ЗША накіруюць на Блізкі Ўсход бамбавікі і ўдарную авіяносную групу як «выразнае і бескампраміснае» паведамленьне Ірану, заявіў памочнік прэзыдэнта ЗША па нацбясьпецы Джон Болтан. Ён адзначыў, што «любы напад на інтарэсы Злучаных Штатаў або іх саюзьнікаў сутыкнецца зь бязьлітаснай сілай».
Нарошчваньне ваеннай групоўкі ў рэгіёне Цэнтральнага камандаваньня ЗША ажыцьцяўляецца ў адказ на трывожныя «сымптомы і папярэджаньні», якія зыходзяць ад Ірану, гаворыцца ў паведамленьні.
Прадстаўнік амэрыканскіх уладаў, выступаючы на ўмовах ананімнасьці, заявіў журналістам, што разгортваньне заклікана прадухіліць любыя патэнцыйныя падрыхтоўкі да магчымых нападаў іранскай арміі на сілы ЗША ў рэгіёне. У той жа час чыноўнік адзначыў, што Злучаныя Штаты не чакаюць такога нападу ў найбліжэйшай будучыні.
«Злучаныя Штаты не імкнуцца да вайны з іранскім рэжымам, але мы цалкам гатовыя адказаць на любы напад як з боку зьвязаных з Іранам арганізацый, так і з боку Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі або рэгулярных войскаў Ірана», — падкрэсьліў Болтан.