Магілу абавязкова накрыць. Як жывыя сустракаюцца з памерлымі на Магілёўшчыне. ФОТАРЭПАРТАЖ

Наведаць родных штогод прыходязць ня толькі тутэйшыя, але і тыя, хто даўно зьехаў і жыве ў іншых гарадах і краінах.
 

Зранку сваякі прыходзяць з абрусамі, капамі і ручнікамі. Прыбіраюць, вешаюць на крыж ручнік, накрываюць магілы і кладуць кветкі, яйкі і цукеркі.

Усе магілы павінныя быць пакрытыя. Гэтыя покрывы можна выкарыстоўваць толькі на могілках. Калі покрыва старэе, то яго можна ці аддаць бедным, ці спаліць, выкарыстоўваць іншым чынам нельга.

Раней покрывы былі вышываныя, цяпер шмат у продажы, таму людзі купляюць у краме.

“Тут пахаваны хлопец, бацька яго недзе зьнік, а ён неяк вярнуўся са школы, там нешта здарылася ў яго з аднаклясьнікамі, і павесіўся. А вось таксама тры магілы: дачка павесілася, 27 гадоў было. А праз адну яе маці ляжыць, шла нападпітку па кладачцы праз ручаёк, упала і не змагла падняцца. А гэта „аўганец“, магіла з зорачкай, у раёне два чалавекі загінулі”, -- апавядае гісторыі пахаваных мясцовы жыхар Генадзь.
 

Аляксандар — перасяленец зь вёскі Савінічы, зьнішчанай пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Тут у яго пахаваныя бацька і дзед з бабай. «Але цяпер накрываць на стол мы ня будзем, паеду на савініцкія могілкі ў зону, там мае асноўныя сваякі».

Генадзь і Надзея прыходзяць на могілкі да дзяцей, цешчы і далёкага сваяка. Дачка Вераніка нарадзілася ў 1985 годзе. «Праз год здарылася Чарнобыльская аварыя, — кажа Генадзь. — Наша вёска за некалькі кілямэтраў ад забруджаных тэрыторыяў. У 20 гадоў у Веранікі дыягнаставалі рак 4-й ступені...» Празь некалькі гадоў празь няшчаснае каханьне застрэліўся і сын Генадзя і Надзеі.

Тацяна цяпер жыве пад Масквой, але штогод зь сям’ёй прыяжджае сюды, да бацькоў і іншых сваякоў. «Яны чакаюць нас у госьці, мы прыходзім да іх і памінаем. Кажуць, які мы стол накрылі, так іх там і памінаюць. Радаўніца — сьвята, яны радуюцца там і чакаюць нас тут. Муж, калі першы раз пабачыў, як мы з торбамі сюды ідзем, падумаў, што гэта эвакуацыя на вёсцы».

За сталы звычайна сядаюць у абед. Мясцовыя згадваюць, што раней тут быў адзін стары вернік. Ён праходзіў з кадзілам, далей званіў у бубен, і толькі тады ўсе сядалі. Цяпер такіх людзей няма. Таму сядаюць, хто як прыедзе.

Самае галоўнае ў традыцыі, кажуць тутэйшыя, што яны ўсе разам тут зьбіраюцца і ня толькі са сваякамі. Тут і аднаклясьнікаў сустрэнеш, і суседзяў былых.

Алена згадвае, што калісьці тут было шумна, багатыя сталы, сядзелі дапазна, гулялі нават у лапту, карты і шахматы. Апошнім часам маладзейшыя адмаўляюцца есьці на могілках. «Але як я скажу сваёй 70-гадовай цёці Валі, сталаму чалавеку, якая ўсё жыцьцё хадзіла на могілкі і абедала, адмовіцца ад гэтай традыцыі».

Валянціна Міхайлаўна і Віктар Яфімавіч нядаўна адсьвяткавалі «залатое вясельле». На могілках у Высокім у іх пахаваны сын, які памёр ад сардэчнага прыступу.

Спадарыня Юлія Яфіменка прыйшла да мужа і ягоных сваякоў. Яна нарадзілася пад Шчучынам у вёсцы Еўлашы. Пасьля вучылася ў Астрыне на кінамэханіка, там пазнаёмілася з будучым мужам і пераехала ў Высокае. Тут спадарыня Юля ўпершыню сустрэлася з такой традыцыяй памінаньня.

Калі заканчваецца абед, покрывы прыбіраюць. Абрусы, якімі накрываюць могілкі, у той жа дзень праць нельга, толькі на наступны.