У сьмерці на ўроку фізкультуры 8-гадовага вучня з Быхаўскага раёну Ягора Бабашкі мясцовы аддзел Сьледчага камітэту ў ходзе праверкі вінаватых ня выявіў і ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмовіў.
Пра гэта пісьмова паведамілі маці памерлага Вользе Бабашцы. У лісьце адзначана, што «на дадзены момант ня скончаная судова-камісійная экспэртыза». Зь яе вынікамі жанчыну паабяцалі пазнаёміць дадаткова.
Што здарылася ў вясковай школе і як памёр яе вучань
Трагедыя ў Лутчыцкай школе адбылася 19 кастрычніка 2018 году. Вучань трэцяй клясы Ягор Бабашка ўпаў і страціў прытомнасьць на спартовай пляцоўцы падчас бегу. Вярнуць яго да жыцьця выкліканая хуткая дапамога ня здолела.
У хлопчыка была прыроджаная анамалія будовы сэрца. За два гады да сьмерці яму выставілі дыягназ «Сындром WPW». На ўроках фізкультуры Ягор займаўся ў падрыхтоўчай групе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імгненнае спыненьне сэрца». Маці шукае праўду пра сьмерць сына на ўроку фізкультурыМаці памерлага ня верыць сьледчым
Вольга Бабашка сумняваецца ў тым, што праверка вялася аб’ектыўна. Яна нагадвае, што ёй давялося праз прэсу змушаць сьледчых, каб тыя паведамілі пра яе вынікі. У сакавіку, калі жанчына зьвярнулася на Свабоду, праверка доўжылася тры месяцы. На скаргі ў Сьледчы камітэт і пракуратуру маці памерлага не адказвалі.
Пасьля публікацыі на Свабодзе Вользе адпісалі з раённага Сьледчага камітэту, што абставіны сьмерці яе сына высьвятляюць менскія экспэрты. Быхаўскія сьледчыя разьбіраліся з пытаньнем, ці своечасова прыехала хуткая дапамога ў школу.
Як сьцьвярджае Вольга, мэдыкі прыехалі ў школу праз 40 хвілін пасьля выкліку. Акрамя таго яны не былі гатовыя да ратаваньня дзіцяці з сардэчным прыступам, бо ня мелі належнай камплектацыі мэдыкамэнтаў.
У лісьце Вользе з раённага аддзелу Сьледчага камітэту пра хуткую дапамогу ня згадваецца.
Пасьля публікацыі на Свабодзе праверку сьледчыя аднавілі
Жанчына лічыць, што да менскіх экспэртаў сьледчыя з Быхава зьвярнуліся пасьля публікацыі на Свабодзе з адказам на яе запыт афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Юліі Ганчаровай.
5 красавіка маці памерлага прыйшоў ліст раённага аддзелу, у якім яе паінфармавалі, што «па факце сьмерці Ягора Бабашкі праверка адноўленая, у сувязі зь неабходнасьцю дадатковых сьледча-працэсуальных дзеяньняў».
«Ягора сапраўды ня вернеш, але ёсьць іншыя дзеці з такімі самымі праблемамі. Пакараньне адказных асобаў за сьмерць майго сына будзе навукай іншым. Калі ж я акажуся вінаватай, то з гэтым буду жыць», — тлумачыла сваю пазыцыю Вольга Бабашка. Паводле яе зьвестак, у раёне такі самы дыягназ, як у сына, маюць яшчэ чацьвёра дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці памерлага на ўроку фізкультуры школьніка пазнаёмілі з ходам расьсьледаваньня пасьля публікацыі СвабодыЭкспэрты: «Сардэчная анамалія абвастрылася «ў спалучэньні зь фізычнай нагрузкай»
Трое не зьвязаных паміж сабой мэдыкаў на ўмовах ананімнасьці паведамілі Свабодзе, што WPW-сындром лечыцца або яго праявы блякуюцца мэдыкамэнтозна. Разам з тым яны адзначылі, што першы прыпадак гэтага сындрому можа быць апошнім для хворага, нават калі побач рэаніматоляг.
На думку экспэртаў, у выпадку зь Ягорам Бабашкам сардэчная анамалія абвастрылася «ў спалучэньні зь фізычнай нагрузкай». Яны настойваюць: каб выявіць усе абставіны сьмерці дзіцяці, неабходнае грунтоўнае дасьледаваньне і вывучэньне многіх «калямэдычных нюансаў».