Сёньня ў Кангрэсе ЗША былі ўручаныя мэдалі кангрэсмэнам Крыстафэру Сьміту і Джону Шымкусу, якія шматгадова ўздымалі беларускае пытаньне ў ЗША і падтрымлівалі беларускія дэмакратычныя арганізацыі.
Уручалі ўзнагароды кіраўнік Вашынгтонскага аддзелу БАЗА Слава Бортнік і прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Як раней паведамлялася, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалём у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі групу асобаў зь Беларусі і замежжа.
Мэдаль зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР і «ўручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 году, у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
Узнагароды будуць уручацца цягам 2019 году.