Да Манюшкі — праз КПП. Чаму памяць пра славутага кампазытара ў Беларусі патрэбная толькі энтузіястам

Бюст Станіслава Манюшкі ў «Музычнай гасьцёўні» Сьмілавічаў

5 траўня спаўняецца 200 гадоў Станіславу Манюшку — аднаму з самых славутых беларускіх кампазытараў. Гэтая падзея ўключаная ў сьпіс памятных датаў UNESCO.

Сьцісла

  • Памяць пра Манюшку ў савецкай Беларусі ўшанавалі дзякуючы польскаму дасьледчыку.
  • Кіраўніцтва санаторыю «Менсктрансу», на тэрыторыі якога месьцяцца рэшткі радавой сядзібы, не ў захапленьні ад турыстаў.
  • Адкрыцьцё музэйнай экспазыцыі ў «Музычнай гасьцёўні» засталося міжсабойчыкам арганізатараў.
  • Адзіны ў сьвеце музэй кампазытара створаны высілкамі настаўніка без удзелу дзяржавы.
  • Рэканструкцыю палаца ў Сьмілавічах распачаў прыватны інвэстар за ўласныя сродкі.

Пазнака пра гісторыка-культурную каштоўнасьць, санаторый «Волма»

Аўтар незьлічоных песень, опэр, апэрэт, балетаў, рэквіемаў зьявіўся на сьвет 5 траўня 1819 году ў фальварку Убель Ігуменскага павету (сучасны Чэрвеньскі раён). Да сёньня ад сядзібы нічога не засталося, толькі засыпаныя камяні падмуркаў ды фрагмэнт парку са старой таполяй — адзінай сьведкай колішняга жыцьця. Цяпер тут санаторый менскіх транспартнікаў «Волма» — з КПП і агароджай па пэрымэтры.

Новыя гаспадары кантралююць усіх, хто хоча трапіць да памятнага знаку ў дальнім кутку рэжымнага аб’екта. Пільныя супрацоўнікі дакладаюць пра чужынцаў дырэктару Дзьмітрыю Кабанаву, той учыняе фэйс-кантроль проста ля помніка. У пэрспэктыву зьяўленьня на падведамнай тэрыторыі дома-музэю ня верыць — маўляў, улады першыя адмовяцца, як падлічаць, колькі тая «хібара» будзе спажываць газу ды электрычнасьці.

Беларускі квэст польскага габрэя Фукса

Пачатак руйнаваньню сядзібы паклалі бальшавікі, якія зрабілі Убель цэнтрам рыбалавецкага калгасу. Пасьля ў панскіх пабудовах атабарылася школа, якую разбурылі немцы падчас карнай апэрацыі ў 1943 годзе. Завяршыла справу сацыялістычная безгаспадарнасьць. Гістарычнае месца зарасло лесам.

Памятны знак на беларускай і польскай мовах на месцы сядзібы

Аднак у сярэдзіне 1960-х з ініцыятывы польскага боку былы парадны ўваход у сядзібу быў абазначаны памятным знакам на беларускай і польскай мовах — на шыльдзе згадка пра знакамітага нараджэнца Убеля і нотны запіс некалькіх тактаў арыі зь ягонай опэры «Галька».

Чаму культурная адліга датаваная тым часам? Акурат тады Беларусь наведаў Марыян Фукс — польскі гісторык габрэйскага паходжаньня, дасьледчык творчасьці Станіслава Манюшкі. Падчас Другой усясьветнай вайны ён у складзе 1-й Варшаўскай танкавай брыгады ўдзельнічаў у баях зь сіламі вэрмахту пад Леніна на Магілёўшчыне і ў 1963-м быў запрошаны на 20-годзьдзе тае падзеі. Скарыстаўшыся нагодай, зьвярнуўся да партыйцаў з просьбай наведаць «легендарны Убель». І быў ашаломлены адказам: не ўяўляецца магчымым праз адсутнасьць хоць якіх геаграфічных зьвестак.

