45% амэрыканцаў мяркуюць, што Кангрэс павінен аб’явіць імпічмэнт для цяперашняга прэзыдэнта краіны Дональда Трампа. Зь сярэдзіны красавіка колькасьць жыхароў ЗША, якія падзяляюць ідэю адхіленьня Трампа ад пасады, вырасла яшчэ на 5%.
Пра гэта гаворыцца ў сацыялягічным апытаньні, вынікі якога былі апублікаваныя 9 траўня агенцтвам Reuters / Ipsos.
У той жа час 42% апытаных лічаць, што Дональда Трампа нельга адхіляць ад пасады, а яшчэ 13% апытаных устрымаліся ад адназначнага адказу. Падчас папярэдняга апытаньня, якое праводзілася з 18 па 19 красавіка, за імпічмэнт выказаліся 40% рэспандэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэханізмы адхіленьня ад улады прэзыдэнта ЗША: імпічмэнт і 25-я папраўкаВынікі апытаньня, праведзенага 6 траўня, ня ўнесьлі яснасьць у галоўнае пытаньне, якое хвалюе лідэраў Дэмакратычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў. Гэтае пытаньне заключаецца ў тым, чаго сапраўды хочуць амэрыканцы: спыненьня шматлікіх расьсьледаваньняў у дачыненьні да прэзыдэнта або пераходу да працэдуры абвяшчэньня імпічмэнту.
У кіраўніцтве дэмакратаў пакуль не прыйшлі да адзінай думкі наконт неабходнасьці адхіленьня прэзыдэнта ад пасады, улічваючы тое, зь якім супрацівам гэтая ідэя сутыкнецца ў Сэнаце, які кантралюе Рэспубліканская партыя.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі 9 траўня падкрэсьліла, што кангрэсмэны, якія вядуць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Трампа, прытрымліваюцца «паэтапнага падыходу». Паводле яе, расьсьледаваньні вядуцца «вельмі мэтадычна» і заснаваныя выключна на канстытуцыйным праве. Яна заявіла, што дэмакраты і ў далейшым будуць кіравацца толькі атрыманымі імі фактамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Працяглае расьследаваньне «расейскага сьледу» шкодзіць ЗША57% удзельнікаў апытаньня пагадзіліся з тым, што далейшае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Трампа можа перашкодзіць ажыцьцяўленьню «важных дзяржаўных задач». Так лічыць палова ўсіх апытаных дэмакратаў і тры чвэрці ўсіх рэспубліканцаў.
32% апытаных пагадзіліся з тым, што дзеяньні Кангрэсу ў сувязі з публікацыяй справаздачы Мюлера цалкам законныя. Супрацьлеглага пункту гледжаньня прытрымліваюцца 47% апытаных.
Папулярнасьць Трампа засталася бязь зьменаў у параўнаньні зь мінулым тыднем: 39% апытаных падтрымліваюць дзеяньні прэзыдэнта, 55% не ўхваляюць дзейнасьць Дональда Трампа.
У апытаньні, які праводзілася на ўсёй тэрыторыі ЗША, прынялі ўдзел 1006 чалавек. Ўзровень хібнасьці дасьледаваньня складае каля 4 працэнтных пунктаў.