Новая першая лэдзі Ўкраіны сур’ёзна ставіцца да барацьбы за свабоду — інтэрвію Зяленскай

На стадыёне Алімпійскі ў Кіеве, 19 красавіка 2019

Будучая першая лэдзі Ўкраіны Алена Зяленская пісала для тэлебачаньня жарты, у прыватнасьці, дзякуючы якім яе мужа Ўладзіміра Зяленскага абралі прэзыдэнтам Украіны. Аднак, паводле яе словаў, яна бяз жартаў падтрымлівае свабоду і дэмакратыю. Так піша журналістка The Daily Beast Ганна Нямцова ва ўступе да свайго інтэрвію з Аленай Зяленскай.

У інтэрвію Зяленская запэўніла, што яе муж прытрымліваецца прынцыпаў дэмакратыі і яму будзе лёгка стаць «слугой народу». Яна адзначыла, што зараз ёсьць шмат спробаў меркаваць пра яе мужа паводле вызначанага шаблёну, абмяркоўваць зьнешні выгляд і кожны жэст яе і яе мужа. «Вы прывыклі да савецкай намэнклятуры», — кажа Зяленская, зазначаючы, што чалавек павінен заставацца чалавекам.

Зяленская настойвае: Уладзімір Зяленскі ня будзе марыянэткай. Яна нагадала, што Зяленскі супрацьстаяў спробам цэнзуры шоў з боку алігарха.

У інтэрвію Зяленская назвала часы анэксіі Расеяй ўкраінскага Крыму «трагічнымі»і ўспомніла пра часы, калі яе муж езьдзіў з шоў для вайскоўцаў каля лініі разьмежаваньня.

Зяленская падзялілася сваім поглядам на тое, як новы прэзыдэнт будзе плянаваць зносіны з Пуціным. Яна адзначыла, што наўпроставых двухбаковых перамоваў ня варта чакаць неўзабаве, аднак новы прэзыдэнт гатовы весьці перамовы з Пуціным у прысутнасьці міжнародных лідэраў.

Першая лэдзі сур’ёзна ставіцца да барацьбы за свабоду, асабліва да свабоды слова, піша журналістка. Яе голас быў цьвёрдым і ўпэўненым, калі яна казала аб забойствах журналістаў і актывістаў, асабліва Паўла Шарамета і Кацярыны Гандзюк. Яна таксама выказала надзею на тое, што будзе дасягнутае правасудзьдзе ў расьсьледаваньні страляніны падчас Майдану, гаворыцца ў артыкуле.

Алена Зяленская нарадзілася ў Крывым Розе ў 1978 годзе і вучылася з будучым мужам у адной школе ў паралельных клясах. Мае будаўнічую адукацыю, хаця паводле спэцыяльнасьці не працавала, а стварала тэксты для студыі «Квартал 95».