Старая таполя памятае Манюшкаў

У Польшчы гісторык падняў на ногі сяброў — вайсковых тапографаў. На падставе архіўных зьвестак пра землеўпарадкаваньне ў Рэчы Паспалітай тыя склалі плян мясцовасьці. Заручыўшыся падтрымкай Таварыства польска-савецкай дружбы, налета Марыян Фукс зноў вярнуўся, супаставіў дадзеныя і паразмаўляў зь мясцовымі жыхарамі. Так удалося адшукаць пахаваныя пад зямлёй парэшткі сядзібнага дому, а таксама старую таполю, гераіню замалёвак Напалеона Орды і Чэслава Манюшкі, бацькі будучай знакамітасьці. У 1966 годзе лапік пасярод лесу быў вычышчаны, а побач з дрэвам паставілі мэмарыяльную пліту.

Сьледам абласному начальству прыйшла ідэя закласьці ў жывапісным кутку дом адпачынку для работнікаў сталічнага трамвайна-тралейбуснага дэпо. У 1969-м абапал закінутых падмуркаў вырасьлі карпусы «Волмы». Цяпер, каб падысьці да памятнага знаку, трэба зарэгістравацца на вахце і мець пры сабе дакумэнты. На заўвагу, што першасны ўсё ж Манюшка, а санаторый ідзе да яго даважкам, кіраўнік установы рэагуе саркастычнай усьмешкай.

Сядзіба Манюшкаў і таполя. Малюнак Напалеона Орды

«Мяркую, тут нейкае непаразуменьне, — кажа Свабодзе намесьніца старшыні Чэрвеньскага райвыканкаму Ала Шахоцька. — Канечне, трэба браць пад увагу, што тэрыторыя падведамная, гэта ўласнасьць „Менсктрансу“. Але калі загадзя праінфармаваць кіраўніка, што прыедуць турысты, ня бачу, якія могуць быць праблемы. Проста пасьля зімы звычайна яшчэ мала наведнікаў, магчыма, гэта таксама трэба ўлічваць. Таму адміністрацыя і цікавіцца...»

Вырваны зуб перашкодзіў агульнаму сьвяту ў Сьмілавічах

Напярэдадні 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі ў Сьмілавічах, за паўтара дзясятка кілямэтраў ад санаторнага Убеля, у стандартным цагляным дамку а-ля вясковая пошта адкрылася музэйная экспазыцыя, прысьвечаная знакамітаму земляку.

Пару пакойчыкаў прытуліла «Музычная гасьцёўня», якая запрацавала ў будынку колішняй школы мастацтва дзякуючы гранту Эўразьвязу і падтрымцы Прадстаўніцтва ААН. Шыльды і афішы — выключна па-расейску, хоць сама дзея мае выразны беларускі зьмест.

«Музычная гасьцёўня» Манюшкі з музэйнай экспазыцыяй

Сярод экспанатаў — рэчы, знойдзеныя на месцы зруйнаванай сядзібы ў суседнім Убелі; лісты, малюнкі і фатаздымкі; строі герояў тэатральных пастановак, перададзеныя ў падарунак адміністрацыяй Нацыянальнай опэры ў Варшаве.

Атмасфэру музычнага сьвята падтрымлівалі навучэнцы Чэрвеньскай музычнай школы і інструмэнтальны калектыў «Ігуменскія крыніцы»: гучалі разнастайныя творы кампазытара — ад мазурак да калыханак.

Капэла «Ігуменскія крыніцы»

Свой унёсак рабілі вядомыя госьці. Заслужаны артыст Беларусі, заснавальнік і кіраўнік «Беларускай капэлы» Віктар Скорабагатаў падарыў музэйнай установе стос навуковых дасьледаваньняў і спэцыяльнай літаратуры пра кампазытара. Выдавец Язэп Янушкевіч прывёз самы поўны збор прыватнага ліставаньня Станіслава Манюшкі.

