«Ну, да каго ж мне піць?» Гарэлка і выпіўка ў беларускай літаратуры. 18+

Пэдэр Сэвэрын Кроер, «Сьвята мастакоў у Скагене» (1888)

Сьмяюся і плачу, плачу і сьмяюся, калі чытаю гэты допіс у «Нашу Ніву» з сакавіка 1909 году (захаваны правапіс арыгіналу):

В. Кленікі, Гродзенскай губ. Бельскага пав. Мужыкі памалу пачынаюць разумець, якую карысьць прыносіць бібліотэка. Гэта відаць з апошняго валаснога схода, што быў 22 лютаго. Ў самым пачатку сход пастанавіў забараніць сваім грамадзянам піць гарэлку і піва; а калі хто будзе і далей піць, дык штрафаваць. Выбралі шэсьць мужыкоў, каторые павінны былі пільнаваць, каб усе спаўнялі гэтае пастанаўленьне; за гэтым павінны былі глядзець і ўсе мужыкі. Зрабілі прыгавор, асталося толькі падпісацца, — здавалося, справа ўжо і скончылась. Але пасьля, як неколькі мужыкоў абдумаліся і паднялі вялікі гвалт: «гарэлку і піва трэба піць!», і прыгавор адмянілі. Аднак, пасьля ізноў мужыкі адумаліся і пастанавілі скасаваць усе шынкі. Гэты прыгавор падпісалі, а тых, хто пойдзе проці гэтаго пастанаўленьня, штрафаваць на 10 рублёў. Штраф пастанавілі аддаваць на бібліотэку, а калі зьбярэцца штрафу болей, як на 25 рублёў, то даваць на школу. Добра, што мужыкі зразумелі хоць тую шкоду, якую робяць шынкі. Ў які тыдзень-другі мужыкі выпіваюць бадай с тысячу бутэлек піва і цэлую рэку гарэлкі. Як раней казалі, мужыкі сьмеяліся, што шынкару прыдзецца правясьці трубу з бровара ў шынок, бо кабыле прыходзіцца вазіць гэтулькі гарэлкі і піва, што хутка прыстане. Відаць, шынкар хоча заліць мужыкоў гарэлкай так, як і знахар Хрэбустоўскі. Халімон с-пад Пушчы.

Вёска Кленікі — родная вёска маёй мамы, у тамтэйшай прыхадзкой царкве Ўзьнясеньня Гасподняга мяне хрысьцілі, там я і вянчаўся. І выпіў я ў гэтай славутай вёсцы некалькі бочак піва і гарэлкі зь сябрукамі і сваякамі, калі яшчэ лічыў, што беларусу спачатку трэба напіцца, а толькі потым ісьці ў бібліятэку.

У Кленіках піць не перасталі. Ні ў 1909-м, ні 100 гадоў пазьней. Але мне прыемна падумаць, што мужыкі ў маёй роднай старонцы, калі ўся Беларусь працягвала патанаць у гарэлачным ачмурэньні, хоць на кароценькае імгненьне ўзьняліся вышэй за свой мужыцкі кон і пастанавілі ня піць, а чытаць кнігі. Ну бо паслухайце далей, што было ў Кленіках пасьля таго сходу (допіс у «Нашу Ніву» зь ліпеня 1909):

С. Кленікі, Бельск. пав. Гродзенск. губ. Колькі карысьці нашым селянам даюць бібліотэкі-кнігарні, добры прыклад можэм бачыць і пазнаць з нашага села. Ешчэ недаўна тут залажылі такую кнігарню, а народ ўжо палепшаў, паспакайнеў. Ёсць, ёсць ешчэ грэшкі, і найбольш прычыны іх трэба шукаць у манапольцы, але ўжо не напіваюцца так, каб у безпамяцтві адгрызаць адзін аднаму насы, як было ў суседнім засьценку. Мужыкі сталі пазнаваць і шанаваць сваю павагу чалавека і разумець, што і яны такіе-ж, як і ўсе — людзі. Не дрыжаць ужо яны так перад сваім начальствам, як даўней, бо, чытаючы кнігі, спазналі добра, што можна, а чаго ня можна. Карыстаюць з гэтых кніжак ня толькі мужчыны, але і кабеты грызуць іх як рэпу; нават сваркі цяпер памеж іх менш, чымсь даўней, чутно; а што дзяцэй, — дык тых і неадагнаць ад чытаньня. Можна напэўне спадзевацца, што калі так пойдзе далей, то нашы селяне зробяцца культурнымі — разумнымі людзьмі. Кабета Наталка.

