На мапах кампаніі Google зьявілася магчымасьць фармаваць маршруты на грамадзкім транспарце ў Менску.
Трэба толькі выбраць пачатковы і канечны пункт, а ў якасьці спосабу перасоўваньня выбраць кнопку з малюнкам электрычкі — між машынай і пешаходам. Можна таксама націснуць на прыпынак і паглядзець расклад транспарту на ім.
Функцыя зьявілася як у вэб-вэрсіі мапаў, так і ў мабільных праграмах. Шукаюцца маршруты аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, мэтро і маршрутных таксі — апошнім аддаецца прыярытэт, калі іншым транспартам трэба шмат перасадак або паездка задоўгая.
Пошук маршрутаў з грамадзкім транспартам пакуль не працуе ў іншых гарадах Беларусі. Але можна шукаць транспарт, які ходзіць зь Менску ў прыгарады: напрыклад, Google падкажа, як даехаць зь Менску на маршрутцы ў Бараўляны ці на электрычцы ў Дзяржынск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі двойчы папрасілі Google правільна называць беларускія гарады і вуліцыГод таму ў расейскай праграме «Яндэкс.Транспарт» зьявілася функцыя адсочваньня менскага транспарту ў рэальным часе — такой пакуль няма ў Google. Гэтымі зьвесткамі дзеліцца зь «Яндэксам» дзяржаўны «Мінсктранс». У 2014 годзе на кароткі час «Мінсктранс» даў гэтыя зьвесткі ўсім распрацоўшчыкам праграмаў, але неўзабаве закрыў доступ да лякацыі транспарту ў рэальным часе, а адкрыў праз чатыры гады толькі для адной кампаніі — «Яндэкс».
Іншыя праграмы і сэрвісы ня маюць функцыі адсочваньня транспарту ў рэальным часе. Але шэраг праграмаў, як і Google, прапануе расклад транспарту — і ня толькі ў Менску, але і іншых гарадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі сельскагаспадарчы інстытут прадставіў «аналяг Google Maps». І тут жа закрыў яго