«Калі яшчэ адзначалася 190 гадоў Манюшкі, зьявілася ідэя выдаць такі збор ліставаньняў, — расказвае ён. — Бо яшчэ вялікі Анарэ дэ Бальзак казаў, што менавіта лісты ёсьць люстэркам душы кожнага чалавека. Безумоўна, цяпер кожны з нас мае мабільны тэлефон і хоць дзесяць разоў у дзень можа прызнавацца любай, як яе кахае. Паверце, Манюшка і тады не адставаў! ХІХ стагодзьдзе, а ён мог 2–3 разы на дзень пісаць лісты сваёй „каханай Омцы“, як ласкава называў жонку. Чытво вельмі захапляльнае».

Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў

Зрэшты, падзея так і засталася міжсабойчыкам арганізатараў. Месьцічы не маглі нават толкам патлумачыць, як трапіць у музэй. Адны пасылалі ў больш вядомую арт-прастору Хаіма Суціна, іншыя ківалі ў бок былога палаца. Агульны настрой сфармулявала пэнсіянэрка, якая сказала, што ёй вырвалі зуб, таму яна паняцьця ня мае, што робіцца навокал. Намесьніца дырэктара Польскага інстытуту Дарота Мамай выказала спадзяваньне, што ў пасёлку зьявіцца хоць адзін знак, каб не накручваць кругі ў бясплённых пошуках.

Заслужаны работнік культуры Польшчы і пустое месца на радзіме

Сьмілавіцкі музэй Манюшкі — і па сёньня адзіны ў сьвеце. 50 гадоў таму, пачуўшы пра адкрывальніка Убеля Марыяна Фукса, пра музэефікацыю слыннага земляка задумаўся настаўнік, краязнаўца Васіль Несьцяровіч.

Васіль Несьцяровіч, заснавальнік музэя Станіслава Манюшкі

Спачатку ён дамогся невялікага катушка ў школе пасёлку Азёрнага, дзе тады дырэктараваў. Экспазыцыя пашыралася: афішы, плякаты, паштоўкі, здымкі. Усё рабілася на грамадзкіх асновах, экскурсіі ладзілі вучні. Наведнікамі былі ня толькі госьці з саюзных рэспублік, а і з краін сацлягера. Але ў працэсе «аптымізацыі» навучальную ўстанову закрылі, музэй пераехаў у Чэрвень. Цяпер вось Сьмілавічы. Як наракае энтузіяст, падвышэньне ў статусе досыць спрэчнае: у школе экспазыцыя разраслася да чатырох пакояў, а ў «Музычнай гасьцёўні» займае толькі два.

За значны асабісты ўнёсак у захаваньне памяці вялікага кампазытара Васіль Несьцяровіч атрымаў званьне заслужанага работніка культуры Польшчы. А вось у Беларусі ягоны імпэт доўгі час падымалі на сьмех.

Канцэртныя строі герояў пастановак Манюшкі

​«Мне наш ідэоляг так і казаў: ну навошта табе той музэй? Манюшка быў памешчыкам, прыгнятаў людзей, — згадвае Васіль Васільевіч. — А калі разабрацца, Манюшкі давалі сялянам сваё прозьвішча, каб тыя хутчэй скінулі прыгоннае права. У вёсцы Убель, на другім баку ракі ад фальварку, і па сёньня жывуць Манюшкі. Да аднаго — Міколы Манюшкі — яшчэ за саветамі прыяжджалі палякі, каб запісаць успаміны. Дык кадэбісты папярэдзілі: толькі паспрабуй нешта сказаць, пашкадуеш».

Сьмілавічы ў жыцьці будучага кампазытара адыгралі такую ж важную ролю, як і Убель. У тутэйшым касьцёле, які да нашых дзён не захаваўся, але ўражвае на тагачасных малюнках, ён быў ахрышчаны. А велічны палац дзеда, Станіслава Манюшкі-старэйшага, настолькі запаў у памяць, што стаў месцам дзеяньня опэры «Страшны двор»: рэха старога гадзіньніка разносілася «срэбным звонам» пасярод гатычных сьценаў.

