Расейскі закон пра адключэньне ад інтэрнэту не адаб’ецца на Беларусі, — міністар сувязі

Ілюстрацыйнае фота

Міністар сувязі Беларусі Канстанцін Шульган заявіў на прэс-канфэрэнцыі 2 траўня, што расейскі закон пра «забесьпячэньне ўстойлівай працы» расейскага сэгмэнту сеціва не паўплывае на Беларусь, піша БелТА.

«Прыняцьце гэтага закону ніяк не адаб'ецца на працы беларускага сэгмэнту інтэрнэту», — заявіў Шульган.

Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб магчымай ізаляцыі расейскага інтэрнэту 1 траўня, ён набудзе моц 1 лістапада. Шэраг яго палажэньняў, у тым ліку аб нацыянальнай сыстэме даменных імёнаў, пачне дзейнічаць з 2021 году.

Закон ніяк не закранае Беларусь наўпрост, ні да чаго не абавязвае беларускія ўлады і прыватныя кампаніі. Але праз Расею ідзе значная частка зьнешняга трафіку Беларусі, беларусы карыстаюцца шматлікімі расейскімі сэрвісамі, якія могуць стаць недасяжнымі, калі Расея вырашыць перайсьці на «сувэрэнны інтэрнэт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супраць гэтага вар’яцтва». У Маскве прайшоў мітынг нязгодных з законам аб сувэрэнным інтэрнэце