Што зьменіцца ў Беларусі ў траўні

Ілюстрацыйнае фота

Павялічылі бюджэт пражытковага мінімуму, пэнсіі і сацыяльныя дапамогі. Свабода сабрала зьмены, якія адбыліся ў Беларусі 1 траўня.

Сьцісла:

  • Павялічылі бюджэт пражытковага мінімуму.
  • Павялічацца пэнсіі.
  • Банкі увялі камісію за зьняцьцё наяўных​ і прагляд балянсу.
  • Пэнсіянэры змогуць езьдзіць у электрацыях са зьніжкай.

Павялічылі бюджэт пражытковага мінімуму

Ад 1 траўня павялічыцца на 7,12 рубля бюджэт пражытковага мінімуму, ён складзе 224,02 рубля. Адначасова зь ім зьмяняюцца памеры дапамогі на дзяцей:

  • за нараджэньне першага дзіця будуць даваць 2240,2 рубля;
  • за нараджэньне другога і наступных — 3136,28.

Калі жанчына стане на ўлік у дзяржаўнай установе аховы здароўя да 12 тыдня цяжарнасьці, яна адзінаразова атрымае дапамогу 224,02 рубля.

Вырастуць пэнсіі

Таксама павялічацца працоўныя і сацыяльныя пэнсіі, а таксама надбаўкі беларусам ад 75 гадоў. Гэтыя выплаты прывязаныя да бюджэту пражытковага мінімуму. У сярэднім яны вырастуць на 25 рублёў.

Пры тым сярэдні памер пэнсіяў па ўзросьце ў лютым склаў 393,5 рубля (плюс 2 капейкі да студзеня), а сярэдні налічаны заробак — 977,6 рубля (мінус чатыры рублі). Гэта значыць, сярэдняя пэнсія складала роўна 40% ад сярэдняга заробку (калі дадаць 25 рублёў, будзе ўжо 42,8%).

Калі пералічваць у даляры, пэнсіі ў Беларусі з 2010 году ня вырасьлі, а нават зьнізіліся на 9 даляраў. Падвышэньне на 25 рублёў дазволіць вярнуцца на ўзровень дзевяцігадовай даўнасьці.

Банкі увялі камісію за зьняцьцё наяўных​ і прагляд балянсу

Ад 1 траўня «Альфа-Банк» уводзіць месячныя ліміты на зьняцьцё ў сваіх банкаматах гатоўкі па картках, выпушчаных у межах «Набораў прывілеяў»:

  • 5000 рублёў;
  • 2500 даляраў ці эўра.

Ліміты на зьняцьцё наяўных з карткі «Альфа-Банку» ў банках-партнэрах складуць ад 100 да 600 рублёў у залежнасьці ад набору прывілеяў. Ліміты на наяўныя ў іншых банках будуць складаць ад 100 да 1200 рублёў.

Зьмены не закрануць кліентаў, якія абслугоўваюцца ў межах іншых праектаў.

Ад 2 траўня уладальнікі картак «Белінвэстбанку» без камісіі змогуць здымаць:

  • 5000 рублёў;
  • 2500 даляраў ці эўра;
  • 150 000 расейскіх рублёў.

Калі кліент банку перавысіць ліміт, банк возьме камісію 0,5% у валюце рахунку — мінімум:

  • 2 рублі;
  • 3 даляры ці эўра;
  • 30 расейскіх рублёў.

Таксама «Белінвэстбанк» будзе браць камісію за прагляд балянсу ў банкаматах і інфакіёсках. 4-ы за месяц і кожны наступны прагляд будуць каштаваць:

  • 25 капеек;
  • 0,15 даляра ці эўра;
  • 10 расейскіх рублёў.

Пэнсіянэры змогуць езьдзіць у электрычках са зьніжкай

Ад 1 траўня пэнсіянэры змогуць езьдзіць у электрычках з 50% зьніжкай, яна будзе дзейнічаць да канца верасьня.

Каб набыць квіток са зьніжкай, трэба мець пэнсійнае пасьведчаньне. Гэты ж дакумэнт трэба мець падчас праезду ў цягніку рэгіянальных ліній эканом-клясы.