У дзяржаўным сакратарыяце Рады бясьпекі, КДБ не камэнтуюць інфармацыю пра затрыманьне намесьніка дзяржсакратара Андрэя Ўцюрына.
У дзяржаўным сакратарыяце Рады бясьпекі наконт зьвестак пра затрыманьне Ўцюрына сказалі наступнае:
«Гэтыя зьвесткі мы не камэнтуем, глядзіце ўказ пра Ўцюрына ў адкрытым доступе, а ўсе пытаньні — да сьледчых органаў».
Атрымаць больш падрабязную інфармацыю, пра які ўказ вядзецца, не ўдалося. На афіцыйным партале pravo.by, дзе зьмяшчаюць указы кіраўніка дзяржавы, апошні ўказ са згадкай намесьніка дзяржсакратара Андрэя Уцюрына быў прыняты яшчэ 10 студзеня 2018 года. У дзяржсакратарыяце Рады бясьпекі ня выключылі, што ўказ, пра які гаворка, яшчэ не апублікаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі, былы начальнік аховы Лукашэнкі, — СМІУ КБД пра Ўцюрына адказалі: «Без камэнтароў».
«Не валодаю такой інфармацыяй», — сказаў Свабодзе пра меркаванае затрыманьне намесьніка дзяржсакратара Ўцюрына афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.
Пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына, намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі, які раней 8 гадоў узначальваў службу аховы прэзыдэнта, паведамілі 29 красавіка шэраг недзяржаўных мэдыя са спасылкай на ўласныя крыніцы. Паводле гэтых крыніц, Андрэй Уцюрын падазраецца ў хабарніцтве ў вялікім памеры, на яго заведзеная крымінальная справа, маёмасьць сілавіка апісаная. Затрыманьне Андрэя Ўцюрына нібыта праводзілі супрацоўнікі КДБ.