У кленіцкую бібліятэку кнігі прысылаў сам Леў Талстой, які таксама ліставаўся з кленіцкімі мужыкамі (кнігі Талстога ў Кленіках канфіскавалі ўлады, калі пісьменьнік разарваў адносіны з Праваслаўнай царквой; лісты Талстога да кленіцкіх чытачоў прапалі ў віры «бежанства» 1915 году). І гэтыя кленіцкія людзі (неверагодна, але гэта факт, апісаны ў «Нашай Ніве» з кастрычніка 1909!), стварылі народны тэатар (як думаю, наогул першы ў Беларусі) ды восеньню 1909 паставілі п’есу «Разумны і дурань» Івана Карпенкі-Карага. Вось што значыць працьверазіцца хоць на месяц! Падумайце людзі і апомніцеся! — хацелася б тут выгукнуць. Я, дарэчы, апомніўся, калі мне было ўжо за 50. І пасьпеў яшчэ дапамагчы заснаваць беларускі тэатар на Падляшшы, 100 гадоў пасьля таго кленіцкага. І сабраў хатнюю бібліятэку з трох тысяч тамоў. Так што не кажыце, што позна… Кідайце піць, і ўсё тут!

Карацей, гэта быў такі асабіста-правінцыйны ўступ да маёй падборкі фрагмэнтаў зь беларускай літаратуры пра гарэлку і выпіўку. Шчыра кажучы, ніводзін зь ніжэй прыведзеных тэкстаў не давёў мяне да такога ўзрушэньня, як два працытаваныя допісы ў «Нашу Ніву». Але выбраныя мною тэксты таксама, як той казаў, падбіваюць на сякія-такія роздумы і пачуцьці. Мяркуйце самі.

Ян Баршчэўскі «Гарэліца» (першая палова ХІХ ст.)

Гэты польскі клясык беларускай літаратуры пакінуў па сабе ўсяго тры вершыкі па-беларуску. І адзін зь іх, а як жа іначай, пра гарэлку і мужыцкі лёс. Апісваецца архетыпічная беларуская сытуацыя — што пры паншчыне, што пры калгасах і аграгарадках. Ілюстрацыя: Адрыян Браўэр «Горкі напой» (1630-1640).

«Ах ты ж, мая гарэліца, мая весялуха,
Цераз усю мяне ночку мучыла сукруха.
Ці мне ж было гэта лоўка, што я усю ночку
Толькі відзеў ува сьне парожнюю бочку?

А цяпер жа я даждаўся, вот тут загуляю,
Гуга, гуга! — загукаю і запаклікаю.
Ці мне ж у галаве хатка, ці дзеткі, ці жонка?
Яшчэ ж у мяне з грошыкамі бразгае машонка.

Слава ж Богу, што даждаўся. Вот тут загуляю!
Гуга, гуга! — загукаю і запаклікаю.
Калі ж пойдзе уся хатка, дык жонцы — вяроўка,
А мне з панам разьбірацца ня будзе то лоўка.

А я ж пану пакланюся: панок, маё гора,
Жыта касіў, сена грабіў цэлы дзень учора.
Вот тут пан прасьціць і міласьць пакажа,
Яшчэ хлопцу гарэліцы мне прынесьць прыкажа».

Янка Купала „Пры выпіўцы“ (1906)

Амбівалентныя (прабачце за слова) пачуцьці выклікае ў мяне гэты вершык. Нібыта разумею, што паэт тут горка іранізуе зь „вясёлага краю“ і насамрэч плача над доляй п’янага мужыка, але адначасова адчуваю, што выпіўка — яна тут ня толькі ад гора і безнадзейнасьці. Ну бо каму б не хацелася, каб яго час на зямлі прамінаў „гучна і весела“, а сьвятло зары „чароўна развагніла чарку“?! Ілюстрацыя: Адрыян Браўэр «Карчма з п’янымі мужыкамі» (1620).

«Вось і карчомка —
Вясёлы наш край!
Жыва, гэй, Шлёмка,
Гарэлкі давай!

Што там марудзіш
Ты, гэткі, такі?
Ў крыўдзе не будзеш,
Як п’юць бедакі!

(…)

Жыва ж, гэй, Шлёмка,
Гарэлку стаўляй,
Чаркай ды ёмкай
Ты нас надзяляй!

Весела, гучна
Час будзе ляцець,
Будзем піць дружна
І песенькі пець.

Ночка за чаркай
Пяройдзе, як стой,
Раніца ярка
Зардзіць над зямлёй.

