Міністэрства замежных спраў і Міністэрства энэргетыкі Літвы накіравалі ў Эўракамісію зварот з заклікам распрацаваць плян дзеяньняў у дачыненьні да БелАЭС. Пра гэта паведаміла 3 траўня прэс-служба літоўскага МЗС.
На просьбу парталу TUT.BY гэты зварот пракамэнтаваў беларускі МЗС.
«З жалем чарговы раз вымушаны канстатаваць, што літоўскі бок зьвяртаецца да беспадстаўных і адкрыта хлусьлівых заяваў у дачыненьні да рэалізоўванага праекту Беларускай АЭС і прыманых захадаў забесьпячэньня яе бясьпекі», — гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.
«Мы хацелі б нагадаць, што Рэспубліка Беларусь ніколі не ўхілялася ад міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтых пытаньнях. Мы шырока выкарыстоўваем міжнародную экспэртызу і перадавы досьвед, цесна супрацоўнічаючы з МАГАТЭ і іншымі профільнымі агенцтвамі. Эўракамісія застаецца адным з асноўных нашых партнэраў у справе забесьпячэньня найвышэйшай ступені бясьпекі будучай станцыі», — адзначыў прэс-сакратар МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паксасу сказалі ў Беларусі: Астравецкая АЭС будзе запушчаная ў сьнежніБеларусь, працягнуў ён, неаднаразова заяўляла пра намер працягваць супрацоўніцтва з ЭЗ у гэтай сфэры і пацьвярджае яго. Правядзеньне стрэс-тэстаў будаванай станцыі паводле эўрапейскай мэтадалёгіі — таму сьведчаньне.
«Літоўскія спэцыялісты ўдзельнічалі ў партнэрскай праверцы стрэс-тэстаў Беларускай АЭС і выдатна ведаюць пра тое, што эўрапейскія рэгулятары ня выявілі праблемаў зь бясьпекай станцыі. Партнэрская праверка адзначыла шэраг належных практык і дала рэкамэндацыі што да далейшага павышэньня запасаў трываласьці АЭС», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.
«Такі клопат літоўскага боку аб бясьпецы ўсяго Эўрапейскага зьвязу, на наш погляд, мае зусім іншыя мэты — адцягнуць увагу ад вядомых складанасьцяў з вывадам з эксплюатацыі Ігналінскай АЭС і будаўніцтвам ядзерных могільнікаў ля мяжы зь Беларусьсю. Чым яшчэ можна апраўдаць ўхіленьне ад прапановы беларускага боку стварыць сыстэму маніторынгу ядзерных аб’ектаў, разьмешчаных на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў? » - падкрэсьліў прэс-сакратар МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя экспэрты заявілі, што праект Беларускай АЭС не адпавядае стандартам МАГАТЭПраект Беларускай АЭС, якая будуецца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі, ад самага пачатку яго рэалізацыі выклікаў жорсткую крытыку Літвы. У 2017 годзе літоўскі сойм прыняў закон, згодна зь якім БелАЭС прызнана пагрозай нацыянальнай бясьпецы краіны. Літоўскі ўрад ня мае намеру купляць электраэнэргію з атамнай станцыі і плянуе перашкаджаць спробам экспарту электраэнэргіі зь БелАЭС ў Эўразьвяз.