна вызначыцца ў дачыненьні людзей, якія стала жывуць у Беларусі шмат гадоў, якія пусьцілі тут карані, маюць сям’ю, маёмасьць.
«Для іх высылка — гэта сур’ёзнае выпрабаваньне, разрыў сувязяў зь Беларусьсю, зь сям’ёй, нават калі яго на год высылаюць. Калі чалавек тут жыве шмат гадоў, у яго сям’я, дзеці, маёмасьць, яго трэба ўспрымаць, як грамадзяніна Беларусі, і працаваць зь ім, як з грамадзянамі Беларусі, — выхоўваць, саджаць на суткі, у выцьвярэзьнік. Усё адно гэта будуць менш рэпрэсіўныя захады, чым высылка чалавека.
Безумоўна, іншаземцы павінны паважаць законы краіны, у якой жывуць. Але складваецца ўражаньне, што цяпер сапраўды ўлады сур’ёзна «ўзяліся за іх», — сказаў Андрэй Стрыжак.
Поўная вэрсія артыкула была апублікаваная на нашым сайце 6 лютага 2019 году.