Фрагмэнт аўтэнтычнай агароджы сьмілавіцкага палаца

Дзясяткі гадоў фамільны палац занепадаў. Мінакі з асьцярогай праходзяць побач з аўтэнтычнымі фрагмэнтамі старой агароджы, якая рызыкуе заваліцца са струхнелых падмуркаў. Апошнімі кватарантамі тут былі навучэнцы сельскагаспадарчага тэхнікуму. Пад яго патрэбы будынак кардынальна і бяз жалю перабудоўвалі.

«Наконт палаца я біў у званы апошнія гадоў 15, а мо і болей, — кажа заўзяты прапагандыст спадчыны кампазытара, кіраўнік ансамблю салістаў „Вытокі“ Аляксей Фралоў. — Стаяў бяз даху, бяз вокнаў. Урэшце пачаў сыпацца, і немаведама, чым бы ўсё скончылася. Усім было напляваць, што набліжаўся 200-гадовы юбілей самага галоўнага кампазытара Беларусі ўсіх часоў у прынцыпе — іншага найлепшага і найгеніяльнейшага ў нас няма і, пэўна, у агляднай будучыні ня будзе. Проста плявалі на помнік, хай гіне».

Язэп Янушкевіч цытуе «Страшны двор» перад вежачкамі палаца

Урэшце знайшоўся прыватны інвэстар. Цяпер тут ідзе рэстаўрацыя. Вежачкі, у якіх у «Страшным двары» рэхам аддаваўся знакаміты гадзіньнік, ужо адноўленыя. Навейшую частку, дзе разьмяшчаліся бальная заля, карцінная галерэя, аранжарэя ды іншыя гасьцявыя памяшканьні, зашклілі вялікімі шыбамі.

Абарончая вежа ў рыштаваньнях

Стылізаваная старая абарончая вежа і суседнія пакоі пакуль у рыштаваньнях. Побач — дом для чэлядзі, там дагэтуль жывуць сьмілаўцы. Ці маюць адрамантаваць і яго, невядома. Як і тое, ці зьбіраецца новы гаспадар зрабіць адрамантаваны палац публічным месцам.

У доме для чэлядзі дагэтуль жывуць людзі

Ад службы ў Напалеона да менскага Дому масонаў

Пра гаспадароў убельскай сядзібы ўсё ведае Ірына Серада — загадчыца музэйнай экспазыцыі ў сьмілавіцкай «Музычнай гасьцёўні». Манюшкаву эстафэту яна падхапіла ад бацькі-пэнсіянэра — Васіля Несьцяровіча.

Убель у розны час належаў Бакштанскiм, Кежгайлам, Сапегам, Завішам, Агінскім, а ў канцы XVIII стагодзьдзя перайшоў Манюшкам. Менавіта тады на жывапісным беразе Волмы паўстала сядзіба і гаспадарчыя пабудовы — бровар, абора, стайня, аранжарэя, вежа-вяндлярня. Побач быў разьбіты парк з капліцай-пахавальняй. Малюнак дому сярод іншых памятак беларускай архітэктуры ёсьць у калекцыі мастака Напалеона Орды, цэлая нізка карцінак з натуры належыць пяру бацькі будучага кампазытара.

Ірына Серада (справа) расказвае пра Манюшкаў род

Неўзабаве пасьля расейска-францускай вайны, у якой Чэслаў Манюшка ваяваў на баку войскаў Банапарта, ён пакінуў вайсковую службу ў палку конных літоўскіх стралкоў і асеў у радавым маёнтку. Дом атрымаў у спадчыну ад бацькі, вайсковага судзьдзі Вялiкага Княства Лiтоўскага Станiслава Манюшкі.

У 1818-м Чэслаў ажаніўся з Альжбэтай Маджарскай, прадзед якой, Ян Маджарскі, займаўся вытворчасьцю слуцкіх паясоў (некалькі сучасных узнаўленьняў выстаўленыя ў Сьмілавічах). На наступны год у сям’і нарадзіўся сын Станіслаў. Маці хлопчыка была музыканткай і заклала пачатковыя веды для ягонай далейшай адукацыі.

