Пасольства Расеі просіць доступу да сваіх грамадзянаў, якіх арыштаваў беларускі КДБ

  • БелаПАН

Ля расейскай амбасады ў Менску

Пасольства Расеі ў Менску атрымала афіцыйнае паведамленьне ад МЗС Беларусі аб затрыманьні беларускім КДБ трох расіянаў.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар пасольства Аляксей Маскалёў, беларускі МЗС паінфармаваў, што грамадзяне РФ затрыманыя ў сувязі з падазрэньнем у дачы хабару.

Расейскі бок накіраваў запыт аб доступе консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых грамадзянаў Расеі.

У паведамленьні не гаворыцца, ці зьвязанае затрыманьне расіянаў зь нядаўнімі гучнымі затрыманьнямі гендырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргея Сівадзедава і Андрэя Ўцюрына, які да нядаўняга часу займаў пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гендырэктар «Белтэлекама» затрыманы за хабарніцтва. У яго знайшлі 470 тысяч даляраў

4 траўня КДБ разьмясьціў на сваім сайце інфармацыю пра затрыманьне гендырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргея Сівадзедава за атрыманьне хабару ад грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі «за спрыяньне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня ў памеры 15.000 эўра». Той, хто даваў хабар, таксама затрыманы.

Акрамя таго, на сайце КДБ было разьмешчанае паведамленьне пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару ад прадстаўніка расійскай камэрцыйнай структуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: Андрэй Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ад расейскай кампаніі

Згодна з інфармацыяй КДБ, Уцюрын быў затрыманы за руку «пры атрыманьні 148.600 долараў ЗША ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры „Г“ за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь». Адзначаецца, што абодва абвінавачаныя прызналі віну па дадзеным эпізодзе ў поўным аб’ёме. Да іх ужытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.