Намесьнік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Дзяніс Жыбуль выступіў супраць будаўніцтва шматпавярховага паркінгу на 900 машына-месцаў, які «Менскграда» прапануе пабудаваць у сталіцы паміж вуліцамі Кісялёва і Чычэрына (непадалёк ад «Белай вежы»).
Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, бо раней супраць будаўніцтва шматлікіх паркінгаў у цэнтры Менска выступалі жыхары, а чыноўнікі звычайна ўхвалялі ўсе праекты «Менскграду» (як гэта было нядаўна ў Першамайскім раёне сталіцы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўная заля, абурэньне, рогат. Як у Менску абмяркоўвалі ўшчыльненьне кварталу 7 паркінгамі. ФОТАПраект прадстаўлялі 5 архітэктараў для 5 чыноўнікаў і зацікаўленых
У адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы 29 красавіка прайшло грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў межах вуліцы Багдановіча — праспэкта Машэрава — вуліц Куйбышава і Кісялёва. Квартал знаходзіцца ў цэнтры гораду і прымыкае да Асмалоўкі.
Праектавальнік — «Менскграда» — «прытупіў пільнасьць» мясцовых жыхароў, падкрэсьліўшы ў анонсе прэзэнтацыі, што на тэрыторыі праекту жытло захаваецца ў нязьменным выглядзе, новых шматпавярховых дамоў будаваць ня будуць, колькасьць жыхароў не павялічыцца. А вось вытворчая зона (тэрыторыя былога заводу «Гарызонт») скароціцца.
Таму, магчыма, асаблівай цікавасьці ні ў мясцовых жыхароў, ні ў СМІ абмеркаваньне праекту дэталёвай плянаваньня ня выклікала. У прасторнай актавай залі раённай адміністрацыі — пяць спэцыялістаў «Менскграда», два прадстаўнікі райвыканкаму, два — холдынгу «Гарызонт», двое журналістаў і пара цікаўных мясцовых жыхароў.
Старыя пабудовы зьнясуць, спартовы комплекс «Гарызонту» будзе рэканструяваны
Начальнік архітэктурна-плянавальнай майстэрні УП «Менскграда» Міхаіл Друшчыц з энтузіязмам расказаў, што ў квартале праектуецца яшчэ адна вуліца, якая злучыць Чычэрына з Куйбышава (паміж дамамі 41 і 45 на Куйбышава), каб увесь транспарт не выяжджаў на Чычэрына і Кісялёва.
Будзе зьнесены досьледна-экспэрымэнтральны завод тэхналягічнага абсталяваньня (пр. Машэрава, 15, — вул. Чычэрына, 20).
Зьнясуць і некаторыя гаспадарчыя пабудовы «Гарызонту».
Былы вытворчы корпус холдынгу «Гарызонт» уздоўж праспэкту Машэрава пакуль не выкарыстоўваецца, але ў будучыні тут разьмесьцяць дасьледчы і выпрабавальны цэнтар тэлевізіі і электронікі, лічбавыя лябараторыі, іншыя аб’екты. На першых паверхах будуць крамы, кавярні.
А вось спартовы комплекс з басэйнам уздоўж вуліцы Куйбышава, які сёньня таксама ў запусьценьні, будзе рэканструяваны і застанецца спартовым аб’ектам.
У плянах паркінг на 900 машына-месцаў
На месцы цяперашніх гаспадарчых пабудоваў «Гарызонту», якія зьнясуць, плянуецца ўзьвесьці шматпавярховы гараж-стаянку, расказаў архітэктар Міхаіл Друшчыц.
Паркінг плянуецца пабудаваць на 900 машына-месцаў. Прычым два паверхі будуць падземныя і разьмесьцяцца пад новай вуліцай, а надземная частка ў вышыню будзе ўпоравень з астатняй забудовай.
«Паркінг будзе для работнікаў „Гарызонту“ (у дзённы час) і для мясцовых жыхароў (у начны час). Разьлік быў зроблены на падставе зыходных дадзеных. Менавіта столькі парковачных месцаў патрэбна.
Раней колькасьць машына-месцаў разьлічваліся паводле колькасьці насельніцтва, цяпер — па плошчы. На кожныя 14 квадратных мэтраў карыснай плошчы павінна быць адно парковачнае месца, гэта ўсясьветны досьвед. Для жыхароў гэтага раёну патрабуецца ўсяго 131 машына-месца, бо жылых дамоў у квартале няшмат. А вось пад даволі вялікую тэрыторыю „Гарызонту“ неабходна больш за 700 парковачных месцаў, гэта разьлічвалася згодна з нарматывамі», — тлумачыць архітэктар «Менскграда» Міхаіл Друшчыц.
«Зацьверджанага праекту вы не атрымаеце»
Маштабы паркінгу вельмі зьдзівілі і прадстаўнікоў «Гарызонту», і чыноўнікаў з раённай адміністрацыі.
«Ды ў нас наагул няма праблем з паркоўкамі! І народу на заводзе працуе зусім няшмат. Навошта гэты паркінг? Дзе вы знойдзеце інвэстара? А наш завод яго не пацягне», — абураюцца прадстаўнікі «Гарызонту».
«Навошта тут такая вялікая паркоўка? Нават у вялізным новым жылым комплексе „Менск-Мір“ паркінг плянуецца на 780 машына-месцаў, а тут у ціхім цэнтры — ажно на 900! Хто яго будзе будаваць?» — пытаецца намесьнік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёну Дзяніс Жыбуль.
Тут высьветлілася, што ў праектаваным квартале заплянавана пабудаваць яшчэ адзін паркінг — на 400 месцаў.
Усе пяцёра прадстаўнікоў «Менскграда» яшчэ доўга пераконвалі прысутных, што ўсе разьлікі рабіліся ў адпаведнасьці з нарматывамі, зацьверджанымі Саветам Міністраў і бяз гэтых паркінгаў праект ня пройдзе экспэртызы.
Намесьнік старшыні райвыканкаму Дзяніс Жыбуль абурыўся: «Калі вы хочаце чыесьці памылкі прыкрыць паркінгам — я вам гэтага зрабіць ня дам. Хто сёньня 9 мільёнаў даляраў укіне ў паркоўку? Прыбярыце паркінг — няхай гэтыя 900 машына-месцаў не мазоляць вочы!
Лічыце, што прэзэнтацыя не прайшла. Зацьверджанага праекту вы не атрымаеце», — падвёў вынік грамадзкага абмеркаваньня ПДП чыноўнік.
Пасьля доўгіх спрэчак вырашылі, што холдынг «Гарызонт» павінен падаць новыя разьлікі, колькі парковачных месцаў неабходна. А потым зноў вернуцца да разгляду праекту дэталёвай пляніроўкі кварталу межах вуліцы Багдановіча — праспэкта Машэрава — вуліц Куйбышава і Кісялёва.