Дымкай чырвонай
Зара замігціць,
Чарку чароўна
Сьвятло развагніць».

Якуб Колас „Новая зямля“ (1911–1923)

Адно з самых прыгожых апісаньняў выпіўкі ў беларускай літаратуры. І Купала тут згаданы вельмі душэўна. Ілюстрацыя: Мартэн ван Клевэ «Сялянская хата» (1555-1560).

«Крыніцы бурнага натхненьня,
Мінут вясёлых, ажыўленьня,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
I ласа ўсе на іх глядзелі.
Ляжыць гарамi ў іх падножжы
Закуска, гэта міласьць божа:
Тут сыр, як першы сьнег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсьць у Беларусі.

Мой мілы Янка, мой Купала!
Ў агульны вір нас доля ўгнала.
Чаму ж, чаму часінай тою
Мы не спаткаліся з табою,
Каб стол сялянскага банкету
Разьвесяліў душу паэту?

Міхал тут чарку налівае.
— Ну, да каго ж мне піць? — пытае,
Гасьцей абводзячы вачыма.
— Пускай з канца, пачні зь Яхіма.
— Ну, кум Яхім, стары дружака!
Няхай міне нас гора ўсяка;
Дай, Божа, добрую прыгоду,
Каб больш налета было мёду;
Каб мы пілі, яшчэ прасілі,
Каб на галовах захадзілі,
Дык будзь здароў! — Ну, дай жа, Божа.
— За ваша, госьцейкі, здароўе! —

(…)

Бутэлька выпіта; другая,
Як бачыш, месца заступае,
А госьці вокрыкам зьдзіўленьня
Яе вітаюць тут зьяўленьне.
Жанкі таксама балявалі
I ад мужчын не адставалі,
Але ад іх адмежавалісь —
Сваёй гарэлкай частавалісь.
Гарэлка ж іх тым адразнялась,
Што ў бутлі слодыч дадавалась».

Уладзімер Караткевіч „Дзікае паляваньне караля Стаха“ (1964)

„Я піў і амаль не п’янеў“ — кажа герой Караткевіча. Добра закусваў, канешне. Як закусваў — было тут. А цяпер — як хвацка выпіваў. Ілюстрацыя: Якаб Ёрданс «Бабовы кароль» (1638).

«Вячэра цягнулася далей. Зноў частавалі, зноў пілі. Я заўважыў, што Дубатоўк падлівае сабе і мне роўна, п’е і дапытліва паглядае на мяне. Калі я выпіваў чарку, на яго твары зьяўляўся выраз задавальненьня. Гэта было сваероднае падбухторваньне на спаборніцтва. А ў пярэрвах ён прапаноўваў то „бліны з мачанкаю“, то „надзвычайныя штонікі з мясам, так і плаваюць у масьле, сьвятыя такіх не елі“. Відаць, ён апрабоўваў мяне з усіх бакоў. Я піў і амаль не п’янеў.

Астатнія, акрамя Сьвеціловіча, былі ўжо ў тым стане, калі кожны ня слухае, што кажа другі, калі твары чырвоныя, калі адзін сьпявае, другі расказвае сябру пра гісторыю зь яго каханкай, трэці наддзіраецца, каб зьвярнуць увагу ўсіх на нейкі калярытны факт сваёй біяграфіі, а чацьвёрты сам сабе распавядае, якая добрая ў яго была маці, і які ён п’янюга, і які ён ганебны: няварты такой маці сын.

Сьпявалі, цалаваліся. Нехта выў:

Мая жонка ў хаце,
А я п’ю, гуляю.
Карчмару вала, а душу
Д’яблу прапіваю.

​Другі цягнуў сваё:

Раскажыце мне, добры людзейкі,
Дзе мой любы начуе.
Калі ў дальняй дарозе —
Памажы яму, Божа,
Як ва ўдовачкі на пасьцелечцы —
Пакарай яго, Божа.
Як ва ўдовачкі на пасьцелечцы…

Хтосьці прыўзьняў галаву ад стала і прасьпяваў свой варыянт апошняга радка:

Пам-мажы яму… тож-жа.

Усе зарагаталі.

Між тым Дубатоўк пакруціў галавою, як быццам адганяючы ачмурэньне, устаў і агаласіў:

— Я нарэшце знайшоў сярод маладых сапраўднага шляхціца. Ён піў сёньня больш за мяне, я адурэў, а ён сьвежы, як хмыз пад дажджом. Вы ўсе тут ня вытрымалі б і паловы гэтага. Дзевяць з вас ляжалі б бяз ног, а адзін мыкаў. Гэта мужчына! Гэта чалавек! Яго, і толькі яго, я з задавальненьнем узяў бы ў сябры юнацтва».

