Прэзыдэнт Грузіі выступіла супраць разьмяшчэньня ў краіне вайсковых базаў ЗША

Кіраўніца Грузіі Саламэ Зурабішвілі

Кіраўніца Грузіі Саламэ Зурабішвілі лічыць немэтазгодным разьмяшчэньне ў краіне амэрыканскіх вайсковых базаў, на чым настойваюць многія грузінскія палітыкі. Пра гэта грузінская лідэрка заявіла ў інтэрвію радыёстанцыі «Голас Амэрыкі».

Грузіі ня трэба рабіць крокаў, якія могуць быць расцэненыя як правакацыі і, магчыма, выклічуць «рэакцыю як з боку Расеі, так і з боку... тэрарыстычных рухаў, вельмі актыўных у гэтым рэгіёне», адзначыла Зурабішвілі. Яна таксама нагадала пра тое, што ЗША ніколі не зьвярталіся да грузінскага кіраўніцтва з прапановай аб разьмяшчэньні вайсковых базаў у Грузіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканцы не пабудуюць у Польшчы «Форт Трамп», супраць якога былі Лукашэнка і Пазьняк

Апазыцыя выказала пратэст і зьдзіўленьне заявай прэзыдэнткі. Адзін з заснавальнікаў парлямэнцкай партыі «Эўрапейская Грузія», былы сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Гіга Бакерыя сказаў журналістам, што Саламэ Зурабішвілі, кандыдатуру якой у ходзе леташніх выбараў падтрымала кіроўная партыя «Грузінская мара», «гуляе на руку Уладзіміру Пуціну, выступаючы супраць разьмяшчэньня вайсковых базаў дружалюбнай дзяржавы, здольнай абараніць краіну ад чарговай расейскай агрэсіі».