Камітэт правоў чалавеку ААН прызнаў дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні Ільлі Петраўца ў 2011 годзе неправамернымі і абавязаў правесьці расьсьледаваньне аб жорсткім абыходжаньні, даць кампэнсацыю, не дапусьціць паўтарэньня такога і апублікаваць рашэньне Жэнэвы ў афіцыйных СМІ на дзьвюх дзяржаўных мовах, піша «Гомельская вясна».
Падчас «маўклівых пратэстаў» 22 чэрвеня 2011 году прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Ільля Петравец, які назіраў за акцыяй, у час затрыманьня атрымаў закрыты пералом носа.
Яго без тлумачэньняў затрымалі два чалавекі ў чорнай форме з надпісам «міліцыя», адвялі ў міліцэйскую машыну зь іншымі затрыманымі. Усіх іх прымусілі ляжаць на падлозе, людзі ў чорнай форме іх білі. Петравец атрымаў сама меней пяць удараў па твары і целе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць міністра Шуневіча да крымінальнай адказнасьціЯго пасьля даставілі ў абласны ўчастак міліцыі, зьнялі адбіткі пальцаў і вызвалілі без дакумэнтаў аб затрыманьні. У той жа дзень пацярпелы зьвярнуўся да хірурга, які дыягнаставаў пералом носа (дыягназ затым пацьвердзіла судова-мэдычная экспэртыза).
Петравец падаваў скаргі на супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру і суды, але тыя адмаўляліся распачынаць крымінальную справу нібыта праз адсутнасьць доказаў. Праваахоўнікі адмаўлялі і сам факт затрыманьня.
Відэа 2011 году:
Камітэт пастанавіў, што Петравец пацярпеў ад бесчалавечнага і прынізьлівага абыходжаньня, даў дастатковыя доказы і паказаньні сьведак, а беларускія ўлады пяць разоў адмовілі ў расьсьледаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт правоў чалавека ААН устаў на бок беларускі, якой міліцыянт зламаў нагу на «Плошчы–2010»Беларускія ўлады вырашылі спыніць камунікацыю з Камітэтам правоў чалавека ААН у гэтай справе. Адмову матывавалі тым, што справу прадстаўляў не пацярпелы, а ягоны адвакат, які пражывае ў Расеі. Рашэньні Камітэту ня маюць тэрміну даўнасьці.
Цяпер у Камітэце прынятыя рашэньні ў справах 120 беларусаў аб парушэньнях іхных правоў (зарэгістравана усяго больш за 300 скаргаў), але ніводнае рашэньне Камітэту ня выкананае беларускімі ўладамі, якія лічаць іх «рэкамэндацыйнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вы яшчэ тут «недасудзіліся». Беларускі ўрад адказаў актывістам на скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН