Грамадзянін Беларусі, ураджэнец Берасьця Іван Марчук асуджаны ва Ўкраіне на тры гады і адзін месяц пазбаўленьня волі за ўдзел ва ўзброенай бандзе, якая ўчыняла рэйдэрскія напады на прадпрыемствы, выкарыстоўваючы зброю.
У прыватнасьці, беларусу інкрымінавалі ўдзел у нападзе з гранатамётам у Кіеве на будынак, дзе месьціцца рэдакцыя інтэрнэт-выданьня «Українська правда» (будынак належыць будаўнічай кампаніі «Київміськбуд»).
Як адзначаецца ў судовым рашэньні, Іван Марчук падпісаў угоду аб прызнаньні віны. Згодна з заканадаўствам, адвакаты могуць на працягу 30 дзён аспрэчыць вырак. Месца адбываньня пакараньня будзе вызначанае толькі пасьля таго, як прысуд набудзе юрыдычную моц.
Грамадзянін Беларусі быў затрыманы ў лістападзе 2018 году разам з васьмю іншымі асобамі, якія падазраваліся ў 8 рэзанансных злачынствах з выкарыстаньнем супрацьтанкавай зброі і незаконным продажам боепрыпасаў і выбухоўкі. Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, лідэрам злачыннай групоўкі быў грамадзянін Расеі. У часе дасудовага расьсьледаваньня ўстаноўленыя факты продажу 13 гранатамётаў, якія былі незаконна перамешчаныя з тэрыторыі правядзеньня апэрацыі Аб’яднаных сілаў на Данбасе.