Васіль Быкаў „Знак бяды“ (1985)

Эх, колькі самагону я нагнаў з бацькам і дзедам на нашым падляскім хутары. І пераспрабаваць першачку даводзілася таксама нярэдка, хоць і непаўналетняму. А таму магу ацаніць амаль як экспэрт вось гэты быкаўскі фрагмэнт. Выдатны кавалак рэалістычнай прозы. Ілюстрацыя: Ян Стэн «П’яніца» (1660).

«Пятрок гнаў гарэлку.

Ён выбраў для таго самы прыдатны закутак, які можна было знайсьці ў рове, — разложысты мелкаваты раўчук за барсуковай нарой, густа зарослы маладым ельнікам, у якім было зацішна і схоўна. На невялічкай прагаліне між ялін уладкаваў няхітрае самагоннае начыньне: казан з брагай, дзежку, налітую сьцюдзёнай, з ручая, вадой; доўга корпаўся, покуль прыладзіў да месца медны зьмеявік-трубку, і ўрэшце расклаў цяпельца. Ад ашчадна падпаленай адною запалкай бяросты лёгка загарэлася сухая растопка, а зь ёй — і бярозавыя паленцы, бярэмак якіх ён не паленаваўся прынесьці з хутара; кусьлівыя языкі полымя пачалі порстка лізаць стары закапцелы казан. Ад сухіх дроў дыму было ня шмат, і Пятрок упершыню за ранак задаволена паглядзеў угору, у хмарнае ветраное неба над хваёвым вяршальлем, думаючы, што здалёку яго не павінен хто-небудзь заўважыць, хіба налезе зьнянацку. Дровы хутка разгараліся, Пятрок, стоячы на каленях перад казаном, рупна пасоўваў галавешкі, каб больш грэла зьнізу. Ён і сам грэўся, бо хоць і было зацішна, аднак ад зямлі паднімалася лесавая сырасьць, ад якой стылі плечы і рукі. Ля агню ж было добра. Зноў жа трэба было сачыць, каб у час збавіць агонь, інакш прыгарыць брага і спляжыць увесь выган. Пятрок, канешне, ня першы раз у жыцьці браўся за такое дзела, меў ужо нейкі вопыт. Але вопыт гэты прыпадаў на даўнія ўжо, дакалгасныя гады. Апошнім жа часам перад вайной самагон гналі рэдка, хіба зь нейкай пільнай нагоды, бо не было з чаго гнаць ды і піць ня дужа было ахвотнікаў. Але, мусіць, казан грэўся марудна на вогнішчы ў рове — ня тое што ў асеці або істопцы, дзе, ведама ж, было зручней. Але там хіба цяпер выганіш? (…)

Але во, здаецца, набліжаўся той самы прыемны момант, калі першыя кроплі з трубачкі, урачыста бумкнуўшы ў дне, упалі ў медную конаўку. Пятрок зараз жа выграб з-пад казана недагарэлыя галавешкі, цяпер будзе даволі вугольля ды слабага агню, полымя ўжо ня трэба. Тым часам кроплі з трубкі пасыпаліся часьцей, нават быццам зацурчала тоненькім, як нітачка, струменьчыкам, сярод дымнага смуроду ў раўку прыемна запахла сьпіртным. Тут трэба было асабліва ашчадна абыходзіцца з агнём, трымаць жар у адной меры: каб не астыў казан, але і каб не перагрэўся, не падгарэла гушча, — што і казаць, умельства трэба было ня меней, чым пры ігры на скрыпцы. Пятрок аж захваляваўся і то прысоўваў галавешкі бліжэй да казана, то адсоўваў іх далей; ад дыму ў яго сьлязіліся вочы, і ён выціраў іх скарэлымі пальцамі і ўсё зазіраў у конаўку: а ці многа? Урэшце там набралася да палавіны, ён узяў конаўку і ашчадна пераліў чысьцюткую, як сьляза, гарэлку ў старую, ад ліманаду, бутэльку. То быў пяршак, самая моцная на градус порцыя з усёй выганкі. Яму стала шкада аддаваць яе ў ненажэрнае горла Гужа, можа б, сам калі выпіў пры якой нагодзе ці ашчадзіў для добрага чалавека. Так трохі разважыўшы, Пятрок закаркаваў скамечанай паперынай бутэльку і адышоўся да шыпшынавага куста на ўскрайку прагаліны. Там ён выграб у зямлі добрую ямку і, уладкаваўшы туды бутэльку, старанна загарнуў яе прэлым лісьцем. Хай ляжыць на час лепшы».

