Расейскае прыватнае інфармагенцтва «РосБалт» сьцьвярджае, што крыніца ў беларускіх спэцслужбах раскрыла сапраўдныя прычыны затрыманьня Андрэя Ўцюрына, якое афіцыйна яшчэ не пацьвярджалі і не абвяргалі.
Шэраг беларускіх СМІ 29 красавіка паведаміў са спасылкай на ўласныя крыніцы пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына — дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Беларусі, былога начальніка аховы Аляксандра Лукашэнкі. Позна ўвечары 30 красавіка зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца». Затрыманьне афіцыйна не пацьвярджалася і не абвяргалася.
Паводле крыніц «Росбалт», Уцюрын сапраўды затрыманы. Сьцьвярджаецца, што:
- «Уцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія „зьлівы“ інфармацыі расейскім ФСБ і ФСО»;
- «ягоныя сувязі дасталіся яму „ў спадчыну“ зь мінулага: ён сам расеец, вучыўся, працаваў і сябраваў з калегамі з расейскіх спэцслужбаў»;
- «апошнія 25 гадоў Уцюрын уваходзіў у самае блізкае кола зносінаў Лукашэнкі»;
- «малодшы сын Лукашэнкі Мікалай літаральна рос на руках у татавага ахоўніка»;
- «пагаворваюць пра змову», але падобна, што «справа ўсё ж у занадта блізкіх стасунках Уцюрына з расейскімі спэцслужбамі»;
- расейскага амбасадара Бабіча «прыбралі заадно» з Уцюрыным, і «наўрад ці гэта выпадкова»;
- нібыта выкрылі «цэлую антылукашэнкаўскую змову, ядром якой была група з 5-6 генэралаў і палкоўнікаў, у асноўным з сыстэмы Мінабароны і МУС», якая мела за мэту «недапушчэньне перавыбраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта» і разглядала варыянты ажно да «фізычнай ліквідацыі»;
- «рухавіком ідэі» нібыта быў старэйшы сын Аляксандра Лукашэкі Віктар, у асобе якога «бачылі альтэрнатыву», але гэта ён нібыта і «зьліў інфармацыю пра змову»;
- нібыта выкрытая змова магла быць «інспіраваная Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным найбліжэйшым атачэньнем» каб «узмацніць КДБ» і «ўзмацніць ціск на Расею».
Афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Андрэй Яраш на просьбу Свабоды пракамэнтаваць гэтую вэрсію адказаў: «Без камэнтароў».