Двух расейцаў у Чарнагорыі асудзілі завочна за спробу дзяржаўнага перавароту

Будынак суду ў Падгорыцы знаходзіцца пад аховай спэцпадразьдзяленьня паліцыі

Суд у Чарнагорыі вынес у чацьвер абвінаваўчы прысуд па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту, які плянаваўся ў дзень парлямэнцкіх выбараў 16 кастрычніка 2016 года.

Абвінаваўчае заключэньне тычыцца 14 чалавек. Сярод галоўных абвінавачаных — двое расейскіх грамадзянін Эдуард Шышмакоў і Ўладзімір Папоў, а таксама лідэры прарасейскага апазыцыйнага «Дэмакратычнага фронту» Мілан Княжэвіч і Андрыя Мандзіч.

Суд прысудзіў удзельнікаў групы да розных тэрмінаў зьняволеньня — ад 6 месяцаў да 15 гадоў. Самы вялікі тэрмін атрымаў Шышмакоў — 15 гадоў. Папову прызначана 12-гадовае пакараньне. Абодва расейскіх грамадзяніна, якіх лічаць супрацоўнікамі спэцслужбаў, абвешчаныя ў міжнародны вышук. Іх месцазнаходжаньне невядомае. Расея адмаўляе датычнасьць да любых незаконных дзеяньняў у Чарнагорыі.