Адам Глобус „Дамавікамэрон“ (гісторыя „Паэт“, 1994)

Вось той Глобус, які нам некалі падабаўся і далей падабаецца. Куды ён дзеўся цяпер? Ілюстрацыя: Эдгар Дэга «Абсэнт» (1876)​.

«„Што ні раблю — адны памылкі спрэс“, — Паэту згадаўся ўласны радок.

— І як будзем сьвяткаваць? — Журналістка перахапіла ініцыятыву.

— Трэба ўзяць сьпіртное, — вяла прапанаваў аўтар кнігі.

У камісійнай крамцы яны ўзялі „NAPOLEON“.

Журналістка затэлефанавала дамоў і папрасіла мужа, каб ён забраў сына з дзіцячага садка. А на пытаньне, дзе піць каньяк, прапанавала сесьці ў дваровай альтанцы, зрабіць па глытку і вырашыць, куды ісьці далей.

Празь якія паўгадзіны парожняя бутэлька паляцела ў хмызы за альтанкаю.

„Ёсьць дарога, няма ў той дарогі канца дый пачатку“, — ап’янелы Паэт успомніў другі радок.

— Мне трэба ў прыбіральню, — Журналістка паднялася.

— Я правяду, — Паэт устаў.

Яны ўзяліся за рукі і пайшлі праз хмызы да гаражоў.

— Ідзі, а я пагляджу, каб ніхто не ішоў, — прапанаваў ён.

— Можам разам пайсьці, — яна зазірнула ў Паэтавы вочы.

За гаражом Журналістка спрытна ўскінула спадніцу і прысела на кукішкі. Паэт стаў тварам да гаражнае сьцяны. Узбуджанасьць замінала яму, і Журналістцы давялося доўга чакаць Паэта. Яна ўжо зусім не з прафэсійнай цікаўнасьцю назірала за мужчынам, які спраўляў патрэбу на аблезлую сьцяну.

Паэт зашпіліў нагавіцы і прапанаваў пайсьці да яго дамоў. Журналістка апусьціла вочы ў знак згоды. Яны селі ў тралейбус, дзе Паэт адчуў няёмкасьць, бо ў нагавіцах меў больш плоці, чым звычайна, калі езьдзіў грамадзкім транспартам. Яму стала зусім ніякавата, калі сутыкнуўся твар у твар са знаёмым Тэлеапэратарам. І каб выйсьці з недарэчнай сытуацыі, Паэт не прыдумаў нічога лепшага, як запрасіць яго ў госьці. Тэлеапэратар узяў дый пагадзіўся.

Дома Паэт выставіў на кухонны стол прыхаваную на чорны дзень гарэлку. Пасьля другой чаркі ён з сумам заўважыў, што Тэлеапэратар спадабаўся Журналістцы.

Яна колькі разоў тэлефанавала дадому, і яе голас рабіўся падчас размоў з мужам лагодны да прыкрасьці.

Ад выпітага Паэт заблажэў і пайшоў у прыбіральню ванітаваць, а калі вярнуўся на кухню, дык ня ўбачыў удзельнікаў імправізаванага сьвята паэзіі.

Ён узяў са стала перапэцканы ў тлушч зборнічак і ледзь не заплакаў, пабачыўшы на вокладцы колца сьледу ад чаркі. З кніжкаю ў руцэ, трымаючыся за сьцяну, Паэт пайшоў класьціся спаць. Ва ўласным ложку ён убачыў аголеную жанчыну, у якой паміж раскінутых сьцёгнаў цямнела мужчынская галава. Паэт нават не адразу пазнаў у каханках Тэлеапэратара з Журналісткаю.

Ён ня стаў спыняць эратычны занятак, а вярнуўся за непрыбраны стол і пачаў перачытваць свае вершы».

Уладзімер Арлоў, „Сібірская аповесьць“ (1998)

Гісторыя-перасьцярога. Некалі я пераклаў яе на польскую мову, каб перасьцерагчы і полек. Ня піце, дзеўкі, з філёзафамі ў дзень нараджэньня! Ілюстрацыя: Давід Тэнірс Малодшы «Малпы кураць і выпіваюць» (1660).