Убельская сядзіба вачыма Напалеона Орды

Станіславу было 6 гадоў, калі сям’я пераехала ў Варшаву — бацькі рабілі ўсё, каб сын атрымаў добрую адукацыю. Але нястача прымусіла вярнуцца — галава сям’і за ўдзел у вайне на баку Напалеона мусіў сплачваць значную кантрыбуцыю. Манюшкі селяцца ў Менску на рагу Волацкай і Дамініканскай (цяперашнія Інтэрнацыянальная і Энгельса), нейкі час жылі на Сэмінарскім (Музычным) завулку ў вядомым Доме масонаў.

Навучэнцы Чэрвеньскай музычнай школы ў Сьмілавічах

Уцёкі ад татальнай русыфікацыі і беларусізацыя на чужыне

Хлопчык паступіў у адзіную на той час гарадзкую гімназію, якая месьцілася насупраць, у былым дамініканскім кляштары. Аднак дакумэнт аб заканчэньні так і не атрымаў.

Як удакладняе Ірына Серада, царская адміністрацыя распачала ў «паўночна-заходнім краі» татальную русыфікацыю, польскія школы зачыняліся, старыя кадры замяняліся камандзіраванымі з усходніх губэрняў. Да таго ж за ўдзел у антырасейскім паўстаньні 1830–31 гадоў Чэслаў Манюшка быў пазбаўлены прывілеяў шляхты. Стася выпраўляюць у Бэрлін, дзе ў музычнай акадэміі ён авалодаў дырыгенцкім майстэрствам, пачаў складаць уласныя творы.

Афіша опэры «Галька»

Ад 1840 году ён жыў у Вільні, служыў арганістам у касьцёле Сьвятога Яна, пісаў музыку, выкладаў. Рэгулярна наведваўся ў Менск, дзе па салёнах ладзіліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі — «Канторшчыкі», «Габрэйскі рэкруцкі набор», «Лятарэя».

У гэты час пачалося сяброўства з драматургам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, якое вылілася ў опэрныя прэм’еры: «Спаборніцтва музыкаў», «Чароўная вада». Эпахальнай падзеяй стала іх сумесная пастаноўка ў Менскім гарадзкім тэатры ў лютым 1852 году камічнай опэры «Ідылія» («Сялянка») — з прафэсійнай сцэны ўпершыню загучала беларуская мова. Расейскія ўлады спэктакль адразу ж забаранілі.

Прафэсар Віктар Скорабагатаў у гонар той падзеі ініцыяваў усталяваньне мэмарыяльнай шыльды. Будынак тэатру быў разбураны ў 1984 годзе, павесіць дошку ён прапануе на гатэлі «Эўропа», частка якога стаіць на гістарычных падмурках.

Кампазытар і опэрныя актрысы, задзейнічаныя ў пастаноўках

Станіслаў Манюшка — таксама і нацыянальны герой Польшчы, дзе яго шануюць несумненна больш, чым у Беларусі. На пачатку году ягоным імем названы цэнтральны варшаўскі вакзал. У Варшаву Манюшка пераехаў зь Вільні, здабыўшы эўрапейскую славу, і да апошніх дзён быў тут за дырыгента ў опэрным тэатры, які сам і ўзначальваў. Яшчэ пры жыцьці стаў клясыкам польскай опэры, стварыў самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры. 4 чэрвеня 1872-га разьвітацца з маэстра прыйшлі 100 тысяч жыхароў гораду. Манюшку было 53 гады.

Рукапісны аркуш опэры «Сялянка»

У ягоным творчым здабытку — больш за два дзясяткі опэр, апэрэт, балетаў. У ліку амаль паўтысячы песень ёсьць, напрыклад, «Паходная песьня літвінаў» на словы беларускага паэта Ўладзіслава Сыракомлі.

Праект аднаўленьня сядзібы распрацавалі яшчэ ў 1980-х

Магчымасьць адбудаваць маёнтак шырока не абмяркоўваецца, хоць адпаведная праектная дакумэнтацыя была распрацаваная яшчэ на мяжы 1980–90-х. З ініцыятывай стварыць музычную гасьцёўню Станіслава Манюшкі на ягонай радзіме ў Убелі выступіў 30 гадоў таму старшыня Беларускага фонду культуры Ўладзімер Гілеп. Праект зрабіла рэстаўрацыйная майстэрня Міністэрства культуры, падрыхтавалі гістарычную даведку, правялі археалягічныя раскопкі.

Праектная прапанова архітэктара Ўладзімера Зелянкевіча

Меркавалася аднавіць у поўным аб’ёме дом і гаспадарчыя пабудовы — як на замалёўках Напалеона Орды. Але на пачатку безграшовых 1990-х амбітны праект паклалі ў шуфляду. Тым ня меней дакумэнтацыя захоўваецца, у любы момант да яе можна вярнуцца. Адзінае — трэба пералічыць каштарысы з савецкіх рублёў на беларускія, зрабіць папраўкі на сучасныя матэрыялы і г.д.

Пры гэтым Уладзімер Гілеп перакананы: музычная гасьцёўня не пуставала б — адзін санаторый круглы год здольны пастаўляць тысячы наведнікаў. Гэта ня лічачы шматлікіх аматараў творчасьці вялікага музыкі.

КПП санаторыя «Волма»

«Канечне, сёньня дзяржава наўрад ці ў стане адужаць такі праект, — кажа ён. — Але калі мэтанакіравана падтрымліваць інтарэс, мяркую, зьявіцца і спонсар, мэцэнат. Літаральна побач, за лічаныя мэтры, — дом адпачынку, які будзе забясьпечваць наведнікаў музычнай гасьцёўні: пастаяльцы там мяняюцца кожныя 10–15 дзён. Ну, і суседнія вёскі па цяперашніх часах немалыя. Плюс госьці зь Менску, іншых гарадоў, якія з прыемнасьцю наведвалі б канцэрты, прысьвечаныя Манюшку. Дый ня толькі яму...»

Верыць у добрыя пэрспэктывы і загадчыца Музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі Зінаіда Кучар. Падчас адкрыцьця экспазыцыі ў сьмілавіцкай «Музычнай гасьцёўні» яна выказала спадзеў, што наступная гадавіна Манюшкі будзе адзначаная менавіта ў Убелі.

Музэйны работнік Зінаіда Кучар

«Безумоўна, гэта добра, што Сьмілавічы атрымаюць яшчэ адзін адрас для разьвіцьця культурнага турызму, — адзначыла яна. — Але ў мяне ёсьць адно жаданьне: каб на 205-гадавіну з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі мы нарэшце змаглі б трапіць у інтэр’еры убельскай сядзібы. Ну і, натуральна, раз ужо сабраліся ў Сьмілавічах, было б выдатна, каб тутэйшы палац ня толькі цешыў вока месьцічаў і турыстаў, а пачаў прымаць наведнікаў, аматараў творчасьці нашага вялікага сучасьніка».

У Польшчы ўпаўнаважаным па арганізацыі сьвяткаваньня Году Манюшкі прызначаны Вальдэмар Дамброўскі — экс-міністар культуры, кіраўнік Вялікага тэатру (Нацыянальнай опэры). Заплянаваныя сотні разнастайных імпрэзаў — ад опэры «Галька» ў італьянскай вэрсіі, пра якую мроіў аўтар, але мара рэалізавалася толькі праз паўтара стагодзьдзя, да розных тэматычных вечарынаў.

Шыльда на памятным знаку ў Убелі

Цягам траўня адбудзецца міжнародны вакальны конкурс імя Манюшкі з удзелам салістаў з 50 краінаў, а ў касьцёлах пройдуць фэстывалі ягоных твораў духоўнай тэматыкі. Увосень заплянаваны маштабны музыказнаўчы кангрэс з удзелам адмыслоўцаў з усяго сьвету.

У самой Беларусі, адкуль родам Станіслаў Манюшка, ягоную спадчыну прапагандуюць перадусім энтузіясты, дзяржаўны ўдзел па-ранейшаму сьціплы. Дый што казаць, калі ў спэцыялізаваных установах да нядаўняга часу творчасьць кампазытара вывучалася ў разьдзеле «Замежная музыка».