У Індыі эвакуаваны мільён чалавек з прычыны цыклёну Фані

Улады Індыі заявілі аб посьпеху ў правядзеньні эвакуацыі больш за мільёна чалавек перад прыходам трапічнага цыклёну Фані.

У пятніцу цыклён дасягнуў штату Арыса на паўночным усходзе Індыі, дзе моцныя вятры і дажджы прывялі да гібелі ад 8 да 12 чалавек.

У Банглядэш было таксама эвакуавана больш за мільён чалавек перад прыходам цыклёну.

Цыклён Фані стаў адным з самых небясьпечных трапічных штормаў, якія абрыналіся на гэты рэгіён апошнімі гадамі.

Улады прыступілі да этапу вяртаньня эвакуаванага насельніцтва ў свае дамы, які працягнецца некалькі дзён.

Раніцай у суботу трапічны цыклён перамясьціўся на тэрыторыю Банглядэш, аднак ён паступова слабне — парывы ветру дасягаюць хуткасьці 70 км на гадзіну. Цяпер яму прысвоеная катэгорыя зоны нізкага ціску.

На піку сваёй сілы цыклён Фані прынёс з сабой залевы і вятры з хуткасьцю да 200 км на гадзіну.

Дзясяткі вёсак на ўзьбярэжжы Банглядэш затопленыя, паведамляюць мясцовыя ўлады.

У выніку шторму разбурана некалькі дамоў у акрузе Ноакхалі, дзе загінула двухгадовае дзіця і каля 30 чалавек атрымалі траўмы, паведаміў карэспандэнту Рэйтэр супрацоўнік мясцовых органаў улады.