«Філёзаф Юра таксама падрыхтаваў Ірыне падарунак. Пасьля некалькіх келіхаў шампанскага каханы сказаў, што, калі ён сапраўды дарагі ёй, Іра павінна аддацца кожнаму зь яго запрошаных сяброў. Яна не дала веры вушам, ускочыла, каб уцякаць, ды ногі ня слухаліся — віно выканала сваю ролю. А мо і ня толькі віно, бо яе агарнула такое пачуцьцё, быццам усё, што робіцца, адбываецца ня зь ёю, а зь яе двайніком, зь Іркаю № 2, а яна, Ірка № 1, глядзіць на гэта адкульсьці з-за гронкі крышталёвых вісюлек люстры.

Юра пранікліва, як гіпнатызэр, казаў, што ягоныя сябры — людзі шырокіх поглядаў, што ўсе яны надзвычай прыстойныя і глыбокія натуры, што пра гэты вечар ніхто і ніколі не даведаецца, затое за колькі гадзінаў яна набудзе сэксуальны досьвед, на які іншым спатрэбяцца гады…

Глыбокіх натур на дзень нараджэньня завітала трое. Каб высьветліць, хто першы пачне надзяляць Іру сэксуальным досьведам, яны выцягнулі з калоды па карце. Юра дэмакратычна цягнуў з усімі на роўных; ён дастаў кралю і апынуўся ў чарзе астатнім. Ірыне далі яшчэ выпіць; далей сьвядомасьць дзейнічала ўжо са збоямі: нехта як быццам то зашморгваў, то адшморгваў перад вачыма чорную запавесу. У адным прасьвеце яна патрапіла запомніць Юру, які, стоячы над канапаю, цэліўся ў яе з фотаапарата. У другім убачыла, як госьці зноў цягнулі карты, прычым адразу двое ўзялі тузоў, і Юра сказаў, што абодва маюць роўныя правы, а таму зараз яна даведаецца нешта новае…

На раніцу Ірка прачнулася ў абдымках у Юры. Ён адразу наліў ёй келіх шампанскага, а потым яшчэ адзін. Ён быў, як заўсёды, пяшчотны і ўважлівы, цалаваў яе ў нос і ў макаўку і ўгаворваў лічыць усё ўчарашняе сном. Яна кахала Юру, а таму пагадзілася: так, гэта сон. Ёй уявілася, што Ірка № 1 вярнулася ўчора з-за крышталёвых вісюлек дахаты і сёньня пайшла ў школу. Яна ж, Ірка № 2, працягвае ёй сьніцца і ў гэтым сьне дазваляе Юру абдымаць сябе і называць ранейшымі ласкавымі імёнамі, зь ледзяной яснасьцю разумеючы, што сама ўжо не пойдзе ні ў школу, ні дадому».

Сяргей Прылуцкі „Дэгенэратыўны слоўнік“ (гісторыя „Цыган Пальто“, 2014)

Да чаго толькі чалавек не дадэгенэруецца ў Беларусі? Нават да таго, што з самагону пяройдзе на піва! Ня верыцца. Але што ж, licentia poetica, як той казаў. Ілюстрацыя: Адрыян ван Остадэ «Мужыцкая бойка» (1637).

«Сёмы клас, увесь, без астатку, праляцеў для мяне ў алькагольных парах. Баця тады акурат купіў самагонны апарат, за што мамка бясьсільна біла яго шлёпанцам па жываце. А ён толькі весела мружыўся і расстаўляў на кухне і бальконе пузатыя бутылі.

Піць і валяцца — вось гэта жытуха! Баця любіў гэтую справу. Асабліва за тое, што справай гэтая справа не зьяўлялася. Наклюкаўшыся на кухні, ён засынаў і стукаўся носам аб цырату на стале. Па ім распаўзалася кроў колеру маліны, а па кухоннай падлозе — баціна цела колеру недаваранага баршча: ружовае і гэткае ж роднае.

У адрозьненьне ад баці мы з Пальтом чамусьці толькі наглюківаліся. Садануўшы пару стапароў, нам так давала па мазгах, што Пальто пачынаў бачыць на кухонным шкафчыку голую матэматычку. А я — сабачку Жулю, каторая ўжо два гады як капыты адкінула. Аднойчы пад градусам я вельмі спалохаўся ўсіх гэтых прывідаў. Ужо і ня ведаў, што праўда, а што — не. І калі мама зайшла на кухню і адкрыла рот спытаць штосьці кшталту „Сірожа, вазьмі катлетку на пліце“, я схапіў бліжэйшую каструлю і хватануў ёй па мамінай галаве. Маміна галава стукнулася аб палічку. Палічка ўпала, стукнулася аб маміну нагу. Мама войкнула і схапілася за стол. Стол храбуснуў і накрыўся медным тазам. Мама нарэшце ўпала і, разьвітальна матлянуўшы рукой, зачапіла гэтай самай рукой маё вока са зрокам мінус 6. Я, канешне, не разгубіўся і, міргаючы сінеючым вокам, таксама паляцеў, заадно ёбнуўшы каструляй па акну. На вуліцы таксама было мінус 6. А патаму сьмерць акна не магла прайсьці міма баці, які храпеў тут жа, на тапчане. Халадок прабёг па ягонай валасатай сьпіне. Баця пукнуў, падняўся і расплюшчыў пальцамі свае два вока. І тады ўжо халадок прабёг па нашых з Пальтом няголеных падмышках. Баця дастаў з кішэні кулак і сабраўся ўжо прыкласьці яго між маімі двума кішэнямі, але Пальто выхапіў у мяне каструлю і насадзіў баце на галаву. Пасьля чаго той стаў падобны на рабакопа, калі б яго зьнімалі на „Беларусьфільме“. Праўда, галава ў пасудзіну ўлезла, а вось вухі не захацелі. Каструля была алюміневай, а патаму іх напалову адарвала і яны боўталіся, нібы два п’яных матылька экзатычнай расфарбоўкі. Я адразу ж выклікаў 03, прыехала прыгожая хірургічка і вельмі нават прыгожа прышыла вухі назад. Я яшчэ папрасіў, каб яна ўставіла нам акно. На што хірургічка спыталася: „Можа, вам і шпалеры паклеіць?“, — груба мацюкнулася і паехала прэч.

Наступіла цішыня. А потым наступіла гістэрыка: злая мама выкінула ў акно бутылі з самагонам, а баця — дарагі кітайскі сэрвіз. На нас зла ў іх ўжо не хапіла. І таму яны моўчкі абняліся і пайшлі спаць. З разьбітымі жыцьцямі, голавамі і акном.

Пасьля гэтай фэерыі баця перайшоў на піва. Мама стала ціхай. Голая матэматыца выйшла на пэнсію. Мы з Пальтом скончылі клас на тройкі. А каструлю здалі на мэталалом».

Ігар Бабкоў „Хвілінка“ (гісторыя „Паветраны шар“, 2014)

Трое маладых здаровых людзей напіваюцца бутэлькай мадэры так, што пераходзяць у іншую рэальнасьць. Ах, тыя гарадзкія!.. Ды нічога. Гэта мой улюбёны кавалак пра выпіўку ў беларускай літаратуры, калі не лічыць працытаванага Коласа. І заўважу мімаходзь: інтанацыя ў Ігара Бабкова ўсё ж больш коласаўская, чым купалаўская. Толькі яму аднаму ў Беларусі пад сілу, як мне здаецца, напісаць сучасную гарадзкую вэрсію „Новай зямлі“. Ілюстрацыя: Ян Вэрмэр «Келіх віна» (1660)​.

«Яны знайшлі ў шафе прайгравальнік і вялікую скрыню з кружэлкамі. На скрыні быў надпіс: у дапамогу агітатару і прапагандысту.

Падборка была адмысловая. Старыя рэвалюцыйныя песьні, запісаныя з сымфанічным аркестрам, чатыры кружэлкі. Прамова Леаніда Ільліча Брэжнева на ХХІV зьезьдзе КПСС. Малер, дзевятая сымфонія. Прамова Леаніда Ільліча Брэжнева на ХХV зьезьдзе КПСС. Булат Акуджава, песьні з кінафільмаў. Балеро Равэля. Паэма экстазу Скрабіна. Аўтэнтычны палескі фальклор з экспэдыцый Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук СССР. І канечне, Ала Пугачова.

Пачалі з фальклёру. Потым перайшлі да Акуджавы. Потым сьпявалі варшавянку, надрыўна і гераічна, са сьлязамі на вачах.

А потым Францішак прапанаваў танец дэрвішаў. Ён сказаў, што Балеро напісанае на аснове старых суфійскіх гімнаў. І, калі ў іх атрымаецца, яны патрапяць туды, дзе ўжо няма словаў.

Напэўна, у іх атрымалася, бо пасьля танца Багдан заціх бяз словаў, з шчасьлівым тварам, прыладкаваўшыся на дыванку каля шафы.

Далей быў канцэрт па заяўках.

Калі Францішак адважыўся запрасіць Эву Дамініку на танец, грала італьянскае рэвалюцыйнае. Яны пачалі досыць бадзёра, потым запаволіліся, напрыканцы ж перасоўваліся пад адно ім чутную музыку.

Мадэрка была зусім неблагая, сказаў Францішак, чамусьці паўшэптам.

Яшчэ крыху засталося, сказала Эва Дамініка. Трэба дапіваць і зьнікаць як найхутчэй, пакуль нас ня вылічылі.

Я ўжо працую над гэтым, сказаў Францішак. Ёсьць пэўныя тэхнікі. Надзвычай сакрэтныя. Якія дазваляюць мяняць месцамі фрагмэнты рэальнасьці.

Францішак казаў сур’ёзным голасам, і было няясна, ці ён працягвае свае жарцікі, ці сапраўды ёсьць плян і яны такі ўцякуць з гэтага фрагмэнту.

А яшчэ ягоная рука, што ляжала на таліі, спусьцілася крыху ніжэй.

І гэта яе хвалявала».

Аляксандар Лукашук „Кенгуру“ (з кнігі „Дзясяты паверх“, 2015)

Нягледзячы на суцэльную аўтарскую іронію, я тут адчуваю другое дно, моцна настальгічнае. To už se nevrátí, як сьпявае Гелена Вондрачкава. Былі часы і былі выпіўкі! І былі тосты… Ілюстрацыя: Эдуард Груцнэр «Тры манахі падмацоўваюцца» (1885).

«Калі мы выскачылі з аўтамабіля, знаёмыя галасы старшыні і парторга сустрэлі нас дружным воклічам: „На пасашок!“ У гэтым месцы праходзіла мяжа калгасу, і гаспадары не маглі адпусьціць госьця без аглаблёвай.

На капот узрувасьцілі скрыню з прыпасамі, забулькаў каньяк, усе чокнуліся й выпілі. Я прыгубіў і шукаў, як бы незаўважна выліць рэшту ў сьнег, калі быў схоплены на месцы злачынства.

— Ты камуніст? — спытаў парторг.

— Камсамолец.

— Тым болей. Што скажа камарад аташа?

— Вэнсэрэмас — мы пераможам! — нечакана адгукнуўся той.

— Пі, — падвёў рысу парторг.

Горш ужо ня будзе, падумаў я, і пад пільным наглядам інтэрнацыянальнай кампаніі ўліў у сябе шклянку. Пасьля ўсіх удараў дня каньяк быццам не падзейнічаў. Выпілі па другой і па трэцяй. Стала шумна, горача, нікуды ня трэба было сьпяшацца. Навокал то крычалі ў вуха, то ўвогуле зьнікалі. Хвілінная стрэлка на гадзіньніку скакала, як кенгуру.

Калі наша „Волга“ падкаціла да палаца культуры, грамадзкасьць даўно ўжо спрабавала разьбегчыся, але вопытныя арганізатары зачынілі дзьверы. (…) Госьця віталі ад імя гораду і раёну, кубінец выступіў у адказ, прычым, як мне здалося, па-гішпанску, але зразумела… (…) Я перастаў слухаць і страціў кантроль за зьменай прамоўцаў, пакуль раптам ня высьветлілася, што сам стаю за трыбунай і прамаўляю — безь паперкі.

— Узьняўшыся на вышыню, дзе ніколі не ступала нага чалавека, а цяпер разьвіваецца навукова-тэхнічны прагрэс і супрацоўніцтва дзеля міру ў цэлым сьвеце, у імя й на карысьць свабодалюбных сіл і народаў, якія цьвёрда сталі на шлях карэнных духоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў…

Фраза набухала, як цеста, у якое перадалі дражджэй, перавальвалася цераз край і валачылася сырымі бясформнымі камякамі. Безнадзейна згубіўшы назоўнік і ўсё больш вязнучы ў багне дадатковых сказаў, я вывернуў на свабодную яшчэ прастору азначэньняў і пусьціў сэрыю прыметнікаў:

— … правераных гісторыяй і вытрымаўшых выпрабаваньні часу непарушных братэрскіх повязяў трывалай усебаковай савецка-кубінскай і кубінска-савецкай дружбы, прысьвечанай…

Мяне цягнула ў пастку, як труса ўцягвае удаў. Абраны сынтаксіс бязьлітасна патрабаваў новага пад’ёму, а падымацца ўжо не было куды. Амаль не было. Грудзі напоўніліся паветрам:

— … Генэральнаму сакратару Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Старшыні прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР асабіста Леаніду Ільічу Брэжневу!»

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.